Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даклад: на зьмену «Ісламскай дзяржаве» ў Сырыі гатовыя прыйсьці яшчэ 15 груповак


Траціна ўсіх паўстанцкіх груповак, якія дзейнічаюць у Сырыі, або каля 100 тысяч байцоў, падзяляе ідэі джыхадысцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава», і адной толькі ваеннай перамогай над экстрэмістамі не атрымаецца выкараніць джыхадызм, сьцьвярджаюць дасьледчыкі з брытанскага Цэнтру рэлігіі і геапалітыкі.

Як найменей 15 паўстанцкіх аб’яднаньняў гатовыя прыйсьці на зьмену радыкальнай групоўцы «Ісламская дзяржава», калі яна будзе разьбіта сіламі кааліцыі, лічаць у Цэнтры, які узначальваецца фондам былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тоні Блэра, інфармуе Бі-Бі-Сі.

Як сьцьвярджаецца ў дасьледаваньні, больш за 60% паўстанцаў у Сырыі могуць быць клясыфікаваныя як ісламісты.

Экспэрты Цэнтру лічаць, што спробы сусьветных дзяржаваў аддзяліць ўмераную апазыцыю ад радыкальнай асуджаныя на правал.

Захад рызыкуе зьдзейсьніць стратэгічную памылку, калі засяродзіцца толькі на барацьбе з „Ісламскай дзяржавай“. Перамога на полі бою не пакладзе канец глябальнаму джыхадызму.

Краіны Захаду спрабуюць нарасьціць намаганьні па барацьбе з экстрэмістамі «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі і Іраку. Аднак, як лічаць дасьледчыкі, найбольшую небясьпеку цяпер уяўляюць групоўкі, якія падзяляюць ідэалёгію «Ісламскай дзяржавы», але пакуль знаходзяцца ў цені. Цэнтар рэлігіі і геапалітыкі лічыць, што колькасьць падобных фарміраваньняў можа дасягаць 100 000 чалавек. Такія групоўкі не прыцягваюць да сябе ўвагу сусьветнай супольнасьці, аднак яны ўяўляюць рэальную пагрозу, гаворыцца ў дакумэнце.

«Захад рызыкуе зьдзейсьніць стратэгічную памылку, калі засяродзіцца толькі на барацьбе з „Ісламскай дзяржавай“, — адзначаюць дасьледнікі. — Перамога на полі бою не пакладзе канец глябальнаму джыхадызму. Мы ня можам бамбіць ідэалёгію, хоць наша вайна менавіта ідэалягічная». Аўтары дакладу перакананыя, што сапраўдная бітва з экстрэмістамі павінна разгарнуцца на «інтэлектуальным і тэалягічным» узроўні.

Мірны працэс і вайна

Сырыйскі канфлікт забраў жыцьці больш за 250 тысяч чалавек. Мільёны людзей сталі бежанцамі. Кааліцыя на чале з ЗША больш за год наносіць авіяўдары па пазіцыях «Ісламскай дзяржавы».

У канцы верасьня Расея пачала ваенную апэрацыю ў Сырыі. На адрас расейскіх уладаў раздаюцца абвінавачваньні ў тым, што расейскія ВПС наносяць авіяўдары па пазыцыях умераных паўстанцкіх груповак. Масква ж абвяргае абвінавачваньні ў бамбаваньнях умеранай апазыцыі і сьцьвярджае, што яе мэтай зьяўляецца толькі экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» і зьвязаныя зь ёй баевікі.

Рада бясьпекі ААН аднагалосна прыняла праект рэзалюцыі ў падтрымку мірнага працэсу ў Сырыі. Дакумеэт абавязвае ўсе бакі канфлікту спыніць баявыя дзеяньні супраць цывільнага насельніцтва. У рэзалюцыі таксама падкрэсьліваецца, што рашэньне пра будучыню краіны можа прымаць толькі сырыйскі народ.

Згодна з дакумэнтам, ААН абавязваецца ўзяць на сябе арганізацыю перамоўнага працэсу паміж Дамаскам і апазыцыяй, пачатак перамоваў прызначаны на студзень 2016 году. Пры гэтым у рэзалюцыі нічога не сказана пра цяперашняга прэзыдэнта краіны Башара Асада. ЗША і шэраг іншых краін настойваюць на сыходзе сырыйскага лідэра і ня бачаць будучыню Сырыі пад яго кіраўніцтвам. Расея і Кітай займаюць больш асьцярожную пазыцыю, заяўляючы, што адстаўка Асада не павінна быць абавязковай умовай для пачатку мірных перамоваў.

На думку дасьледчыкаў Цэнтру рэлігіі і геапалітыкі, вайна ня спыніцца, калі Асад застанецца ва ўладзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG