Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пастаўляе ў Беларусь састарэлыя ракетныя комплексы


Ракетныя комплексы C-300

Ракетныя комплексы C-300

«Да канца 2015 году на ўзбраеньне ў 377-ы гвардзейскі зэнітны ракетны полк, 1-шы і 115-ты зэнітныя ракетныя палкі плянуецца паступленьне чатырох зэнітных ракетных дывізіёнаў С-300. Вядуцца закупы трэнажораў для ЗРК С-300», — паведамілі ў Мінабароны Беларусі агенцтву Інтэрфакс.

Таксама ў Мінабароны Беларусі паведамілі, што да 2020 году плянуецца закупіць у Расеі яшчэ некалькі ракетных комплексаў ТОР-М2 для 120-й ракетнай зэнітнай брыгады, дзе створаны дывізіён гэтых комплексаў.

Чаму зэнітныя ракетныя комплексы С-300 у Беларусь «пастаўляюцца», а ТОР-М2 «закупляюцца»? Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін кажа, што С-300 Расея пастаўляе ў Беларусь бясплатна як свайму ваеннаму саюзьніку, пры гэтым сама ад гэтых комплексаў пазбаўляецца, бо яны састарэлі. Што да комплексаў ТОР-М2, гэтыя сучасныя сродкі супрацьпаветранай абароны набываюцца за грошы зь бюджэту.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Гісторыя з пастаўкамі ў Беларусь С-300 цягнецца ўжо з 2008 году. Гаворка пра С-300, якія здымаюцца з баявога дзяжурства супрацьпаветранай абароны Масквы ды іншых важных аб’ектаў. Яны замяняюць іх на С-400, а нам даюць гэтыя С-300, якія ў іх даўно ўжо не вырабляюць. А затрымка на шмат гадоў адбылася таму, што ў самой Расеі гэтая праграма пераўзбраеньня на С-400 вельмі моцна затрымалася і дагэтуль ідзе марудна. Там амаль з пачатку 2000-х гадоў казалі пра перавод на С-400 з ракетай большай адлегласьці дзеяньня, і вось толькі нядаўна мы пачулі, што нарэшце прайшлі выпрабаваньні гэтай ракеты і яна паступіць на ўзбраеньне. А бяз гэтай ракеты С-400 ня меў вялікай каштоўнасьці, калі выкарыстоўваў ракеты таго ж С-300. Таму цяпер верагодна, што працэс зьняцьця з баявога дзяжурства пад Масквой комплексаў С-300 паскорыцца, і да канца 2015 году мы іх атрымаем. Але — магчыма. З пэўнасьцю я б пра такое не казаў.

Што да комплексаў ТОР-М2 — тут іншая схема. Гэта новы і вельмі добры комплекс, але прадаюць яго расейцы нам за грошы. Даводзіцца літаральна на кожную батарэю вышукваць сродкі. Ужо маем тры батарэі, і працэс гэты праходзіць досыць цяжка. Як кажуць, „калі худ, ня лезь на кут“. Магчыма, да 2020 году сапраўды некалькі ТОРаў яшчэ набудуць».

XS
SM
MD
LG