Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пагражае Беларусі зрэзаць пастаўкі нафты


Мінэнэрга Расеі лічыць магчымым абмежаваньні паставак нафты ў Беларусь з-за невыкананьня ёю абавязацельстваў па пастаўках нафтапрадуктаў.

Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Аляксандр Новак, паведамляе РИА Новости.

Днямі намесьнік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Ігар Бабыр паведаміў, што Беларусь пакуль не пастаўляе нафтапрадукты ў Расею. Ён нагадаў, што па дасягнутай дамоўленасьці пастаўкі паліва ажыцьцяўляюцца тады, калі гэта выгадна беларускім нафтаперапрацоўшчыкам і ў цэлым краіне.

Ігар Бабыр таксама анансаваў пачатак у бліжэйшыя дні перамоваў з Расеяй аб пастаўках нафты на 2016-ы і наступныя гады: «Усё будзе добра, мы дамовімся», — запэўніў ён.

Пастаўкі нафты і бэнзіну — адна з двухбаковых дамоўленасьцей паміж Менскам і Масквой у межах стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюза. То бок Расея абавязалася пастаўляць Беларусі нафту па ўнутраных цэнах, а Беларусь Расеі — нафтапрадукты. Пакуль Расея абяцала не прымаць захады і не памяншаць пастаўкі нафты з-за зьніжэньня паставак нафтапрадуктаў зь Беларусі. Пры гэтым у пагадненьні ёсьць агаворка, што калі кошты істотна адрозніваюцца, то беларускі бок можа прыпыніць пастаўкі. Прадстаўнікі Расеі жадалі больш дакладна прапісаць, якую розніцу лічыць істотнай.

Згодна з плянам на 2015 год, Расея павінна паставіць 23 мільёна тон нафты, Беларусь — 1.800.000 тон нафтапрадуктаў.

У першым квартале 2015 года Беларусь зьнізіла экспарт нафтапрадуктаў у Расею ў 2,9 разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года — да 154,4 тысячы тон. Пастаўкі ў краіну нафты за квартал выраслі на 3,9% — да 5.635.000 тон.

Пляны Менска зьмяніліся з-за дэвальвацыі расейскага рубля і зьніжэньня коштаў на нафту. Беларусі больш выгадна пастаўляць бэнзін у заходнія краіны і Ўкраіну.

XS
SM
MD
LG