Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа апынуцца ў міжнароднай ізаляцыі з-за падтрымкі Асада,— Белы дом


Барак Абама і Ўладзімер Пуцін

Барак Абама і Ўладзімер Пуцін

З чарговым асуджэньнем расейскай вайсковай актыўнасьці ў Сырыі выступілі ў Вашынгтоне.

Расея можа сутыкнуцца зь міжнароднай ізаляцыяй, калі працягне надаваць падтрымку прэзыдэнту Сырыі Башару аль-Асаду.

Пра гэта заявіў прэсавы сакратар Белага дому Джош Эрнэст.

«Гэта ізалюе Расею ад міжнароднай супольнасці яшчэ больш», — сказаў Эрнэст.

У выпадку, калі Расея працягне сваю вайсковую актыўнасць у Сырыі, гэта будзе азначаць «выкананьне задач процілеглых тым, што стаяць на парадку дня 60 краін, якія ў рамках кааліцыі на чале з ЗША змагаюцца з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава», дадаў Эрнэст.

На мінулым тыдні ЗША заявілі пра сваю занепакоенасьць павышэньнем расейскай вайсковай дзейнасьці ў Сырыі. Расея, якая зьяўляецца ключавым саюзьнікам прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада цягам 4-гадовай грамадзянскай вайны ў краіне, зазначае, што яе падвышаная вайсковая дзейнасьць зьяўляецца часткай міжнародных намаганьняў у барацьбе з тэрарызмам.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у нядзелю сказаў, што Масква будзе працягваць і ў далейшым свае ваенныя пастаўкі ў Сырыю.

Вашынгтон заяўляе, што такая актыўнасьць Крамля можа прывесьці толькі да канфрантацыі з кааліцыяй на чале з ЗША, якая ажыцьцяўляе паветраныя ўдары супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Прэзыдэнт Барак Абама заявіў, што стратэгія Ўладзімера Пуціна ў Сырыі асуджаная на правал.

XS
SM
MD
LG