Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і яе «ворагі»: абвінавачаная ў дзяржздрадзе шматдзетная маці чакае новых правакацый


Сям’я Сьвятланы Давыдавай, архіўнае фота

Сям’я Сьвятланы Давыдавай, архіўнае фота

Журналістка Радыё Свабода пабывала ў гасьцях у шматдзетнай сям’і Анатоля Горлава і Сьвятланы Давыдавай, якую абвінавачвалі ў дзяржздрадзе на карысьць Украіны.

Праз два месяцы пасьля вызваленьня зь СІЗА «Ляфортава» абвінавачаная ў дзяржздрадзе шматдзетная маці Сьвятлана Давыдава амаль не выходзіць са сваёй кватэры ў аблезлым дзевяціпавярховіку на ўскраіне Вязьмы. А калі выходзіць, то толькі ў суправаджэньні іншых.

Зь СІЗА Сьвятлану адпусьцілі 3 лютага. 13 сакавіка стала вядома, што крымінальную справу супраць яе спынілі, ніякай дзяржаўнай здрады яна сваім званком не зрабіла і мае права на рэабілітацыю.

«Хтосьці віншуе Сьвятлану з добрым канцом, а я сумняюся, што гэта канец, — кажа муж Сьвятланы Анатоль Горлаў. — Я думаю, што гэта толькі пачатак, і канец можа быць які заўгодна. Статыстыка ў нас такая — бандыцкая. Улада такая — бясьпеку яна не гарантуе».

Вязьма, горад у Смаленскай вобласьці з 60 тысячамі жыхароў, дзясяткам цэркваў і сабораў, па-расейску разьбітымі дарогамі і помнікам Карлу Марксу, цяпер слаўны яшчэ і «справай Давыдавай».

Год таму Сьвятлана, супаставіўшы пачутую ў маршрутцы размову пра вайскоўцаў, якія ў цывільным «паедуць у камандзіроўку», і апусьцелую тэрыторыю вайсковай часткі ў сябе пад вокнамі, патэлефанавала ва ўкраінскую амбасаду.

«Я супраць вайны, я падумала, што яны, магчыма, ва Ўкраіну едуць», — тлумачыла яна пазьней.

Калі 21 лютага ў кватэру Давыдавых-Горлавых прыйшло ФСБ, Сьвятлана карміла грудзямі двухмесячную дачку Касандру. Пасьля вызваленьня ўзнавіць грудное кармленьне цалкам ёй не ўдалося і Касандру дакормліваюць сумесьсю, пра што ўсе ў сям’і моцна шкадуюць.

Здраднікі радзімы

«Калі мы на сьледчыя дзеяньні ў Маскву паехалі, то прыяжджалі тут, крычалі пад вокнамі „здраднікі радзімы“, — апавядае Сьвятлана. — Але тут жа селі на таксі і паехалі. Не мясцовыя гэта былі».

Гэтыя «немясцовыя» не маглі ня ведаць, што крычаць пад вокнамі кватэры, у якой сямёра маленькіх дзяцей. Разам Сьвятлана і Анатоль выхоўваюць сямёх — старэйшыя ад першага шлюбу Анатоля зь сястрой Сьвятланы Натальляй і малодшыя ад іх супольнага шлюбу. Узростам ад 4 месяцаў да 12 гадоў.

Калі Сьвятлану затрымалі, пра найдрабнейшыя падрабязнасьці асабістага жыцьця Давыдавых-Горлавых у меру сіл пісалі вялікія і маленькія выданьні. Але на інтэрвію яны пагаджаюцца хутка, хаця пасьля вызваленьня камунікаваць з журналістамі сталі заўважна радзей. Толькі пусьціўшы мяне ў кватэру, Анатоль сьціпла, але настойліва просіць у мяне пасьведчаньне: «А раптам вы з Лайф-ньюз», — тлумачыць ён.

Пісалі, што ў іх зашмат дзяцей зь дзіўнымі імёнамі, што жывуць яны бедна, а ў Сьвятланы была падазроная звычка хадзіць з працы дахаты пешкі. Змрочным фонам у гэтых рэпартажах праходзілі вязьмаўскія гарадзкія краявіды — паныла, брудна, звыкла. «Жах-жах», — але такое ў кожным расейскім горадзе, што тут зробіш.

Вязьма
Вязьма

Насуперак усім наяўным фота ў інтэрнэце, Сьвятлана выглядае зусім не на «полтинник», як напісала ў сваім фэйсбуку рэдактарка аднаго моднага расейскага СМІ ў выгнаньні. А як маладая спакойная і разважлівая жанчына. Згадваючы дзёрганых цётак, якія ў краме ці ў пясочніцы крычаць на аднаго ці двух такіх задзёрганых імі малых, ня скажаш, што ў Сьвятланы дзяцей сямёра.

Трохпакаёвая кватэра, у якой Сьвятлана, як сама кажа, «жыве ўсё жыцьцё», таксама не зьдзіўляе мяне сваёй беднасьцю. Так, там стаіць «савецкая» сьценка і падрапаныя шпалеры, у якіх, відаць, прайшло маленства Сьвятланы, а цяпер праходзіць маленства яе дзяцей.

Дзеці Давыдавых-Горлавых спакойныя, добра і чыста апранутыя. Старэйшая 12-гадовая Воля выдатніца ў школе і вучыцца тэатральнаму мастацтву. Другаклясьніца Наташа — «харашыстка», займаецца вольнай барацьбой. «Я спадзяюся, будзе гонарам расейскага спорту», — кажа Анатоль.

Што мяне ўражвае сапраўды моцна, дык гэта 1-я вяземская сярэдняя школа з паглыбленым вывучэньнем нейкіх прадметаў. У гэты радыкальна стары будынак з прагнілымі сьценамі, ад якіх тлустымі слаямі адвальваецца тынкоўка, а ваконны праём на фасадзе забіты проста фанэрай, я дакладна не павяла б сваіх дзяцей. Ці можа павяла б, калі няма іншай школы?

І будынак дзіцячай спартовай школы, перад якім стаіць саржавелая шыльда «Цэнтар гульнявых відаў спорту», а да дзьвярэй не падысьці праз калюжыны расталага сьнегу і жудасны бруд. І самі нячышчаныя вяземскія дарогі, па якіх езьдзяць і шалёныя мясцовыя таксісты (сто рублёў у любы канец гораду), і ходзяць тутэйшыя. Бо тратуары — гэта проста запоўненыя вадою яміны — і людзі вымушаныя ісьці па праезнай частцы.

І тое, што ў Вязьме адзін кінатэатар, і ён не працуе, а каля яго ляжаць мяхі са сьмецьцем.

Выглядае, што ўсім гэтым праблемам не адзін дзясятак гадоў, а, можа, і ўсе сто. Але хвалявалі яны расейскія ўлады нашмат менш, чым асабістае жыцьцё сям’і Давыдавых-Горлавых.

«Хацелася б, каб горад ваеннай славы адпавядаў сваёй назьве, — кажа Сьвятлана. — Я ўсё жыцьцё гэтым займаюся. Мяне ўсе праблемы хвалююць. Вось у нас праблема з вадаводам. Я неаднаразова зьвярталася ў адміністрацыю. Ёсьць праблемы з аховай здароўя. Выбіла я, каб бясплатныя падручнікі ў школе выдаваліся. Магчыма, усё гэта наклала адбітак на тое, што адбылося 21 студзеня».

Сьвятлана Давыдава побач з Генадзем Зюганавым на адным зь мітынгаў КПРФ. Фота з кнігі Генадзя Зюганава «Сталін і сучаснасьць», 2009

Сьвятлана Давыдава побач з Генадзем Зюганавым на адным зь мітынгаў КПРФ. Фота з кнігі Генадзя Зюганава «Сталін і сучаснасьць», 2009

«Чаму ў нас мусіць быць гнілы вадавод, калі ў нас і газ, і нафта? Чаму ў нас, калі праз мост паедзеце, там рэчка-вуліца, гарбарня ў яе ліе, горад ліе, чыгунка ліе, калі б нехта зачэрпнуў, так і застаўся б побач. Хто за гэта ўсё адкажа? — Анатоль на гэтую сытуацыю рэагуе нашмат больш эмацыйна. — Чаму ўлада не адказвае?! Школы да якога стану даведзеныя! Недзе рамы памянялі, недзе не. Недзе дах залаталі, недзе не.

Чаму я не магу атрымліваць заробак, каб хапала на ўсю сям’ю? Адказ хто мусіць даць? Улада мусіць даць. Чаму дэпутат Дзяржаўнай думы атрымлівае па 400 тысяч рублёў, а мацярынскі капітал — такая ж сума. А ў іх у месяц такія грошы.

І гэтыя людзі вырашаюць пытаньні вайны і міру. Дзе тут справядлівасьць і сацыяльная дзяржава?!»

Мне хлусіў прэзыдэнт Пуцін

Анатоль Груноў з Касандрай, справа — Спартак

Анатоль Груноў з Касандрай, справа — Спартак

«Гіркін для мяне — тэрарыст, — заяўляе Горлаў. Анатоль і Сьвятлана і цяпер не хаваюць, што супраць таго, што адбываецца ва Ўкраіне. — Я бачу, што на Расею ніхто не напаў, уключна з НАТО. Гэта калі хтосьці кажа, што яны там (сэпаратысцкія ўзброеныя фармаваньні на Данбасе — РС) Расею абараняюць. І прэзыдэнт хлусіў, што нашых войскаў там няма! А яны там былі! Не міжнароднай супольнасьці, а нашым грамадзянам, мне хлусіў! А цяпер прызнаўся. Ды пасьля такога прызнаньня ён мусіць у адстаўку валіць разам са сваім адзіным фронтам і ўсімі спадарамі».

Муж і жонка доўгі час былі сябрамі КПРФ, Сьвятлана нават балятавалася ад камуністаў у дэпутаты розных узроўняў. Але абое адышлі ад партыі пару гадоў таму.

Цяпер Анатоль — сябар партыі Сяргея Міронава «Справядлівая Расея». Кажа, што абраў яе, бо гэта адзіная структура, якая не была замяшаная ў згодніцтве зь мясцовымі ўладамі. Але калі Сьвятлана трапіла ў СІЗА, за іх ніхто не заступіўся. Першы сакратар Смаленскага абкаму сказаў, што КПРФ не дапамагае здраднікам, ані сваім, ані чужым.

«Мне дзіўна чуць ад Міронава, што Сьвятлану трэба маральна асудзіць за тое, што яна ўчыніла. Не яму асуджаць. Паводзіны ўсіх нашых афіцыёзных партый заслугоўваюць асуджэньня. У іх ва ўсіх шавіністычнае адценьне. Міронаў дыскрэдытаваў сацыял-дэмакратыю, Зюганаў — камуністычны рух, пра Жырыноўскага ўжо можна маўчаць, — апісвае Горлаў партыйную структуру Расеі. — „Адзіная Расея“ як кансэрватыўная партыя стварае аснову для ўсяго гэтага бязмежжа, якое адбываецца».

Першай, хто пазваніў Анатолю Горлаву і прапанаваў дапамогу, была памочніца Барыса Нямцова. Цяпер Анатоль вымушаны супастаўляць забойства палітыка і справу сваёй жонкі:

«Барыс Яфімавіч рыхтаваў даклад, і ўся сытуацыя са Сьвятланай магла яго ўзмацніць, — кажа ён. — Ёсьць дакладныя зьвесткі, што справу Сьветы выкарыстоўвалі, каб прымусіць маўчаць сваякоў нашых вайскоўцаў, якія былі ва Ўкраіне».

«Я іду ў краму, бабкі мне кажуць ўсьлед: „О, бандэравец“. А чаго гэта раптам я бандэравец? — Цяпер Анатоль мяркуе, што атмасфэра вакол іх сям’і згушчалася задоўга да арышту Сьвятланы. — Ці каля адміністрацыі сядзіць бабка, гандлюе і крычыць „Судзіць такіх, як ты, трэба!“ — гэта як?!»

Яшчэ адзін дзіўны выпадак здарыўся, калі Сьвятлана знайшла ў маршрутцы дарагі мабільны тэлефон і перадала яго кіроўцу:

«Тут жа ўрываецца ў маршуртку жанчына і крычыць: дзе мой тэлефон! А як даведаліся, што ў кіроўцы, дык двое мужчын адразу з маршруткі выходзяць, хаця хацелі далей ехаць, — апавядаюць Сьвятлана і Анатоль. — А пасьля мы гэтых дваіх бачым сярод панятых у нас дома!»

«Суседцы мы раптам сталі перашкаджаць, нібыта мы музыку гучна слухаем, — кажа Анатоль. — Прыходзілі розныя людзі ў розны час, то з „пэнсійнага“ фонду, то яшчэ адкуль. Прычым і ў непрацоўны час таксама».

А перад самым арыштам адрамантавалі пад’езд Давыдавых-Горлавых — адзіны ва ўсім шматкватэрных доме.

«Ніколі так добра не фарбавалі, — кажа Сьвятлана — За трыццаць пяць гадоў ні разу».

Спартак змагаўся

Пакуль мы размаўляем, Сьвятлана трымае на руках чатырохмесячную Касандру. Каля яе ўвесь час круціцца трохгадовы Спартак. Раз-пораз заглядаюць у пакой чатырохгадовы Артур і двухгадовы Эдзік. Старэйшыя дзяўчаты Воля, Наташа і Сьвета за гэты час вяртаюцца са школы, пераапранаюцца і разыходзяцца на дадатковыя заняткі.

«Дзецям мы тлумачым усё, як ёсьць, — кажуць Сьвятлана і Анатоль. — Тлумачым, што не заўжды паліцэйскі добры, а той, хто сядзіць у турме, кепскі».

Сьвятлана і Спартак

Сьвятлана і Спартак

Анатоль абураны тым, што паліцыя і ФСБ падманам праніклі ў ягоную кватэру («участковы пазваніў, сказаў: адкрыйце, на вас скардзяцца суседзі»), забралі жонку і пакінулі без нагляду малых дзяцей, а самую меншую бяз матчынага малака:

«Мне сказалі: „Напішы заяву, што бярэш на сябе адказнасьць“. Я напісаў — і што? У мяне малако ад гэтага стала прыбываць? — амаль крычыць Анатоль. — Мяне ў краму выпусьцілі з кватэры толькі а восьмай гадзіне вечара. Гэта колькі разоў трэба было ўжо карміць гэтае дзіця?!»

«Яны, канечне, моцна перажывалі, пакуль мяне не было, — апавядае Сьвятлана. — І пасьпяховасьць у старэйшых страцілася. Я нават сшыткі іх паглядзела, і па почырку відаць, што нешта не ў парадку. І Спартак у нас вельмі ўражлівы, ён можа і захварэць ад перажываньняў, тэмпэратура падымаецца».

Сьвятлана, трохгадовы Спартак, двухгадовы Эдзік

Сьвятлана, трохгадовы Спартак, двухгадовы Эдзік

Натальля, сястра Сьвятланы і маці старэйшых дзяцей у сям’і, звольнілася з працы і пераехала ў Вязьму глядзець за дзецьмі, пакуль Сьвятлана была ў СІЗА. Дапамагае і бабуля, маці Сьвятланы і Натальлі.

Хаця, — са сьмехам расказвае Анатоль, — у бабулі на месцы галавы тэлевізар, і калі ў дом прыходзілі ўкраінскія карэспандэнты, бабуля называла іх «прадстаўнікамі хунты».

Стасус шматдзетнай сям’і Давыдавы-Горлавы не атрымліваюць. «Гэта нічым не дапаможа. Толькі інспэктары будуць снаваць адзін за адным».

Што такое органы дзяржаўнай апекі, Анатоль даведаўся, калі падчас арышту Сьвятланы і ягонага ад’езду ў Маскву, на іх спрабавалі скласьці акт за тое, што дзеці засталіся без бацькоў. Хаця ў доме былі Натальля і бабуля.

«Органы апекі цяпер кажуць: „Мы за сям’ёй Давыдавых назіраем“. Дык мне гэта толькі падазрона! — абураецца Анатоль. — Гэта паліцэйскае назіраньне. Нічым яны нам не дапамаглі».

9-гадовая Наташа Горлава займаецца вольнай барацьбой

9-гадовая Наташа Горлава займаецца вольнай барацьбой

​Славутыя сэртыфікаты на мацярынскі капітал, які складае 400 тысяч рублёў і месячны заробак дэпутата Дзярждумы, яны таксама не выкарыстоўваюць. За суму коштам трохі больш за 6 з паловай тысяч даляраў палепшыць іх жыльлёвыя ўмовы немагчыма. «Можна толькі ўлезьці ў пазыкі банку», — кажа Анатоль. Сэртыфікат можна выкарыстаць на пэнсію ці на навучаньне дзяцей. Выдаецца ён, дарэчы, толькі аднойчы, а не на кожнае дзіця.

Адзінае, за што Давыдавы-Горлавы сапраўды ўздячныя дзяржаве, гэта за «родавы сэртыфікат». «Вось за магчымасьць не нараджаць у такой больніцы, як вяземская, мы ўдзячныя. Сьвятлана нараджала ў Маскве. У нас усе дзеці, што ў Вязьме нарадзіліся, хворыя. А ўсе, што ў Маскве, усе здаровыя».

Дзьве старэйшыя дзяўчынкі ў ся’мі хворыя на цукровы дыябэт і інсуліназалежныя. Іх ніколі не пакідаюць без нагляду.

Я, бадай, у мільённы раз задаю пытаньне, чаму ў іх дзяцей такія незвычайныя імёны:

«Падабаецца мне гэтае імя, — кажа Сьвяталана, трымаючы на руках Касандру, названую імем мітычнай старажытнагрэцкай прарочыцы, у чые прадказаньні ніхто ня верыў, а яны заўжды збываліся. — Яна як толькі нарадзілася, я адразу зразумела: будзе Касандра».

«Хочацца, каб чалавек быў актыўны, — тлумачыць Анатоль. — У іх імёны людзей, якія зь няпростай жыцьцёвай сытуацыі выйшлі годна. І мы хочам, каб нашыя дзеці жыцьцё сваё годна пражылі. Імя таксама мае значэньне».

— А хто такі быў Спартак, ты ведаеш? — пытаюся я ў самога хлопчыка.

—Спартак змагаўся, — адказвае ён.

Я ня вораг Расеі

Гэтым разам я была ў Расеі 10 дзён, і яна была розная. Я бачыла, як у дарагім гатэлі засядаюць фашысты, а пад гатэлем паліцыя запіхвае ў свае варанкі дзяўчат-антыфашыстак. Я ехала бізнэс-клясай сучаснага цягніка «Сапсан», дзе даюць гарачы абед са сьвежай садавінай, каву і каньяк, а за вокнамі праносіліся счарнелыя разбураныя і жылыя вёскі бяз звыклых нам гародаў і садоў, аточаныя глухімі лясамі. Чула, як дзяўчына, якая працуе на рэцэпцыі маскоўскага гатэля, плакалася свайму калегу, што ня можа купіць маці нейкія замежныя лекі. «А яны кажуць, што Крым наш!», — з надрывам казала яна.

«Вось Нямцоў для нас Расея, — робіць рукой характэрны сьцвярджальны мітынгавы жэст Анатоль Горлаў зь Вязьмы. — Ён і будзе жывейшым за Пуціна. Палітычна я яго не падтрымліваў і ніколі б за яго не галасаваў. Але калі б яму была дапамога патрэбная, калі б засланіць яго трэба было, каб ён жывы застаўся, я б не задумваўся».

Сьвятлана і Анатоль падзеі ва Ўкраіне вайной ня лічаць, а ў Вязьме пра вайну ніхто і ня кажа.

«Людзі стараюцца ад гэтага адыходзіць. І слова „вайна“ ніхто стараецца не вымаўляць, — кажа Анатоль. — Гэта нейкая разборка, у якую спрабуюць уцягнуць Расею і Ўкраіну. На жаль, гэтая разборка ідзе на тэрыторыі Ўкраіны».

Улетку Анатоль зьвяртаўся да старшыні ФСБ Аляксандра Бортнікава наконт тэлевізійных праграмаў Дзьмітрыя Кісялёва. Адказваць за тое, што людзі забіваюць адзін аднаго, мусяць якраз тыя, хто распальвае вайну, лічыць Горлаў.

Гэта ў нашых дзяцей жыцьця ня будзе, гэта ў нас ня будзе заробкаў і пэнсій, як на Данбасе

«Вось гэтае бязладзьдзе трэба сканчаць. Гэта не вайна, а злачынства, і яно ёсьць у кодэксе РФ. І нашым органам трэба гэтым заняцца — хто распальвае гэтую вайну, — даводзіць Горлаў. — Хто там са зброяй у руках? Чаму там людзі ня могуць жыць? Грамадзяне Расеі, якія чамусьці ў ДНР і ЛНР са зброяй у руках, — імі мусяць займацца праваахоўныя органы і Ўкраіны, і Расеі. Усе, хто там ваяваў, хто пайшоў у адпачынак з войска, паліцыі, ФСБ і апынуўся на Данбасе — усе мусяць паўстаць перад судом!»

«І вы не баіце́ся пра гэта казаць?» — пытаюся я, разумеючы, што на абарону гэтай сям’і не паўстаў аніхто, апроч СМІ і грамадзкіх праваабарончых арганізацый.

«Давайце я буду баяцца! Думаеце, мне за гэта ўзмоцнены паёк будзе ці прыбаўка да заробку? — Анатоль выглядае шчыра зьдзіўлены маім пытаньнем. — Я разумею адно: калі мы, грамадзяне, зараз сваю краіну не адстаім праўдай, за нас яе ніхто ня будзе адстойваць. Заўтра гэтыя бандыты запалоняць нашыя вуліцы і будуць нам указваць. Гэта ў нашых дзяцей жыцьця ня будзе, гэта ў нас ня будзе заробкаў і пэнсій, як на Данбасе. І будзем мы жыць у страху. А так жыць нельга».

Мяне турбуе, што Сьвятлана не выходзіць сама на вуліцу, і я пытаюся, ці не пагражаюць ім:

«Калі паглядзець на камэнтары ў інтэрнэце, то так. Гэта ўсё ж ня робаты, а людзі напісалі, — адказваюць яны. — Мы хочам працэс рэабілітацыі прайсьці максымальна спакойна».

«Страх ёсьць, — кажа Анатоль. — Кожны чалавек баіцца, і ўсе мы чагосьці баімся і мусім быць асьцярожнымі. Але асьцярожнасьць ня мусіць нас заганяць у кут. Тады нас усіх падушаць у такіх кватэрах, і ні пра каго не даведаецца ніхто. І трэба, каб, як Сьвятлане, грамадзтва дапамагло».

«Я як была змагаром, так і застаюся», — сьцвярджае сама Сьвятлана.

«Пазногці-кіпці, слова, свабодныя СМІ — усё, да чаго мы маем доступ, мы мусім выкарыстоўваць, — рубіць Анатоль. — А калі ня будзем карыстацца, то і гэта аднімуць. І будзем жыць, як у часы Кацярыны. Толькі ўсе думаюць, што будуць у залочаных сукенках хадзіць. А будзе, як і было, насамрэч — прыгоннае права».

Наташа Горлава

Наташа Горлава

За кадрам гэтай гісторыі, але не для мяне, застаецца старэйшая сястра Натальля. У размове ў кватэры яна ня ўдзельнічае, увесь гэты час глядзіць за дзецьмі. Але менавіта Наташа, прафэсійны краязнаўца, сябра Саюзу краязнаўцаў Расеі, паказвае мне Вязьму такой, якой любіць яе сама. І ўнікальную шатровую Адзігітрыю, і помнікі Нахімаву, Карлу Марксу і лапцю, і будынак, у якім месьцяцца ўсе аддзяленьні мясцовых партый. Яна ж клапатліва пасьля экскурсіі вядзе мяне ў кавярню, каб я дакладна была сытая. І едзе са мной на вакзал, каб я бясьпечна купіла квіток у Менск і са мной усё было ў парадку.

Натальля дорыць мне на разьвітаньне сваю брашуру пра дзекабрыста Якушкіна, ураджэнца Вяземскай зямлі. «Ён сам не лічыў сябе дзекабрыстам», — кажа Натальля. І распавядае, што калі дасьледавала ягоную біяграфію, зрабіла нават невялікае навуковае адкрыцьцё: Якушкін і Грыбаедаў былі сваякамі.

Працу сваю Наташа прысьвяціла дзеду — Івану Пракопавічу Давыдаву, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, кавалеру ордэна Славы.

Эпіграфам да брашуры стаіць верш падпісаны: Иосиф Джугашвили, 1895 г.

XS
SM
MD
LG