Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея хацела паўкаляніяльны статус Беларусі», — расейскі апазыцыянэр


Леанід Гозман

Леанід Гозман

За 20 гадоў праект пабудовы так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі цалкам праваліўся. Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі апазыцыйны палітык Леанід Гозман.

Амаль 20 гадоў таму, 2 красавіка 1996 году, было падпісана пагадненьне аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі. У 1997 годзе супольнасьць фармальна пераўтварылі ў саюз Беларусі і Расеі, а ў 1999-м пераназвалі ў саюзную дзяржаву.

З 1998 году 2 красавіка афіцыйна адзначаецца як дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі.

Расейскі апазыцыйны палітык, былы старшыня партыі «Саюз правых сіл» Леанід Гозман лічыць, што так званай саюзнай дзяржавы насамрэч не існуе і гэты праект ня мае аніякіх пэрспэктываў.

«У такім вымушаным саюзе з Расеяй ніякай будучыні ў Беларусі няма»

«Няма ніякай саюзнай дзяржавы, і цалкам відавочна, што яе і ня будзе. Больш за тое, яна і не плянавалася — прычым як з нашага боку, так і з боку Аляксандра Лукашэнкі.

Расея, як мне здаецца, хацела замацаваць такі паўкаляніяльны статус Беларусі. Пры гэтым гаворка не ідзе пра тое, што Расея, накшталт ангельцаў ці французаў у XIX стагодзьдзі, зьбіралася выпампоўваць рэсурсы і ўсяляк рабаваць Беларусь. Зразумела, не. Гаворка ідзе пра палітычны ўплыў — гэта значыць захаваньне Беларусі як несамастойнага палітычнага суб’екта, які заўсёды гатовы выступіць на нашым баку, які заўсёды гатовы даць скарыстаць сваю тэрыторыю для нашых геапалітычных дзеяньняў (накшталт разьмяшчэньня вайсковых базаў). Вось гэта сапраўды меркавалася. Дзеля падтрыманьня гэтага паўкаляніяльнага статусу Беларусі мы давалі даволі шмат грошай, мы скрозь пальцы глядзелі на ўсялякія забавы Аляксандра Рыгоравіча з энэргарэсурсамі, якія пастаўляліся яму па нізкіх коштах, і на тое, што ён тварыў унутры Беларусі — ад забойстваў да здушэньня дэмакратыі», — кажа палітык.

Аднак рэалізаваць гэты каляніяльны праект Маскве не ўдалося, лічыць Гозман:

«Нашы стратэгі недаацанілі прывабнасьць Захаду, недаацанілі беларускі народ і яго імкненьне да незалежнасьці, і яны недаацанілі Аляксандра Лукашэнку.

На сёньняшні дзень тыя, хто задумаў гэты каляніяльны праект, цалкам прайгралі, таму што пры першых жа выбухах грому, калі ад Аляксандра Рыгоравіча спатрэбілася праявіць саюзьніцкую салідарнасьць, ён яе, натуральна, не праявіў. Ён стаў гуляць у сваіх уласных інтарэсах (хоць у дадзеным выпадку, напэўна, і ў інтарэсах Беларусі, таму што Беларусь стала трошкі бліжэй да Эўропы). Ён адмовіўся прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, на чым, вядома, настойвала расейскае кіраўніцтва — для іх было абсалютна прынцыпова, каб нехта яшчэ, акрамя Нікарагуа, прызнаў незалежнасьць Асэтыі і Абхазіі. Але Лукашэнка прызнаць адмовіўся. А калі пачаўся ўкраінскі крызіс, Лукашэнка проста паслаў „старэйшага брата“ куды далей і стаў праводзіць вельмі эфэктыўную палітыку дыстанцыяваньня ад Расеі».

З пункту гледжаньня Гозмана, гэтая палітыка ўжо дала плён, бо зь беларускіх уладаў былі зьнятыя заходнія санкцыі.

«Гэта той рэдкі выпадак, калі ў Беларусі як у краіны прыкладна тыя ж інтарэсы (што і ў Лукашэнкі. — РС). Таму што ў такім вымушаным саюзе з Расеяй ніякай будучыні ў Беларусі няма. Будучыня Беларусі, як мне здаецца, у Эўропе», — рэзюмуе расейскі палітык.

«І Ельцын, і Пуцін заўсёды ставіліся да Аляксандра Рыгоравіча як да чалавека вельмі дрэнна»

Гозман упэўнены, што, нягледзячы на заявы пра «братні саюз двух народаў», і Лукашэнка, і расейскія лідэры заўсёды ставіліся да двухбаковых адносінаў выключна прагматычна.

«Ні прэзыдэнт Ельцын, ні прэзыдэнт Пуцін ніколі ня ставіліся да Лукашэнкі добра. Яны заўсёды ставіліся да Аляксандра Рыгоравіча як да чалавека вельмі дрэнна — з раздражненьнем і пагардай. Ніколі яны яго за роўнага і паважанага партнэра ня мелі — гэта заўсёды былі чыста прагматычныя адносіны і для Ельцына, і для Пуціна (ну, і для Мядзьведзева, вядома — я проста ўжо і забыўся, што быў у нас і такі прэзыдэнт)», — кажа апазыцыйны палітык.

Лукашэнка ж разглядаў стасункі з Расеяй выключна ў кантэксьце ўмацаваньня сваёй асабістай улады, лічыць Гозман.

«Аляксандар Лукашэнка заўсёды працаваў толькі на ўмацаваньне сваёй асабістай улады. У гэтым сэнсе Расея для Лукашэнкі — ня больш чым вялікая бэнзакалёнка, на якой ён мог запраўляцца „на халяву“.

Напэўна, ён хоча застацца ў гісторыі Беларусі неяк пазытыўна (калі чалавек так доўга знаходзіцца на троне, ён пачынае думаць і пра сваё месца ў гісторыі), але тое, што яму глыбока напляваць на адносіны з Расеяй, што яны выключна службовыя для яго — гэта, на мой погляд, цалкам відавочна. І больш за тое, я вам скажу, што гэта абсалютна правільна. Гэта абсалютна правільна, бо няма ў Беларусі такой звышзадачы — сябраваць з Расеяй, як у Брытаніі няма звышзадачы сябраваць з Ірляндыяй. Ёсьць задача ўласнага дабрабыту, уласнай стабільнасьці і ўласнай велічы, калі хочаце», — сказаў расейскі апазыцыйны палітык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG