Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – Расея: абмен папрокамі за харчы


Аляксандр Лукашэнка выступіў з крытыкай прэтэнзіяў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данквэрта да беларускіх прадуктаў падчас нарады аб праекце дамовы пра Мытным кодэксе Эўразійскага эканамічнага саюза 9 сьнежня.

«У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данквэрт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна», — казаў Лукашэнка.

Тым часам расейскі чыноўнік у інтэрвію «Інтэрфаксу» пацьвердзіў прэтэнзіі Рассельгаснагляду да беларускай малочнай прадукцыі:

«Мы адкажам канкрэтнымі дзеяньнямі па выяўленьні небясьпечнай прадукцыі, паколькі паходжаньне часткі прадукцыі, якая ўвозіцца ў Расею, нам незразумелае», — заявіў Данквэрт.

Паводле кіраўніка Рассельгаснагляду, сёлета за 11 месяцаў Беларусь паставіла ў Расею 790 тысяч тон малочнай прадукцыі. Гэта на 170 тысяч тон больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году, яшчэ 15% прадукцыі пастаўляецца кантрабандай — у абыход кантрольна-прапускных пунктаў.

Як заяўляе Данквэрт, невядома адкуль бярэцца сыравіна для вытворчасьці гэтай прадукцыі. Рассельгаснагляд падлічыў, што для таго, каб атрымаць названыя дадатковыя 170 тысяч тон прадукцыі, Беларусі неабходна дадаткова выкарыстаць 450 тысяч тон малака. Між тым, рост вытворчасьці малака ў нашай краіне склаў толькі 50 тысяч тон. Беларускія ж калегі не прызнаюцца, адкуль атрымоўваюць сыравіну.

Таксама 9 сьнежня Рассельгаснагляд выступіў з заявай аб дыскрымінацыйных мерах Менска ў дачыненьні да расейскай прадукцыі. Як паведамляе ведамства, заканадаўства ЭАЭС не прадугледжвае афармленьня спэцыяльных дазволаў на ўвоз прадукцыі пры перамяшчэньні паміж краінамі, якія ўваходзяць у склад садружнасьці.

«Аднак з прычынаў, што ня маюць навуковага абгрунтаваньня, беларускі бок працягвае патрабаваць атрыманьне дазволу», адзначае Рассельгаснагляд. У заяве паведамляецца таксама, што расейскае ведамства неаднаразова зьвярталася да беларускага боку «з просьбай прыняць меры па скасаваньні дыскрымінацыйных мераў ці даць іх навуковае абгрунтаваньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG