Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раптоўна памёр галоўны правяральшчык подпісаў у выбарчым штабе Цярешчанкі


Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

А былы прэтэндэнт на прэзыдэнта сустракае Новы год у шпіталі.

Уладзімер Мальчук, які ачольваў юрыдычную службу ў выбарчым штабе былога прэтэндэнта на прэзыдэнта Віктара Цярэшчанкі, раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу 24 сьнежня.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў спадар Цярэшчанка:

«Я даведаўся пра гэта са спазьненьнем. Справа ў тым, што я сам ужо тыдзень ляжу ў шпіталі. І таму мае сябры па выбарчай кампаніі пашкадавалі мяне — паведамілі пра сьмерць Валодзі не адразу.

Ён быў граматным юрыстам. Працаваў судзьдзём, у апараце Савету Міністраў. Мальчук кіраваў у маім штабе юрыдычнай службай. І не адзін падпісны ліст не прымаўся безь ягонага прагляду. Ён правяраў і завяраў іх. Безь яго візы ніводзін ліст мы не адсылалі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Для нас ён быў аўтарытэт. Таму, калі кажуць, што мы здавалі нейкія ксэракопіі, то гэта ня так — у нас усё правяралася.

Уладзімеру не было яшчэ і 50. Я ніколі ня чуў, каб ён скардзіўся на сэрца. Наадварот, ён быў заўзяты прыхільнік здаровага ладу жыцьця, ня піў, не паліў».

Віктар Цярэшчанка паведаміў, што сам ён застанецца і на Новы год у шпіталі. Лекараў непакоіць ягоная кардыяграма і вынікі некаторых аналізаў.

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй. Экс-кандыдат лічыць, што яго атруцілі.

«Я лячуся і лекамі з аптэкі, і народнымі сродкамі. Чаго толькі не спрабаваў. Якраз сёньня глытаў чарговы зонд. Пакрыху ўсё зажывае, але ж вельмі марудна», — гаворыць Віктар Цярэшчанка.

Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Віктара Цярэшчанку афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, палічыўшы, што той ня здолеў сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Гэткая колькасьць подпісаў — мінімум, які неабходны для рэгістрацыі. У кандыдата прызналі сапраўднымі менш за 7 тысяч подпісаў.

XS
SM
MD
LG