Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Раней мы зь беларусамі біліся, але Пуцін нас аб’яднаў», — футбольны фанат зь Львова


Тарас Паўлаў

Тарас Паўлаў

Гэта сёньня беларускія і ўкраінскія фанаты маюць агульныя крычалкі і «сустракаюць братоў» у Барысаве. Калісьці яны былі зацятымі ворагамі. Свабода пагаварыла з львоўскім фанатам, які засьпеў і часы боек, і братаньня пасьля гульні.

Майдан усталяваў замірэньне паміж клюбамі

Тарас Паўлаў (па-ўкраінску — Павлів) пачынаў фанацкае жыцьцё ў 17 гадоў — заўзеў за родны клюб «Карпаты». За 9 гадоў ён дарос да лідэра фан-руху галоўнай львоўскай каманды, узначальвае грамадзкую арганізацыю «Заўжды верныя».

Як у большасьці краінаў сьвету, ва Ўкраіне раней былі сяброўскія і варожыя клюбы. «Карпаты», напрыклад, ніколі ня мелі добрых стасункаў з адэскім «Чарнаморцам» і харкаўскім «Мэталістам». Але падзеі на майдане Незалежнасьці ў 2013–2014 гадах ператварылі былых ворагаў у сяброў.

«Як толькі пачалася рэвалюцыя, мы між сабой стэлефанаваліся, дамовіліся, што ўсталёўваем замірэньне паміж усімі клюбамі, — расказаў Свабодзе Тарас. — На ўсходзе (у зоне АТА. — РС) цяпер часта здараецца, калі ў адным батальёне разам служаць і ваююць фанаты з розных клюбаў».

Паводле фаната, дзялілі краіну на захад і ўсход толькі палітыкі, а фанаты розных клюбаў, у тым ліку і ў Сэвастопалі, і ў Данецку адназначна былі праўкраінскія.

«А фанаты пастаянна каталіся па Ўкраіне, яны разумелі, што пытаньня паміж усходам і захадам няма, — расказаў Тарас. — Таму пасьля рэвалюцыі ўсе зразумелі, што ніякія футбольныя нюансы ня важныя. Паўстала пытаньне існаваньня краіны».

З таго часу аніякіх боек паміж фанатамі ва Ўкраіне няма. Наадварот, у дзень матчу праходзяць сумесныя акцыі.

«Першыя сумесныя маршы прайшлі паміж прынцыповымі ворагамі», — расказаў Тарас.​

Трыбуны скандавалі адна адной «Слава Ўкраіне» і «Жыве Беларусь»

Яшчэ адзін былы вораг стаўся ці не найбліжэйшым сябрам — гаворка пра беларускіх фанатаў. У 2008 годзе ўкраінцы зьбілі фанатаў зь Беларусі на аўтавакзале ў Львове. Яшчэ раней была вялікая бойка ў Менску. Тады ад чыгуначнага вакзалу беларускі АМАП стварыў калідор для ўкраінцаў. І адны, і другія спрабавалі прарваць гэты кардон, перакідваліся бутэлькамі ды бітамі.

«Супярэчнасьці былі, але не прынцыповыя. Не было такіх, што нельга было б прабачыць, — расказаў Паўлаў. — Я з хлопцамі зь Беларусі і раней сябраваў, не зважаючы на ўсякія бойкі».

Аднак пасьля апошняга Майдану беларускія і ўкраінскія фанаты займелі агульныя каштоўнасьці й аб’ядналіся.

«Пуцін меў для нас іншую мадэль, — расказаў Паўлаў. — Калі пачаўся Майдан, паказальна было, што адной зь першых ахвяраў быў беларус. Пасьля таго ніякіх пытаньняў (да беларусаў. — РС) не ўзьнікала».

Кульмінацыяй яднаньня стаў леташні матч паміж зборнымі Ўкраіны й Беларусі ў Барысаве. Тады фанацкія трыбуны скандавалі адна адной «Слава Ўкраіне» і «Жыве Беларусь». Пры гэтым, што будзе адбывацца ў Барысаве, украінцы да канца ня ведалі.

«Фанаты Беларусі — яны ў большасьці патрыёты, — расказаў Паўлаў. — Выглядае, і ў нас, і ў беларусаў ёсьць супольныя тэмы, адна субкультура, адна мэнтальнасьць. Усе пераклічкі — гэта спантанна выйшла. Ніхто пра гэта не дамаўляўся».

Праўда, сам Тарас да Барысава не даехаў. Беларускія памежнікі паставілі яму ў пашпарт штамп аб забароне ўезду — толькі аднаму чалавеку з усяго мікрааўтобуса. Без тлумачэньняў яго проста высадзілі.

Супольныя акцыі мы праводзім толькі зь беларусамі

Зь ягоных словаў, украінцам было прыемна адчуць такі нечакана цёплы прыём на выязным матчы.

«Мы разумелі, што і ў вас ёсьць людзі зь іншым пунктам гледжаньня, — расказаў Паўлаў. — Ёсьць людзі, якія думаюць сваёй галавой, а не глядзяць навіны».

Яшчэ раней беларускія фанаты прыяжджалі ў Львоў на фан-турнір. Гэтым разам перад матчам яны плянуюць здаваць кроў для байцоў АТА. Такім чынам беларусы выкажуць падтрымку Ўкраіне, якая другі год цярпіць ад вайсковага канфлікту на Данбасе. Тым больш шмат хто зь мясцовых фанатаў трапіў у прызыў ці пайшоў добраахвотнікам на вайну.

«Здаваць кроў прапанавалі хлопцы зь Беларусі, — расказаў Тарас. — Рэвалюцыя ўсё зьмяніла. У нас зьявіўся агульны вораг. Кожны адэкватны беларус гэта бачыць».

Украінец кажа, што сяброўства паміж заўзятарамі дзьвюх краінаў — сапраўды ўнікальнае. Беларусы, увогуле, адзіныя замежныя заўзятары, з кім украінцы праводзяць агульныя акцыі.

«Такога ўвогуле не існуе. У нас зь беларусамі ёсьць агульнае разуменьне праблемаў, не зважаючы на межы і адлегласьці, — расказаў Паўлаў. — Дай бог, так будзе далей, і ніякія прапагандысцкія машыны ня будуць уключацца на разлад між народамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG