Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: «Хіба ж можна ажывіць дохлых коней?»


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Спробы беларускіх уладаў яшчэ раз «запусьціць» тыя ж заводы тымі ж спосабамі і тымі ж інструмэнтамі падобныя да спробаў «прыняць меры і мерапрыемствы па ажыўленьні дохлых коней».

Такое параўнаньне робіць у Фэйсбуку кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Яшчэ ў праграме першай пяцігодкі Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра намер „запусьціць заводы“. Так, запусьціць іх тады ўдалося. За кошт велізарнага інфляцыйнага падатку, да ўсяго абыякавага расейскага рынку, шчодрай для беларускіх вытворцаў схемы па ўзаемазаліках (разьлікі натурай за энэргарэсурсы), аднаўленьня старога савецкага ладу, а таксама датацыяў, ільготаў і прэфэрэнцыяў для абраных намэнклятурных фаварытаў».

Аднак спробы яшчэ раз прайсьці гэтым жа шляхам плёну не прыносяць. Больш за тое, менавіта тыя прадпрыемствы альбо галіны вытворчасьці, якія ўлады абвяшчаюць прыярытэтнымі, ці ня першымі вылятаюць у трубу.

Свае развагі экспэрт падмацоўвае параўнальнымі лічбамі вытворчасьці за 2011 і 2015 гады:

Трактары: 66 800 і 34 300;

Грузавыя аўтамабілі: 23 300 і 6000;

Аўтобусы: 2162 і 795;

Станкі для апрацоўкі мэталу: 5300 і 1100;

Тэлевізары: 404 000 і 22 000;

Абутак: 17,1 мільёна і 9,9 мільёна пар;

Трыкатажныя вырабы: 64 мільёны і 38 мільёнаў штук;

Каўбасныя вырабы: 289 800 тон і 225 600 тон.

Дзяржаўная праграма разьвіцьця цэмэнтнай вытворчасьці прадугледжвала павелічэньне вытворчасьці цэмэнту да 10 мільёнаў тон. У 2011 годзе цэмэнту вырабілі 4,6 мільёна тон, у 2015 — 4,64 мільёна.

Нацыяналізацыя двух вядучых беларускіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў, «Спартака» і «Камунаркі», суправаджалася абяцаньнямі ўраду радыкальна палепшыць якасьць кіраваньня і працы гэтай галіны. Вынікі сьведчаць пра іншае — калі ў 2011 годзе шакаляду і кандытарскіх вырабаў было 71,5 тысячы тон, то ў 2015-м — 55,4 тысячы.

«Прапагандысты і ідэолягі палохаюць беларусаў, што калі краіна пачне рынкавыя рэформы, то яе чакае дэіндустрыялізацыя, — піша Яраслаў Раманчук. — Як заўсёды, яны ігнаруюць рэальныя факты, прыпісваючы рынку і свабодзе тое, у чым вінаватая мадэль Дзяржпляну — Дзяржзабесьпячэньня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG