Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: «Перад выбарамі ўлады пачалі раздаваць грошы зь бюджэту»


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Аляксандар Лукашэнка падпісаў шэраг указаў аб стабілізацыі фінансавага становішча буйных прамысловых прадпрыемстваў краіны.

У прыватнасьці, паводле ўказу № 280 Менскаму трактарнаму заводу дадзена права ажыцьцявіць эмісію аблігацыяў у аб’ёме да 150 мільёнаў даляраў. Паводле ўказу № 282 МТЗ атрымаў права на растэрміноўку выплаты завінавачанасьці па ПДВ у памеры 59,5 мільярда рублёў.

Істотная падтрымка паабяцана і «Гомсельмашу». Згодна з указам № 281 Міністэрству фінансаў даручана выпусьціць аблігацыі на суму 425,8 млн даляраў, якія павінны выкупіць камэрцыйныя банкі. Удзельнікам холдынгу «Гомсельмаш» да 1 жніўня са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія паступілі ад разьмяшчэньня пазыковых папер, павінны быць дадзены бюджэтныя пазыкі ў далярах са штоквартальнай выплатай працэнтаў за карыстаньне імі ў памеры 7% гадавых.

Ва ўказе № 284, які прадугледжвае захады, скіраваныя на «стабілізацыю фінансава-эканамічнага стану асобных прамысловых арганізацыяў», восем пунктаў маюць грыф «для службовага карыстаньня».

Ці дапамогуць гэтыя захады прамысловым прадпрыемствам, якія цяпер у цяжкім эканамічным стане? Яраслаў Раманчук выказаў такое меркаваньне:

— Безумоўна, дапаможа. Калі даць прадпрыемству даволі вялікія грошы — паўмільярда даляраў на 4 месяцы — то можна і заробкі заплаціць, і нешта купіць, і трактары прадаць на ўмовах лізінгу. Перад гэтым была таксама пастанова аб падтрымцы дрэваапрацоўчай прамысловасьці. Так што перад выбарамі ўлады зноў пачалі рабіць тое, што яны ўмеюць — раздаваць грошы зь бюджэту, раздаваць крэдыты альбо даваць у доўг. Так што нічога новага тут няма, замест паўнавартаснай структурнай рэформы мы маем працяг «саўка».

Перад выбарамі ўлады зноў пачалі рабіць тое, што яны ўмеюць — раздаваць грошы зь бюджэту, раздаваць крэдыты альбо даваць у доўг

— У гэтай пастанове 8 пунктаў засакрэчаныя, маўляў, «для службовага карыстаньня». Чаму яна такой таямніцай пакрыта?

— Сёлета ўпершыню за многія гады нават беларуская інвэстыцыйная дзяржаўная праграма таксама засакрэчана. Мяркую, што робіцца гэта дзеля таго, каб экспэрты, журналісты, тыя людзі, якія сочаць за беларускай эканомікай, не маглі праверыць нашых чыноўнікаў, а таксама «чырвоны дырэктарат», як яны выкарыстоўваюць гэтыя грошы. Гэта вельмі слабая пазыцыя людзей, якія хацелі б «прадаць» нам рэформы, але на самой справе робяць тое самае, што яны рабілі апошнія 20 гадоў.

— А што стаіць за ўказаньнем кшталту «Міністэрству фінансаў даручана выпусьціць аблігацыі на суму 425,8 млн даляраў, якія павінны выкупіць камэрцыйныя банкі»?

— У нас што камэрцыйныя, што дзяржаўныя банкі — не самастойныя, гэта ж фінансавыя канторы пры Адміністрацыі прэзыдэнта, пры ўрадзе. Ім загадаюць: выдаткуйце ня проста датацыі, а дайце грошы пад пэўныя фінансавыя інструмэнты, якія называюцца аблігацыямі. І тут нічога новага няма. Проста ўсё гэта такая непасрэдная пагроза росту інфляцыі і падзеньня курсу беларускага рубля. Калі такая фінансавая падтрымка прадпрыемстваў будзе працягвацца ў масавым парадку (а ўжо да таго падобна), то ўвосень мы атрымаем значна большае напружаньне ў валютным сэктары і значна большы ціск на цэны.

XS
SM
MD
LG