Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад пацьвердзіў паведамленьне незалежных назіральнікаў і сродкаў інфармацыі, што ўрадавыя сілы блізкія да поўнага кантролю над горадам, уключаючы ўсходнюю частку Алепа.
«Гэта не азначае канец вайны ў Сырыі. Але гэта будзе вялізным крокам на шляху да гэтай мэты», — сказаў Асад газэце «Аль-Ватан» у інтэрвію, якое цалкам павінна быць апублікаванае 8 сьнежня.
Таксама Асад пацьвердзіў, што ён мае штодзённыя кансультацыі з Расеяй. «Ніводнае рашэньне не прымаецца без дыскусій паміж дзьвюма краінамі», — прыводзіць яго словы выданьне Mayadeen.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 7 сьнежня ў нямецкім Гамбургу сустрэўся зь дзяржаўным сакратаром ЗША Джонам Керы. Ні аб якім прагрэсе ў дыялёгу пра Сырыю бакі не паведамілі.
У распаўсюджаным 7 сьнежня заяве лідэры Нямеччыны, Францыі, Італіі, ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі заклікалі да неадкладнага спыненьня агню ў Алепа і асудзілі Расею і Іран за падтрымку сырыйскага ўраду.
«Важна, што гэта сумесная заява. Рызыкай для міжнароднай супольнасьці зьяўляецца абыякавасьць да трагедыі сырыйскага народу зь 10 мільёнамі перамешчаных асобаў, з 4,5 мільёна бежанцаў», — сказаў 7 сьнежня ў Парыжы міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро.
Урадавыя сілы Сырыі і іхныя саюзьнікі 7 сьнежня ўстанавілі поўны кантроль над Старым горадам у Алепа, да гэтага часу кантраляваным антыўрадавымі паўстанцамі. Цяпер, паводле падлікаў назіральнікаў, ляяльныя прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду сілы кантралююць каля 80% усходняй часткі Алепа. Чатыры гады гэтая частка гораду была пад уладай апазыцыі.