Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбей за нафту: член-карэспандэнт Акадэміі навук Раман Айзьберг пра тое, што пад намі


Радовішча нафты на Гомельшчыне

Радовішча нафты на Гомельшчыне

«Я думаю, нафта ў нас недзе ёсьць», — абмовіўся кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка напрыканцы ліпеня. А ўжо празь месяц ня так даўно прызначаны на пасаду міністар прыроды Андрэй Каўхута абвясьціў, што ў Беларусі знайшлі чарговае, «і не малое», па словах міністра, радовішча нафты. Шацілкаўскае радовішча, знойдзенае ў Прыпяцкім прагіне, некаторыя экспэрты пасьпяшаліся назваць «фэйкам» і ледзьве не палітычным піярам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Але нафту ў Беларусі здабываюць ужо паўстагодзьдзя на 61 радовішчы, яшчэ 13 радовішчаў беларусы дапамагаюць асвойваць у Вэнэсуэле, а 4 маюць у Расеі.

Вядомы геоляг, член-карэспандэнт Акадэміі навук Раман Айзьберг распавядае Радыё Свабода, якія пэрспэктывы далейшых адкрыцьцяў у Беларусі традыцыйных і нетрадыцыйных крыніцаў нафты і газу.

Радовішча, якім пацешылі Лукашэнку, вядомае як непрамысловае ўжо дзясяткі гадоў

Раман Айзьберг

Раман Айзьберг

Прамысловае значэньне гэтай залежы пацьвердзіла сьвідраваньне апошняй сьвідравіны. Паводле папярэдніх разьлікаў, сумарныя здабыўныя запасы радовішча нафты невялікія. І прыблізна могуць складаць адну дзясятую аб’ёму цяперашняй штогадовай здабычы нафты ў прамысловым аб’яднаньні «Беларуснафта».

У прэсе і інтэрнэце пайшлі загалоўкі — «значнае радовішча». Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Аднак, хоць яно і невялікае, але цалкам рэнтабэльнае для распрацоўкі і знаходзіцца ў вельмі спрыяльных інфраструктурных умовах, дзе абсталяваная тэрыторыя, ёсьць трубаправоды. І пасьля некаторага абсталяваньня сьвідравін яго можна наўпрост падключаць і здабываць нафту. Вядома, яго трэба выкарыстоўваць.

Адзначу, што навуковае абгрунтаваньне для адкрыцьця прамысловай залежы Шацілкаўскай плошчы выканана некалькі год таму (3–4 гады) групай геолягаў і геафізыкаў пад кіраўніцтвам Яраслава Грыбіка — былога галоўнага геоляга расфармаванага цяпер РУП «Белгеалёгія». Гэтая ж група навукоўцаў вызначыла і месца сьвідраваньня.

Як непрамысловая гэтая залеж вядомая ўжо дзясяткі год. На гэтай плошчы рабілі некалькі сьвідравін, і цяпер у выніку руплівых дасьледаваньняў быў атрыманы прамысловы прыток. Таму радовішча можна пачынаць эксплюатаваць.

Увесь галас вакол гэтага радовішча тыповы для абстаноўкі, калі адны хочуць атрымаць вельмі радасныя весткі, а іншыя, наадварот, кажуць, што ўсё гэта бязглузьдзіца.

Адна сьвідравіна каштуе да трох з паловай мільёнаў даляраў

Пошукавымі працамі ў Беларусі займаюцца дзьве арганізацыі. Самая першая — гэта геалягічная арганізацыя, якая неаднаразова мяняла сваё найменьне. Было аб’яднаньне «Беларусьгеалёгія», пасьля «Белгеалёгія», а цяпер гэта аб’яднаньне навуковага інстытуту з вытворчымі экспэдыцыямі. Называецца яно Навукова-практычны цэнтар па геалёгіі.

Дык вось гэтая арганізацыя цалкам бюджэтная. Колькі грошай даюць на геолягавыведныя працы, столькі яны і выкарыстоўваюць.

Без навуковага абгрунтаваньня і сьвідраваньня радовішчы не адкрыеш. У другой палове 60-х — першай палове 70-х гадоў бюджэтная арганізацыя «Беларусьгеалёгія» сьвідравала некалькі дзясяткаў тысяч мэтраў у год. А цяпер бюджэт на гэты год дае грошай, якіх хапае на 3,5–4 тысячы мэтраў. То бок можна прасьвідраваць адну сьвідравіну. Таму вы разумееце, якая эфэктыўнасьць гэтых працаў.

У сярэднім у Прыпяцкім прагіне адна нафтапошукавая сьвідравіна будзе каштаваць 2,5–3,5 мільёна даляраў

У цяперашняй вельмі цяжкай эканамічнай сытуацыі павялічыць бюджэтныя асыгнаваньні на нафтапошукавыя працы таксама праблематычна. У сярэднім у Прыпяцкім прагіне адна нафтапошукавая сьвідравіна будзе каштаваць 2,5–3,5 мільёна даляраў. Палічыце, колькі гэта ў беларускіх грошах — прыкладна 40–45 мільярдаў. Прычым у вас ніколі няма стопрацэнтовай упэўненасьці, што вы адкрыеце нафту, бо ўсе пошукавыя працы ў геалёгіі — працэс імавернасны.

Напрыклад, вы можаце зрабіць 2–3 сьвідравіны, нафту не знайсьці, і тады скажуць — навошта вы марнуеце грошы? А тым больш калі вы такія вялізныя грошы на сьвідраваньне атрымліваеце зь бюджэту, дзе на ўсё пра ўсё НПЦ па геалёгіі даюць абсалютна недастатковае фінансаваньне. Прасьвідруеце дзьве сьвідравіны — і «пасадзіце» ўсю астатнюю геалёгію.

«Беларуснафта» перажывае ня лепшыя часы

Але ёсьць і другая арганізацыя, якая займаецца здабычай і выведкай нафты. Гэта «Беларуснафта», якая пры высокіх цэнах на нафту фінансава вельмі прыстойна сябе пачувала. Таму што дзяржава дазволіла нафтавікам прадаваць частку нафты, якую яны здабываюць. Гэта важна. Там непараўнальна больш высокія заробкі ўсіх супрацоўнікаў у параўнаньні з геалягічнай службай.

У іх ёсьць актывы ў Заходняй Сыбіры — ня надта вялікія, але здабычу яны там ажыцьцяўляюць. Яны праводзяць працы па распрацоўцы радовішча ў Вэнэсуэле — сваімі мэтадамі, працоўнымі рэсурсамі дапамагаюць здабываць там нафту і за гэта атрымліваюць грошы. У свой час яны працавалі ў Іране, але не зусім удала, і досыць хутка згарнуліся.

І «Беларуснафта» таксама ажыцьцяўляла нафтапошукавыя працы. Але, падкрэсьліваю, за ўласны кошт.

У цяперашняй сытуацыі, калі рэзка ўпалі прыбыткі ад продажу нафты, «Беларуснафта» ня можа сабе дазволіць колькі-небудзь шмат сьвідраваць. Бо, апроч пошукавых сьвідравінаў, яны мусяць рабіць і іншыя — гэта асваеньне радовішчаў, разьвіцьцё інфраструктуры, непасрэдна сьвідравіны для здабычы і сьвідравіны для нагнятаньня вады, для падтрыманьня ціску і гэтак далей.

Калі раней «Беларуснафта» была прынамсі сярод 15 арганізацыяў, якія давалі максымальны прыбытак у беларускі бюджэт, то ў гэтым годзе я іх у гэтым сьпісе не пабачыў. Але яны па-ранейшаму трымаюцца на добрым плыву. Перш за ўсё таму, што ў іх вельмі прафэсійныя і разумныя кіраўнікі.

Новыя буйныя радовішчы нафты ў Беларусі наўрад ці адкрыюць, але пошук сярэдніх і невялікіх трэба працягваць

Калі нафта на сусьветных рынках каштавала 110–115 даляраў за барэль, можна было інвэставаць вялікія сродкі ў пошукавыя працы. Бо калі яе здабывалі, то атрымлівалі добры прыбытак. Цяпер нафта ўпала ніжэй за 50 даляраў за барэль, і па ўсім сьвеце ўсе пошукавыя працэсы істотна аслаблі. Таму і інвэстыцыі ў нафтапошукавыя працы істотна зьнізіліся.

У Беларусі чакаць адкрыцьцяў буйных радовішчаў не выпадае. Да прыкладу, такіх вельмі прыстойных залежаў, якія былі адкрытыя ў сярэдзіне-канцы 60-х і на пачатку 70-х. Гэта найперш такія радовішчы, як самае першае адкрытае Рэчыцкае, Асташкавіцкае ды іншыя. Але і невялікія, і сярэднія па запасах радовішчы нафты ў Прыпяцкім прагіне неабходна шукаць. Калі нават невялікую залеж тут удасца адкрыць, гэта вельмі важна, бо «Беларуснафта» можа з ходу пачаць яго эксплюатаваць, здабываць там прадукт.

З чыста навуковай пэрспэктывы за межамі той геалягічнай структуры, якую мы называем Прыпяцкі прагін — гэта ў асноўным Гомельская вобласьць зь нязначным прыхватам Магілёўскай — шанцаў адкрыць новыя радовішчы традыцыйных вуглевадародаў нязначныя.

Два рэгіёны, дзе радовішчы маглі б быць, — гэта так званая Падляска-Брэсцкая ўпадзіна і Аршанская ўпадзіна. Раней я асабіста больш аптымістычна глядзеў на гэтыя рэгіёны. Але цяпер прыйшоў да высновы, і іншыя геолягі таксама, што шанцы знайсьці там традыцыйныя вуглевадароды надзвычай малыя.

Здабыча нафты ў вёсцы Ка́параўка Рэчыцкага раёну

Здабыча нафты ў вёсцы Ка́параўка Рэчыцкага раёну

«Сланцавая нафта» ня мае да сланцу ніякага дачыненьня, а ідэю яе здабычы прапанавалі яшчэ ў СССР

Але ў Падляска-Брэсцкай і Аршанскай упадзіне, як і ў Прыпяцкім прагіне, ёсьць магчымасьць адкрыць так званыя нетрадыцыйныя крыніцы вуглевадародаў. Тое, што цяпер у прэсе называюць «сланцавай нафтай» ці «сланцавым газам». Назва гэтая — абсалютны слэнг. Да сланцаў гэта ня мае аніякага дачыненьня і значна пераблытана.

Сам панятак «сланцавыя вуглевадароды» — хутчэй зьвязаны з тэхналёгіяй здабычы іх зь вельмі шчыльных і нізкапранікальных парод. Калі раней вы мелі справу з нафтанасычанымі пародамі, якія пры нармальнай традыцыйнай тэхналёгіі досыць хутка «аддавалі нафту», то гэта вельмі шчыльныя пароды, зь якіх амэрыканцы навучыліся выцягваць вуглевадароды адмысловымі тэхналёгіямі.

Гэта найперш разьвіцьцё так званага субгарызантальнага ці гарызантальнага сьвідраваньня, калі сьвідравіны сьвідруюць не вэртыкальна, а субгарызантальна. Тады сьвідравіна ідзе нібыта па нафтаносным ці газаносным пласьце, і, натуральна, яна больш адбірае прадукцыі. Гэта першы момант.

Другі момант — так званы гідраразрыў. У амэрыканцаў гэта і шматстадыйны гідраразрыў, ідэя якога была высунутая, дарэчы, у СССР яшчэ ў 50-х гадах. Але, як заўжды, у нас часта пра такое забываюць ці не разьвіваюць. Амэрыканцы ж выкарысталі гэтую ідэю і ў 90-х і на пачатку 2000-х пачалі разьвіваць вельмі прасунутую і інавацыйную тэхналёгію. Сутнасьць яе ў тым, што нават у вельмі шчыльных пародах заўжды існуюць схаваныя ці дробныя шчыліны. Пад дынамічным узьдзеяньнем вадкасьці іх раскрываюць, узьдзейнічаюць адмысловымі хімічнымі рэагентамі, пасьля замацоўваюць адмысловым матэрыялам, які ў прафэсіяналаў называецца «прапанты». І ўстрымліваюць гэтыя шчыліны, што дазваляе здабываць нафту.

Вось гэтую працэдуру амэрыканцы вельмі прасунулі і пачалі моцна нарошчваць найперш здабычу газу. Яны перагналі ў гэтым Расею, а ў мінулым годзе выйшлі на першае месца па здабычы нафты, выкарыстоўваючы тэхналёгію здабычы сланцавых вуглевадародаў.

У Расеі ж гэтыя тэхналёгіі ў надзвычай слабым стане. Іх часткова асвойваюць нафтавікі Беларусі, у прыватнасьці — сьвідраваньне субгарызантальных сьвідравінаў. Такіх прасьвідравана тут ужо прыкладна паўтара дзясятка. Нават асвоілі працэс шматстадыйнага гідраразрыву. Але і гэтая працэдура досыць дарагая — і гарызантальнае сьвідраваньне, і ўсе суправаджальныя працэсы.

Заходнія антырасейскія санкцыі найперш забаранілі продаж тэхналёгіяў па здабычы марской нафты

Ёсьць яшчэ цяжкі кампанэнт пры здабычы сланцавай нафты — гэта экалёгія. Натуральна, не «баржомі» ў гэтыя пароды запампоўваюць і не празрыстыя прэсныя воды. Пытаньне з экалёгіяй прывяло да таго, што ў Эўропе, у прыватнасьці ў Францыі, у Нямеччыне, былі прынятыя законы, якія забаранялі вось гэтыя гідраразрывы нават для пошукавых прац. Хоць, як вы разумееце, і звычайныя распрацоўкі нафты і газу таксама не ператвараюць гэтыя тэрыторыі ў курорты, бо пасьля іх патрэбная прыстойная экалягічная рэкультывацыя ўсіх тэрыторыяў.

Здабыча сланцавых вуглевадародаў — гэта больш дарагая прыемнасьць, да таго ж зьвязаная з экалягічнымі праблемамі

Таму здабыча сланцавых вуглевадародаў — гэта больш дарагая прыемнасьць, да таго ж зьвязаная з экалягічнымі праблемамі. Па кошце, як адзначаюць амэрыканскія крыніцы, гэта льга супаставіць з падводнай здабычай, якую вядуць на шэльфах мораў.

Калі цяпер Захад увёў усялякія забароны на гандаль тэхналёгіямі з Расеяй, то перш за ўсё забаранілі тэхналёгіі, зьвязаныя з пошукам і здабычай марской нафты. У Расеі гэта надзвычай кепска разьвіта. Але іх можна зразумець, бо яны маюць досыць вялікія тэрыторыі і на сушы. Хоць гэта таксама ня вырай — Сыбір, але ўсё ж такі не сьвідраваньне ў моры.

І цяпер, калі абрынуўся нафтавы рынак, то ўкладаньні ў пошукі вось гэтых сланцавых вуглевадародаў, натуральна, скараціліся.

У Беларусі сланцавыя вуглевадароды могуць быць!

Менавіта гэтыя радовішчы — крыніцы «сланцавай нафты» — могуць быць у Беларусі, і магу сказаць, што і па-за межамі Прыпяцкага прагіну. Каб іх знайсьці, патрэбныя талковыя навуковыя абгрунтаваньні і грошы. Каштаваць гэта будзе досыць дорага. І пры цяперашніх фінансавых і эканамічных умовах самі разумееце, ува што гэта можа выліцца.

Нетрадыцыйныя крыніцы могуць быць і ў самім Прыпяцкім прагіне, дзе мы маем традыцыйныя крыніцы і выявілі ўжо дзясяткі радовішчаў нафты. Там нетрадыцыйныя крыніцы вуглевадародаў могуць быць у так званых камбінаваных радовішчах, дзе будуць пласты як традыцыйнай нафты, так і нетрадыцыйнай. Гэта пераслойныя адкладаньні з высокапранікальных ці сярэднепранікальных пластоў, якія аддаюць нафту пры нармальных тэхналёгіях. І могуць быць такія пласты, якія патрабуюць дадатковых тэхналягічных узьдзеяньняў, каб узяць там нафту.

Можна сказаць, што адну такую залеж пад назвай Геалягічная выявіла «Беларуснафта», якая ўжо гадоў пяць-шэсьць шчыльна гэтай праблемай займаецца. Гэта ўсё дзякуючы настойлівым намаганьням найперш кіраўніцтва «Беларуснафты» і дзякуючы таму, што яны мелі фінансавыя магчымасьці ўсё гэта рабіць.

Нядаўна група геолягаў «Беларуснафты» і НАН Беларусі абгрунтавалі імавернасьць існаваньня ў Прыпяцкім прагіне зон ня толькі з традыцыйнымі крыніцамі нафты (гэта вядома ўжо 50 гадоў), але і зь нетрадыцыйнымі і камбінаванымі. Ужо цяпер прадстаўляе інтарэс імавернасьць распрацоўкі на эксплюатаваных радовішчах нафты нетрадыцыйных і камбінаваных залежаў вуглевадародаў.

Увогуле пры ацэнцы пэрспэктыў нафтагазаноснасьці любых тэрыторыяў навуковыя дасьледаваньні павінны апераджаць усе іншыя віды і кірункі геалягічных дасьледаваньняў. Навука павінна суправаджаць геолягавыведныя працы на ўсіх этапах іх правядзеньня. Эканомія на навуковых дасьледаваньнях вызначае пройгрыш у галоўным — адкрыцьці і асваеньні карысных выкапняў.

Даведка Свабоды:

Раман Яфімавіч Айзьберг (нар. 1933) — доктар геоляга-мінэралягічных навук, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстаньня НАН РБ, член-карэспандэнт НАН РБ (2000). Аўтар 400 навуковых прац, у тым ліку 26 манаграфіяў.

Адзін зь вядучых экспэртаў у пытаньні нафтагазаноснасьці Беларусі. Нафтапошукавыя працы ў краіне вядуцца на падставе мапаў нафтагеалягічнага раянаваньня Прыпяцкага палеарыфтавага басэйна, нафтагеалягічнага раянаваньня Беларусі, распрацаваных пры ягоным удзеле. Ён аўтар фундамэнтальных манаграфіяў, прысьвечаных пытаньням нафтагазаноснасьці Беларусі і захаду Ўсходне-Эўрапейскай плятформы.

У Беларусь прыехаў у 1965 годзе, пасьля адкрыцьця першага ў рэспубліцы Рэчыцкага нафтавага радовішча. У супрацы з Залманам Гарэлікам, Андрэем Сінічкам, Уладзімерам Макарэвічам распрацаваў новы падыход да дасьледаваньня Прыпяцкага прагіну.

У 1972–1974 гадах разам з групай навукоўцаў удзельнічаў у стварэньні Тэктанічнай мапы Беларусі. У 1978 годзе за стварэньне мапы і манаграфіі «Тэктоніка Беларусі» разам з групай навукоўцаў быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

У другой палове 80-х стаў займацца праблемамі геадынамікі захаду Ўсходне-Эўрапейскай плятформы, у 90-я дасьледаваў праблемы сэйсматэктонікі і нэагеадынамікі. Праблемы нафтагазаноснасьці тэрыторыі Беларусі застаюцца прыярытэтнымі ў яго дасьледаваньнях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG