Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рак — гэта хвароба, якая не выбірае — ці ты лекар, ці ты шахцёр. Мы перад ёй роўныя»


Павал Маісееў на прэзэнтацыі кнігі «Жыцьцё пасьля раку»

Павал Маісееў на прэзэнтацыі кнігі «Жыцьцё пасьля раку»

4 лютага — Сусьветны дзень барацьбы супраць раку. У 2000 годзе яго абвясьціў Міжнародны зьвяз дзеля змаганьня з анкалягічнымі захворваньнямі (UICC). Мэта правядзеньня — падвысіць абазнанасьць жыхароў плянэты наконт раку як аднаго з самых цяжкіх захворваньняў сучаснасьці, а таксама прыцягнуць увагу грамадзкасьці да яго папярэджаньня, выяўленьня і лячэньня.

«Жыцьцё пасьля раку» — такую назву атрымаў адмысловы праект, які ў 2014 годзе на Радыё Свабода распачала журналістка Ганна Соўсь. Гэта дзясяткі гісторыяў людзей, якія захварэлі на рак, але ў выніку намаганьняў мэдыкаў і ўласных высілкаў перамаглі хваробу і вярнуліся да актыўнага ладу жыцьця. У выніку ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга «Жыцьцё пасьля раку», прысьвечаная гэтым людзям і прыкладу іх змаганьня за жыцьцё. Экспэртам у тэме раку на Радыё Свабода стаўся загадчык аддзелу арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў. З нагоды Сусьветнага дня барацьбы супраць раку Павал Маісееў адказаў на пытаньні Свабоды:

— На момант пачатку праекту Радыё Свабода «Жыцьцё пасьля раку» ў Беларусі анкалягічны дыягназ мелі каля 250 тысяч чалавек — чвэрць мільёна жыхароў краіны. Як зь цягам часу мяняецца статыстыка захворваньняў?

— Сапраўды, гэтае пытаньне турбуе ўсіх — ці расьце колькасьць захворваньняў на рак, тым больш што ў гэтым сэнсе ў нашай краіне ёсьць свае асаблівасьці. Мушу сказаць, што статыстыка нас ня можа радаваць, бо колькасьць хворых на рак штогод павялічваецца на 800–900 чалавек. Але гэта ня сьведчыць пра эпідэмію раку, бо падобныя тэндэнцыі маюць месца ва ўсім сьвеце. І, дарэчы, Беларусь адносіцца да краін зь сярэднім ростам захворваньняў на злаякасныя пухліны. Перадусім гэта зьвязана з тым, што паляпшаецца дыягностыка, а таксама павялічваецца працягласьць жыцьця. А з працягласьцю жыцьця павялічваецца небясьпека ракавых пухлін, бо гэтая хвароба характэрная для сталага ўзросту. Як я заўсёды кажу — за ўсё трэба плаціць: калі мы жывем больш, то павінны разумець, што рызыка разьвіцьця злаякасных пухлін таксама павялічваецца.

— Якія органы чалавека церпяць ад злаякасных пухлін перадусім?

— Структура анкалягічных захворваньняў таксама ня дужа адрозьніваецца ад заходнеэўрапейскай. У жанчын перадусім гэта рак малочнай залозы, а таксама тоўсты кішэчнік. У мужчын за апошнія два гады на першае месца выйшаў рак прастаты, а раней гэта быў рак лёгкіх. Гэта зноў жа можна зьвязаць з тым, што палепшылася дыягностыка, і гэты паказчык не азначае нічога, акрамя таго, што павысілася выяўляльнасьць захворваньня. Злаякасныя пухліны лёгкага ў мужчын застаюцца на другім месцы, але варта адзначыць, што павялічваецца колькасьць раку лёгкіх у жанчын. Гэта можна ахарактарызаваць як наступствы курэньня, бо ня толькі мужчыны ня сталі курыць менш, але павялічылася колькасьць жанчын, якія таксама кураць.

— Ці ёсьць сувязь паміж статыстыкай захворваньняў у розных рэгіёнах краіны і наступствамі чарнобыльскай аварыі?

— Нельга сказаць, што нейкая вобласьць ці рэгіён Беларусі вылучаецца адносна іншых. Хіба крыху вылучаецца Менск, і тут усё зразумела — і зьмяшанае насельніцтва, і ўмовы жыцьця іншыя. Але і Менск ня мае пэўнай рысы, якая б адрозьнівала сытуацыю ад іншых рэгіёнаў. Што тычыцца Чарнобыля, то гэтае пытаньне заўсёды паўстае ў зьвязку з анкалягічнымі захворваньнямі.

Але вось сёлета ўжо будзе 30 гадоў ад часу аварыі, і ўпэўнена можна казаць, што дакладна выяўленага ўзьдзеяньня наступстваў катастрофы на рост ці структуру злаякасных пухлінаў у нашай краіне няма.

За выключэньнем раку шчытападобнай залозы — гэтая сувязь безумоўная і адназначная, і тут нічога даказваць няма патрэбы. Што тычыцца структуры сьмяротнасьці ў выніку анкалягічных захворваньняў, то хворыя на рак складаюць 14% ад агульнай колькасьці памерлых.

— Як выяўляюцца захворваньні перадусім: гэта робяць мэдыкі ці сам чалавек?

— Тут шмат што залежыць ня толькі ад мэдыцыны, хоць на сёньня ёсьць дастатковая тэхнічная база для дыягностыкі і лекаваньня. Чалавек мусіць і сам пільнавацца. Калі хворы не зьвяртае ўвагі на пэўныя сымптомы і зьмены ў арганізьме, то ніякае абсталяваньне не дапаможа. Калі чалавек ня зьвернецца да прафіляктычнага ці прафэсійнага агляду, то вынік будзе адпаведны. Тым часам для лячэньня злаякасных пухлін сёньня мы маем амаль усё: добрыя дыспансэры ў абласных гарадах, наш цэнтар, неабходныя лекі, абсталяваньне для хіміятэрапіі, апраменьваньня. Што тычыцца дыягностыкі, то, стварыўшы грунтоўную базу для лекаваньня, варта займацца ўдасканальваньнем тэхнічнай базы для дыягностыкі. Бо трэба прызнаць, што вясковым жыхарам больш складана трапіць у дыягнастычны цэнтар, а ўмовы працы і жыцьця на вёсцы таксама гэтаму не спрыяюць.

І на сёньня мы маем такую сытуацыю, што і захворвальнасьць, і сьмяротнасьць вясковых жыхароў вышэйшая, чым у гараджанаў, хоць гарадзкія ўмовы менш спрыяюць здароваму ладу жыцьця.

Таму на бліжэйшыя пяць гадоў наш кірунак дзейнасьці — гэта дыягностыка на выяўленьне захворваньня яшчэ да зьяўленьня адпаведных сымптомаў. І наша задача — абсталяваць усе раённыя паліклінікі, каб выяўляць анкалёгію на самых раньніх стадыях. Бо лекаваньне першай стадыі захворваньня дае пяцігадовую выжывальнасьць у 92–92% выпадкаў, а на чацьвёртай стадыі — толькі 12–13% выпадкаў.

— Як пазьбегнуць захворваньня на рак і наколькі залежыць выздараўленьне ад самога хворага? Што ў гэтым кірунку можаце параіць людзям?.

— Лад жыцьця чалавека непасрэдна ўплывае і на захворваньне, і на лекаваньне.

Калі чалавек мяркуе, што ён можа курыць усё жыцьцё, альбо піць усё жыцьцё, альбо і тое і другое, калі ён думае, што можа есьці ўсё, што яму падабаецца, і без абмежаваньняў, то разьлічваць на добрае здароўе не выпадае.

І вельмі важна пераадолець стэрэатып, што хтосьці мае паклапаціцца пра здароўе чалавека, акрамя яго самога. Што ў гэтай сувязі параіць: разуменьня, што адказнасьць за стан нашага здароўя належыць нам самім. І калі больш уважліва паставімся да клопатаў пра сваё здароўе, то і вынік будзе іншы. А калі ўжо так здарылася з вамі ці вашымі сваякамі і знаёмымі, то хворы і лекар павінны давяраць адзін аднаму, і гэтак змогуць адолець хваробу. А адолець яе магчыма: сёньня шмат прыкладаў, калі людзі пасьпяхова завяршылі лячэньне і працягваюць працаваць, вядуць актыўны лад жыцьця. Сярод гэтых людзей ёсьць і працоўныя, і дзеячы мастацтва, і тыя ж лекары. Рак — гэта хвароба, якая не выбірае — ці ты лекар, ці ты шахцёр. Мы перад ёй роўныя.

XS
SM
MD
LG