Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларускага пісьменства ператвараецца ў Дзень камунальнай гаспадаркі


Партрэт Уладзімера Караткевіча ў Рагачове
Партрэт Уладзімера Караткевіча ў Рагачове

На падрыхтоўку Дня беларускага пісьменства, які сёлета ладзіцца 4 верасьня ў горадзе Рагачове Гомельскай вобласьці, выдаткавана з абласнога ды раённага бюджэтаў 40,8 мільярду рублёў.

Паводле пляну мерапрыемстваў, у горадзе вырашана рэканструяваць і ўпарадкаваць каля чатырох дзесяткаў аб’ектаў — замяніць цеплавыя сеткі, адрамантаваць некаторыя жылыя дамы, аўтобусныя прыпынкі, дагледзець сквэр на вуліцы Леніна, рэканструяваць высакавольтную лінію ды шмат чаго яшчэ з камунальнага сьпісу.

Дырэктар мясцовай камунальнай гаспадаркі паведамляе таксама, што да Дня беларускага пісьменства маюць аднавіць кампазыцыі «Ўязны знак „Рагачоў“» і «Памятны знак-стэла „Рагачоў“», якія сустракаюць і праводзяць гасьцей гораду над Дняпром. Да таго, як сьцьвярджае кіраўнік камунальнай службы, «у новым абліччы сустрэне сьвята й гарадзкі фантан».

«Няблага, вядома ж, аднавіць нешта ў горадзе, але ж ня дзень камунальнай гаспадаркі будуць адзначаць у Рагачове на пачатку восені, — кажа мясцовая грамадзкая актывістка, філёляг Ірына Купцэвіч. — Складваецца ўражаньне, што рыхтуюцца да чарговых „Дажынак“. Між тым з Рагачовам зьвязана жыцьцё і творчасьць ня толькі выбітных творцаў слова — Міколы Сурначова, Рыгора Суніцы, Васіля Гарбацэвіча, Алены Васілевіч, Андрэя Макаёнка, але й клясыкаў беларускай літаратуры — Міхася Лынькова, Уладзімера Караткевіча.

Стэла „Рагачоў“ не раскажа, як Міхась Лынькоў жыў тут у „будцы“, пры чыгунцы каля вёскі Старое Сяло, як нарадзіўся тут ягоны брат Рыгор Лынькоў (Суніцы), як вучыўся ў Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі альбо працаваў настаўнікам у Сьвержаньскай школе. Як не распавядзе стэла пра Рагачоў як знакавы горад для Ўладзімера Караткевіча. А ён падоўгу жыў тут у дзедавай хаце, пішучы „Ладзьдзю роспачы“, „Сівую легенду“, „Віно дажджоў“, часткова „Каласы пад сярпом тваім“, „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“. Няма тут ні музэю, ні помніка Караткевічу, ні іншых знакаў таго, як шмат Рагачоў уклаў у скарбонку беларускага пісьменства».

У аддзеле ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкаму паведамілі, што плян падрыхтоўчых мерапрыемстваў прымаўся на вышэйшым узроўні. Хутчэй за ўсё імя Караткевіча будзе нададзена Дому кнігі, дзе месьцяцца раённая і дзіцячая бібліятэкі. Ва ўстановах культуры раёну плянуюцца розныя літаратурныя вечарыны, прысьвечаныя творчасьці беларускіх майстроў слова.

Што да музэю Ўладзімера Караткевіча, то ягоныя сваякі нібыта не пагаджаюцца аддаць «дом дзеда Васіля» ўзамен на кватэру.

Пра помнік Уладзімеру Караткевічу альбо, напрыклад, ягонаму знакамітаму герою — «упартаму рагачоўцу» Гервасію Выліваху з «Ладзьдзі роспачы» гаворка, на жаль, не вядзецца.

«Калі б у Рагачове, Кісьцянях, Азярышчы, іншых мясьцінах, дзе бываў наш беларускі клясык, усталявалі нейкія памятныя знакі, можна было б арганізаваць шыкоўны турыстычны маршрут.

Чаму б гораду на беразе Дняпра ня мець скульптурнай кампазыцыі Выліваху, які гутарыць з каралевай Бонай?

Вядомы і такі факт: 7 жніўня 1959 года каля вёскі Азярышча Караткевіч убачыў на стромкім адхоне высокага правага берагу Дняпра ігрушу, і яму прыйшоў у галаву пачатак гістарычнага раману „Каласы пад сярпом тваім“. Тутэйшае Прыдняпроўе, Рагачоў займаюць асаблівае месца ў жыцьцёвым і творчым лёсе пісьменьніка. І пра гэта ніяк нельга забываць, а тым больш, рыхтуючыся да сьвята беларускага пісьменства», — лічыць філёляг з Рагачова Ірына Купцэвіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG