Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радыё застанецца: яно заўжды пад рукой». Апытаньне ў Магілёве


©Shutterstock

©Shutterstock

Апытаньне Свабоды да Ўсясьветнага дня радыё: «Як часта вы слухаеце радыё? Ці вытрымае яно канкурэнцыю з інтэрнэтам і тэлебачаньнем? Чаму?». Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадарыня сталага веку: «Мне падабаецца яго слухаць. З прыемнасьцю слухаем з мужам, асабліва ўвечары. Тэлебачаньне надакучае. Там адно і тое самае».

Спадар: «Радыё ў мяне даўно няма. Ад яго я адмовіўся. Калі шчыра, нават забываю, што яно ёсьць. Усе сьвежыя навіны можна пабачыць па тэлебачаньні».

Спадарыня сталага веку: «Штодня беларускі канал „Культура“. Там многа музыкі, аповедаў пра дзеячаў культуры сучасных і мінулых часоў. Радыё проста неабходнае, асабліва такім людзям, якія многа часу праводзяць дома. У гэты час у інтэрнэт ня пойдзеш, а вось радыё слухаць можна».

Спадарыня: «Калі еду ў машыне, то слухаю, і звычайна гэта музычныя тэмы. Навіны — рэдка. Усё-ткі інтэрнэт бярэ сваё. Ён пад рукой».

Спадар сталага веку: «Часта слухаю. Нават люблю слухаць. Падабаюцца радыёспэктаклі, дыскусіі. Падабалася Радыё Свабода і „Нямецкая хваля“. Слухаў. Увесь час там былі дыскусіі. Але па тэлебачаньні можна пабачыць цікавей і больш, чым па радыё. Як гаворыцца, „акно ў Эўропу“ — гэта тэлебачаньне».

Малады спадар: «Падабаецца слухаць моладзевыя каналы — як фон. Забаўляе, думку разьвейвае. Інтэрнэт у машыне — гэта дарагая прыемнасьць на сёньняшні дзень. А радыё — аптымальная крыніца з гледзішча даступнасьці».

Спадар: «А ў мяне зусім радыёкропкі няма. У машыне прыймач слухаю. Дзе вясёлая музыка, тое я і слухаю. Было для мяне тэлебачаньне, але пайшоў інтэрнэт — а там знойдзеш любы фільм».

Малады спадар: «FM-станцыі слухаю і як фон, і перадачы бываюць цікавыя. У інтэрнэце ж больш інфармацыі. Ім больш карыстаюся. У інтэрнэце ж таксама радыё ёсьць. Там усё можна знайсьці».

Спадар сталага веку: «Пастаянна радыё слухаю. Яно на роўных ідзе. Можна і тэлебачаньне паглядзець, і радыё паслухаць. У машыне ж тэлевізар не паставіш. На лецішчы, на рыбалцы — таксама радыё».

Спадар: «Дык няма ў мяне радыё. Сам я інтэрнэт гляджу, тэлебачаньне ў ім. А радыё, відаць, учорашні дзень».

Малады спадар: «Вытрымлівае канкурэнцыю, бо ў радыё сьцісла падаецца інфармацыя. Нехта сьпяшаецца, або ў яго няма часу атрымліваць інфармацыю зь іншых крыніцаў».

Малады спадар: «У машыне часта слухаю. Па дому нешта раблю, дык слухаю. У машыне больш свабодныя — гэта вушы, а для інтэрнэту рукі патрэбныя. А для радыё — уключыў, настроіў і паехаў. Радыё было і застанецца. Яно заўжды пад рукой».

XS
SM
MD
LG