Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ў сушаных чарніцах знайшлі вялікае перавышэньне радыяцыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Газэта «Гомельская праўда» паведаміла са спасылкай на аддзяленьне радыяцыйнай гігіены сэнсацыйную інфармацыю: «Антырэкорд мінулага тыдня: сушаныя чарніцы зь Лельчыц перавысілі радыяактыўную норму ў 44 разы».

Да гэтага «рэкорд» сэзону належаў сьвежым чарніцам, сабраным каля вёскі Матнявічы Чачэрскага раёну. Колькасьць радыяактыўнага цэзію ў іх дасягнула 4177 бэкерэляў — у 22 разы больш, чым прадугледжана дапушчальнымі ўзроўнямі ўтрыманьня радыянуклідаў у харчовых прадуктах і пітной вадзе.

У лябараторыі Лельчыцкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі паведамілі, што сапраўды правяралі нядаўна высушаныя чарніцы, але колькасьць радыяцыйнага цэзію-137 у іх была не такая вялікая. Галоўны санітарны ўрач Анатоль Старавойтаў лічыць, што ў падліках хтосьці памыліўся. Прыбор зафіксаваў у чарніцах 6810 бэкерэляў на кіляграм — дапушчальны ўзровень перавышаны ў 18,4 раза. Калі ўзяць пад увагу хібнасьць, якую дапускае абсталяваньне, то максымальнае перавышэньне ўзроўню радыяцыі ў чарніцах — у 23 разы, але ніяк ня ў 44.

Натрапіць на Гомельшчыне на моцна заражаную грыбную альбо ягадную мясьціну зусім ня дзіва. У тым жа Лельчыцкім раёне цэлыя вёскі жывуць зь лесу — зьбіраюць грыбы й ягады, самі спажываюць і нарыхтоўшчыкам прадаюць.

Жыхар вёскі Новае Палесьсе Лельчыцкага раёну Фёдар Баравы кажа:

«Соткі, а найбольш грыбы й ягады — вось што корміць тутэйшы люд. На лісічках, чарніцах і журавінах можна 3–5 тысяч новымі зарабіць. А ў саўгасе што заробіш — капейкі. Вось і ходзяць людзі зьбіраць грыбы й ягады, зь лета да самых маразоў, пакуль на балотах журавіны не зацярушыць сьнегам».

Тое ж самае і ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёну, на мяжы з Украінаю, дзе вяскоўцы таксама жывуць пераважна зь лесу.

«Чарніцы ў нас нарыхтоўшчыкі рэдка бяруць — яны „брудныя“, з радыяцыяй, — тлумачыць мясцовая пэнсіянэрка Яўгенія. — Людзі зарабілі б на чарніцах, дык не прымаюць. Ягады мы сушым, кампоты робім. Журавіны таксама зьбіраем — яны на балотах чысьцейшыя. А чарніцы тут паблізу асабліва брудныя».

У 2012 годзе ў Хойніцкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі прывезьлі на праверку баравікі зь вёскі Дубровіца, у якіх было зафіксавана 17 010 бэкерэляў радыяцэзію, або ў 45 разоў вышэй за дапушчальны ўзровень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG