Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прызнаў, што на Данбасе ёсьць расейцы, якія «вырашаюць пытаньні ў ваеннай сфэры»


Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін падчас прэс-канфэрэнцыі так і ня даў адназначнага адказу на пытаньне аб абмене ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі на расейскіх вайскоўцаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, затрыманых у траўні ў Данбасе.

Украінскі журналіст Раман Цымбалюк перадаў Пуціну прывітаньне ад расейскіх вайскоўцаў з тальяцінскай брыгады ГРУ Ерафеева і Александрава і спытаў, ці гатовы ён абмяняць гэтых людзей на Надзею Саўчанка, Алега Сянцова і іншых украінскіх вязьняў, якія знаходзяцца ў турмах Расеі.

Адказваючы на гэтае пытаньне, Пуцін зноў выказаўся аб расейскай ваеннай прысутнасьці на Данбасе.

«Мы ніколі не казалі, што там няма людзей, якія займаюцца там (на Данбасе — РС) рашэньнем пэўных пытаньняў, у тым ліку ў ваеннай сфэры. Але гэта ня значыць, што там прысутнічаюць рэгулярныя расейскія войскі. Адчуйце розьніцу!», — падкрэсьліў ён.

Пуцін зьвярнуў увагу, што мяняць 2-3 чалавекі (так ён згадаў пра расейцаў Ерафеева і Аляксандрава) на вялікі сьпіс украінскіх зьняволеных — гэта не зусім раўнацэнны абмен.

«Мы павінны разам з нашымі калегамі спакойна гэта абмеркаваць і працягнуць тое, на чым мы заўсёды настойвалі і тое, што прапануе прэзыдэнт Украіны: трэба вызваляць людзей, якія ўтрымліваюцца як з аднаго боку, так і з другога боку. І перш за ўсё гэта тычыцца людзей з Данбасу і ўкраінскіх вайскоўцаў, якія затрыманыя на гэтых тэрыторыях. Але абмен павінен быць раўнацэнным. Давайце мяняць усіх на ўсіх, а ня выбарачна — гэтых будзем, гэтых ня будзем», — сказаў ён.

Пуцін таксама падкрэсьліў, што ён «шчыра не зацікаўлены ў абвастрэньні канфлікту на Данбасе». «Наадварот, мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты канфлікт быў вырашаны, але толькі не спосабам фізычнай ліквідацыі людзей на паўднёвым ўсходзе Ўкраіны», — дапоўніў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG