Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пушылін і Дайнега ў Менску: Мы гатовыя прылятаць колькі заўгодна разоў


Уладзіслаў Дайнега і Дзяніс Пушылін

Уладзіслаў Дайнега і Дзяніс Пушылін

Калі адбудзецца сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны — дагэтуль не вядома. Прадстаўнікі так званых ЛНР Уладзіслаў Дайнега і ДНР Дзяніс Пушылін заявілі, што, паводле іх інфармацыі, Пятро Парашэнка прызначыў Леаніда Кучму афіцыйным прадстаўніком на перамовах трохбаковай кантактнай групы ў Менску. Яны чакаюць прыбыцьця ўкраінскага боку для правядзеньня сустрэчы і заявілі, што гатовыя прылятаць у Менску колькі заўгодна разоў.

На пытаньне, ці прыбудуць на перамовы кіраўнікі так званых ДНР і ЛНР Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі адпаведна, Дзяніс Пушылін заявіў наступнае:

«Што тычыцца прыбыцьця кіраўнікоў рэспублік, то застаюцца папярэднія ўмовы. Першае — мусяць быць спыненыя ўсе баявыя дзеяньні. Другое — выніковы дакумэнт мусіць быць распрацаваны на ўзроўні паўнамоцных прадстаўнікоў і парафіраваны ўсімі бакамі. Пасьля гэтага яны будуць гатовыя прыехаць».

30 студзеня ў нацыянальным аэрапорце «Менск» Пушылін і Дайнега абвясьцілі, што прывезьлі ў Менск на перамовы новы дакумэнт, распрацаваны пасьля сустрэчы ў Данецку Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага пры ўдзеле «чалавека Пуціна» Віктара Медведчука.

У сваім выступе для прэсы 30 студзеня Дзяніс Пушылін усклаў адказнасьць за абвастрэньне канфлікту і гібель людзей у студзені на ўкраінскі бок і заявіў наступнае:

«ДНР і ЛНР былі вымушаныя перайсьці ў контранаступ. Гэта выключна крок у адказ на абстрэл гарадоў, каб задушыць пазыцыі праціўніка, зь якіх абстрэльваліся Данецк, Луганск і іншыя буйныя населеныя пункты. У выніку дзеяньняў нашых узброеных фармаваньняў лінія сутыкненьня істотна зьмянілася».

Ад гэтага моманту, паводле Пушыліна, так званыя ДНР і ЛНР гатовыя размаўляць пра спыненьне агню і сваіх падразьдзелаў на фактычнай лініі сутыкненьня.

Пушылін і Дайнега пацьвердзілі гатовасьць да перамоваў, аднак усе далейшыя дамоўленасьці, у тым ліку адвод цяжкай тэхнікі, будуць адбывацца толькі з улікам фактычнай лініі сутыкненьня.

Пытаньні абмену палоннымі, эканамічныя пагадненьні і іншае, па словах прадстаўнікоў сэпаратыстаў, яны гатовыя абмяркоўваць толькі пасьля спыненьня агню і адводу цяжкога ўзбраеньня калібрам больш як 100 мм.

XS
SM
MD
LG