Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўна-царкоўны і ваенна-марскі шпіёны ў Расеі


Ляфортаўскі суд Масквы падоўжыў да 5 красавіка тэрмін утрыманьня пад вартай Яўгена Петрына, якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве са спэцслужбамі ЗША і дзяржаўнай здрадзе.

Паведамляецца, што Яўген Петрын быў супрацоўнікам аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату і працаваў у Кіеве. Выданьне «Коммерсант» са спасылкай на брата арыштаванага перадае, што Петрын раней служыў у ФСБ, адкуль звольніўся ў 2013 годзе.

Абвінавачаны ў шпіянажы і дзяржаўнай здрадзе ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары ўжо 8 месяцаў. Паводле яго адваката Андрэя Сьцябнёва, Петрын сваёй віны не прызнае. Справа супраць яго засакрэчаная.

Паводле расейскага тэлеканалу Lifenews: «У абавязкі супрацоўніка аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату ўваходзілі і зносіны з замежнікамі. Як мяркуе сьледзтва, у працэсе сваёй дзейнасьці Петрын выйшаў на агентаў, якіх западозрыў у шпіянажы на карысьць ЗША. Каб выклікаць у іх давер, ён пачаў „зьліваць“ ім інфармацыю аб дзейнасьці Расейскай праваслаўнай царквы. Па словах самога Яўгена, усе дадзеныя ён браў з адкрытых крыніцаў і шкоды Расіі яны нанесьці не маглі. Але ў супрацоўнікаў ФСБ ёсьць доказы адваротнага. Паводле вэрсіі сьледзтва, Яўген Петрын працаваў на амэрыканскую выведку і перадаваў сакрэтную інфармацыю ».

Аўтар некалькіх кніг пра расейскія спэцслужбы Андрэй Салдатаў сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што самая вялікая праблема — ацаніць, якім чынам Петрын з ФСБ перайшоў у аддзел зьнешніх сувязяў РПЦ.

Салдатаў: «Адна сытуацыя — калі ён сапраўды звольніўся і потым сам знайшоў шлях у аддзел зьнешніх сувязяў РПЦ, спадабаўся там і застаўся. Іншая гісторыя, калі ён быў туды прыкамандзіраваны. Гэтыя два варыянты, на жаль, прадугледжваюць абсалютна дыямэтральна супрацьлеглыя гісторыі. Але нават калі мы будзем зыходзіць з варыянту, што Петрын на самай справе пакінуў ФСБ, парваў усе сувязі і апынуўся ў аддзеле зьнешніх сувязяў РПЦ, а потым быў адпраўлены ў Кіеў, то казаць пра тое, што ён абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе, больш чым дзіўна. Паводле новай кваліфікацыі артыкулу пра дзяржаўную здраду, прынятай у 2012 годзе, цяпер ужо неабавязкова перадаваць сакрэты, каб быць абвінавачаным. Дастаткова перадаць інфармацыю, якая можа лічыцца небясьпечнай і якая наносіць шкоду РФ. Але нават у гэтым выпадку — дапусьцім, што ён перадаў нейкую інфармацыю пра РПЦ ва Ўкраіне — у нас быццам бы царква ад дзяржавы аддзеленая. Якім чынам перадача сакрэтаў РПЦ можа перашкодзіць расейскай дзяржаве — зусім не разумею».

Сёньня ж стала вядома, што Ляфортаўскі суд Масквы 31 студзеня ўзяў пад варту тэрмінам на два месяцы службоўца Чарнаморскага флёту Расеі Сяргея Мінакова, якога абвінавачваюць у шпіянажы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG