Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін абяцае правесьці альтэрнатыўныя паралімпійскія гульні


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Падчас уганараваньня ў Крамлі расейскіх спартоўцаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў арганізаваць альтэрнатыўныя спаборніцтвы для паралімпійцаў, якіх за злоўжываньне допінгам адхілілі ў поўным складзе ад удзелу ў паралімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра.

«Хачу сказаць нашым паралімпійцам: мы, зразумела, будзем вас падтрымліваць і арганізуем адмысловыя спаборніцтвы, дзе вы зможаце паказаць усё сваё майстэрства», — сказаў Пуцін, падкрэсьліўшы, што заахвочваньне за перамогу будзе такое самае, як плянавалася напярэдадні паралімпіяды.

Кажучы пра адхіленьне расейскай паралімпійскай зборнай ад Гульняў-2016, Пуцін сказаў, што гэтае рашэньне «па-за правам, па-за маральлю і па-за чалавечнасьцю».

Як паведамляюць расейскія мэдыі, пра магчымасьць правядзеньня спэцыяльных спаборніцтваў для паралімпійцаў таксама казаў міністар спорту Расеі Віталь Мутко. «Я думаю, што мы арганізуем нейкую спартовую падзею для іх», — сказаў спартовы чыноўнік.

23 жніўня Спартовы арбітражны суд (CAS) не задаволіў пазоў Паралімпійскага камітэту Расеі (ПКР) на рашэньне Міжнароднага паралімпійскага камітэту аб адхіленьні расейцаў ад Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра і пазбаўленьні ПКР сяброўства ў арганізацыі.

Сёньня чэмпіёны і прызэры Алімпійскіх гульняў у складзе зборнай Расеі атрымалі з рук Пуціна дзяржаўныя ордэны, а таксама ключы ад люксавых вэрсіяў пазадарожнікаў BMW.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG