Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Newsweek: Чарнобыльская радыяцыя пазытыўна ўплывае на жывёлаў. Яны вяртаюцца ў зону


Зубры ў 30 км ад Чарнобыльской АЭС ля закінутай вёткі Дронкі. Студзень 2016 году.
Зубры ў 30 км ад Чарнобыльской АЭС ля закінутай вёткі Дронкі. Студзень 2016 году.

Навукоўцы ўжо некалькі гадоў назіраюць за тым, што ў чарнобыльскую зону вяртаюцца дзікія жывёлы, паведамляе «Newsweek Polska». Выданьне выказвае думку, што жывёлы адчуваюць сябе ў зоне бясьпечней, чым раней.

Відэакамэры ўкраінскіх і брытанскіх навукоўцаў зафіксавалі на пачатку 2016 году бурага мядзьведзя. Апошні раз яго бачылі ў лесе ў ваколіцы Чарнобыля больш за 100 гадоў таму. Туды вярнуліся ня толькі рэдкія віды птушак і грызуноў, а таксама ласі, алені і бабры. У вадасховішчах з крыштальна чыстай вадой, у тым ліку ў раве былой станцыі, плаваюць мэтровыя самы і іншыя рыбы. Вярнуліся таксама вялікія драпежнікі, рысі і ваўкі. Першую за шмат гадоў вялікую зграю ваўкоў у гэтай ваколіцы адкрыла доктар Марына Шквыра з Нацыянальнай Акадэміі Навук ва Ўкраіне.

«Дастаткова было выйсьці на пагорак і пачалі выць, каб ваўчаняты пачалі хутка нам адказваць зь лесу зоны» — распавяла Шквыра ў інтэрвію National Geographic.

Нядаўна навукоўцы заўважылі там табуны коней Пржэвальскага, ня толькі дарослых, але і здаровых маладых жарабцоў.

«Адсутнасьць у зоне адчужэньня цягам 30 гадоў чалавека аказалася вельмі спрыяльным для прыроды фактарам. Прырода так разбуяла, што прыкрыла зелянінай руіны дамоў. Жывёлы адчуваюць сябе там выдатна, паколькі чалавек ім не замінае» — піша «Newsweek Polska».

У часопісе «Frontiers in Ecology and the Environment» была апублікаваная праца доктара Джыма Бізьлі з Унівэрсытэту Джорджыі. Ён займаўся дасьледаваньнем 14 відаў сысуноў у ваколіцы Чарнобыля і прыйшоў да высновы, што іх колькасьць ня толькі не пацярпела, а наадварот вырасла ад часоў катастрофы.

Чаму жывёлы пачалі вяртацца ў чарнобыльскую зону? Таму што адчуваюць, што ў зоне бясьпечна ці проста не разумеюць небясьпекі?

Адсутнасьць у зоне адчужэньня цягам 30 гадоў чалавека аказалася вельмі спрыяльным для прыроды фактарам

Нават сярод жывёлаў, якія гадамі жывуць у зоне адчужэньня — авадоў, птушак ці дробных сысуноў — заолягі не выявілі шмат генэтычных мутацый. Зьяўляліся, але вельмі рэдка, паведамленьні пра асобныя пухліны альбо дэфармаваныя дзюбы ў птушак. Адзіная навукова даказаная мутацыя была ў ластавак. У іх быў заўважаны альбінізм. Гэта хвароба заключаецца ў адсутнасьці пігмэнтаў у скуры і пёрах, і ў выніку ластаўкі становяцца белымі.

Дацкі заоляг Андэрс Папэ Мёлер, якія дасьледуе экасыстэмы ня толькі Чарнобыля, але і японскай Фукусімы, прыйшоў да высновы, што сур’ёзныя мутацыі адбываліся ў абодвух месцах, але адразу пасьля катастрофы. Пазьней жывёлы адчувалі сябе значна лепш.

Тлумачэньнем гэтага фэномэну займаўся доктар Тымаці Мусо з Унівэрсытэту Паўднёвай Караліны. Паводле яго, некаторыя сысуны альбо птушкі прыстасаваліся да павышанай радыяцыі ў гэтым рэгіёне да такой ступені, што яна карысна ўплывае на іх здароўе.

Фізык, экспэрт па атамных праектах міжнароднай экалягічнай арганізацыі «Bellona» Андрэй Ажароўскі заявіў у інтэрвію Свабодзе, што катэгарычны нязгодны з тэзай аб пазытыўным уплыве радыяцыі на жывёл.

«Чалавек сышоў з зоны — у гэтым прычына таго, што там жывёлы размножваюцца. Лічыць, што прычына стварэньня там „раю для жывёл“ не ў адсутнасьці чалавечага ўплыву, а ў прысутнасьці радыяцыі — гэта прафанацыя. Да таго ж ёсьць дасьледаваньні і мышэй і вышэйшых пазваночных — жывёлы ў зоне хварэюць, там высокая доля паталёгій, анкалёгіі — ў параўнаньні з аналягічнымі папуляцыямі, напрыклад, у запаведніках. Таму ў зоне жывёлы гэтаксама пакутуюць ад радыяцыі, як пакутавалі б людзі, калі б там засталіся».

Больш пра тое, які ўплыў радыяцыя аказвае на жывёлаў і расьліны ў зоне, распавядуць вынікі брытанска-ўкраінскага дасьледаваньня Transfer-Exposure-Effects. Яно павінна дакладна падлічыць рызыку выпраменьваньня пасьля забруджваньня. Магчыма дасьледаваньне пацьвердзіць: страх наконт знаходжаньня ў чарнобыльскай зоне абсалютна неабгрунтаваны. «Для жывёл адсутнасьць людзей у гэтым месцы — бясспрэчны плюс. Магчыма дзякуючы гэтай катастрофе мы празь некаторы час пабачым адзін зь нямногіх у сьвеце аплотаў дзікага жыцьця» — мяркуе «Newsweek Polska».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG