Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьпіваліся, труціліся, траплялі ў турму і старыя, і маладыя, і нават падлеткі...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

На працягу ўжо больш як дваццаці гадоў насельніцтва Беларусі марудна, але няўхільна скарачаецца. Найбольшай колькасьць жыхароў была ў далёкім 1993 годзе — 10 мільёнаў 240 тысяч. Цяпер яна амаль на 760 тысяч меншая — 9 мільёнаў 481 тысяча. Па сутнасьці, з мапы Беларусі за гэтыя гады зьнік вялізны горад — большы за Гомель ці Магілёў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму. Наш слухач Анатоль Чачотка зь Менску піша:

«Рост карэннага насельніцтва ў нас замаруджаны: мы ніяк не дасягнём нават таго ўзроўню, што быў напрыканцы мінулага стагодзьдзя. Чаму? Я пра гэта мяркую на прыкладзе аднаго падʼезда нашага шматкватэрнага дома.

Такім чынам: 9 паверхаў па 4 кватэры на кожным. Здавалася б, асобнае жыльлё: жыві ды дзетак нараджай. Але не! Навасельлі ў нас пачаліся зь першай сьмерці. Гаспадар кватэры не перанёс хваробы печані, не атрымаў належнай мэдычнай дапамогі і выкінуўся са свайго трэцяга паверха. „Хуткая“ праз паўгадзіны канстатавала гібель.

Празь нейкі час перастаў зьяўляцца гаспадар аднапакаёўкі з шостага паверху. Да гэтага рухавы, гаваркі. Нягледзячы на сталы ўзрост, спрытна заляцаўся да жанчын. А тут зьнік. Празь некаторы час па смуродзе з кватэры суседзі зразумелі: здарылася нешта дрэннае. Міліцыя канстатавала сьмерць ад задушваньня.

Яшчэ адна суседка — цётка Разалія. Мне часта даводзілася размаўляць зь ёй. Сьціплая, добрая. Сьвежыя навіны здабывала з праваднога радыё. Часта прасіла перадаваць ёй прачытаныя газэты. Неяк прызналася: працоўны стаж у яе — 50 гадоў. А пэнсія — усяго паўтара мільёна. Працавала машыністкай зь мізэрнай зарплатай. Той пэнсіі хапала толькі на хлеб ды малако. Ня так даўно цёткі Разаліі ня стала: сышла ў іншы сьвет жабрачкай.

Але асабліва шмат суседзяў загінула ад так званага „чарніла“. Сьпіваліся, труціліся, траплялі ў турму і старыя, і маладыя, і нават падлеткі. Некаторыя не дажывалі і да трыццаці.

За 27 гадоў існаваньня нашага падʼезда адгулялі, наколькі памятаю, толькі тры вясельлі ды два нараджэньні дзяцей.

Ня ведаю дакладна, як з гэтым у іншых падʼездах, але, мяркуючы па гісторыі падʼезда нашага, далукашэнкаўскі ўзровень насельніцтва ў Беларусі будзе дасягнуты яшчэ ня хутка (калі пры цяперашняй сацыяльнай палітыцы ён увогуле будзе дасягнуты)».

Карані цяперашніх дэмаграфічных праблем, спадар Анатоль, значна глыбей, чым здаецца на першы погляд. Згадайма час, калі ў Беларусі не было ніякіх праблемаў з нараджальнасьцю. Гэта канец 40-х, 50-я, 60-я, 70-я гады... І галадалі тады многія, і без кватэр па чужых кутках туляліся, і апрануць ды абуць многім не было чаго... А семʼі былі пераважна вялікія, дзяцей нараджалася шмат. Хоць дзяржава амаль ніякай падтрымкі ім не аказвала.

Нешта падобнае адбываецца зараз у мусульманскіх краінах Поўдня: жыцьцёвы ўзровень нізкі, а нараджальнасьць вельмі высокая. У той жа час у заможных краінах Захаду, дзе семʼям зь дзецьмі ўсяляк дапамагаюць, і ўвогуле высокі ўзровень заробкаў і сацыяльнай падтрымкі, назіраецца дэмаграфічны спад — прыблізна як і ў Беларусі.

Прыкметны розгалас сярод палітызаванай публікі выклікалі выказваньні лідэра беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў Паўла Севярынца пра гомасэксуалізм і фэмінізм. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў з гэтай нагоды піша:

«Праслухаў і прачытаў на сайце Свабоды перадачу „Праскі акцэнт. Гомасэксуалізм і фэмінізм: ці мае рацыю Севярынец?“ у сьвятле трагедыі ў Арланда, штат Флорыда, хацелася б праз радыё Свабода запытаць у Севярынца: скажыце, шаноўны, толькі шчыра, ці ўхваляеце вы забойства 50 чалавек у гей-клюбе грамадзянінам ЗША Амарам Матынам? Пытаньне маё не рытарычнае, таму што Біблія, якую вы так шануеце і так часта (я б нават сказаў, залішне часта) цытуеце, падобныя масавыя забойствы ў некаторых месцах ухваляе. І заадно адкажыце яшчэ: як вы ставіцеся, напрыклад, да „праведніка“ Аўраама, духоўнага лідэра ўсіх аўрамістычных рэлігій, які ажаніўся з аднакроўнай сястрой Сарай? І ў якой ступені схлусіў ён фараону, калі сказаў таму, што Сара яму зусім ня жонка, а сястра, і паклаў такім чынам Сару ў ложак да фараона? Ці маральны ўчынак ён зьдзейсьніў? А да ягонай спробы забойства ўласнага сына Ісаака? А да „праведніка“ Лота, пляменьніка таго ж „праведніка“ Аўраама, які абрухаціў абедзьвюх сваіх дачок? А, напрыклад, да сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера, парэшткі якога ня так даўно ўрачыста вазілі па беларускіх гарадах? Ці вядома вам, што Ўладзімер спачатку згвалціў княгіню Рагнеду на вачах братоў і бацькоў, а потым забіў іх на вачах Рагнеды?

Падобных пытаньняў можна задаць безьліч, але, бадай, досыць. Асабіста мне наконт Севярынца даўно ўсё зразумела, пытаньняў больш ня маю. Шкада, што наўрад ці дойдуць да яго і тыя, што я тут задаў. І напрыканцы толькі дзьве парады. Першая — менш зазірайце пад чужыя коўдры, шаноўны Павал, абмяжуйцеся сваёй. Другая — раю вам пачытаць апавяданьне Робэрта Шэклі „Пачвары“ (па-расейску — „Чудовища“), гэта будзе для вас павучальна».

Нагадаю, што Павал Севярынец у інтэрвію Свабодзе сказаў, што яму «вельмі шкада тых людзей, якія хварэюць на гомасэксуалізм, якія займаюцца фэмінізмам». На думку спадара Севярынца, гэта «няшчасныя людзі», і «рабіць з гэтага норму ня трэба і нельга. Гасподзь па-іншаму гэта зладзіў у сьвеце».

Нягледзячы на тое, што сярод лібэральна настроенай аўдыторыі гэтыя выказваньні выклікалі дружнае асуджэньне, большасьць беларускага грамадзтва, мяркуючы па зьвестках сацыёлягаў, падтрымлівае якраз Севярынца, а не ягоных апанэнтаў. Паводле дадзеных апытаньня НІСЭПД у 2010 годзе, толькі 3% апытаных беларусаў адказалі, што ставяцца да сэксуальных меншасьцяў станоўча, а 57% — пераважная большасьць — адмоўна. З часу таго апытаньня, праўда, мінула ўжо шэсьць год, але наўрад ці за гэты час настроі беларусаў кардынальна зьмяніліся.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG