Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Мальцава: У будучага мужа закахалася зь першага позірку


Алена Мальцава з сынам Міраславам
Алена Мальцава з сынам Міраславам

Карэспандэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч пабываў у Барысаве ў гасьцях у доме былога гендырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава, якога другі месяц судзяць у Менскім абласным судзе.

«Дзіцячы пляншэт, на якім Міраслаў гуляе ў кампутарныя гульні, таксама апісаны», — Алена Мальцава водзіць мяне па доме і раз-пораз паказвае на рэчы, якія апісаныя сьледчымі і будуць канфіскаваныя, калі суд прызнае Ўладзімера Мальцава вінаватым. Яе мужу інкрымінаваныя страты на больш як 18 мільярдаў рублёў. Алена кажа, што на гэтую суму іхняй маёмасьці ніколі ня хопіць, нават калі прадаць дом. Але дзе тады жыць?

«Яшчэ апісаны газавы кацёл, празь які ацяпляецца дом, адзіны тэлевізар, адзіная лядоўня, старыя воданагравальнік і старая пральная машына, якая не працуе, стаіць у калідоры, бо не пасьпелі выкінуць. Новую таксама апісалі. А больш нічога асабліва не апісалі. Магчыма, у кагосьці бывае, што апісваюць нейкія шубы ці дублёнкі, але ў нас такога няма».

Маёмасьць пад арыштам - газавы кацёл
Маёмасьць пад арыштам - газавы кацёл

Маёмасьць пад арыштам
Маёмасьць пад арыштам

Згадваю пра зачытаны на судзе ананімны ліст нібыта працаўнікоў «Барысаўдрэва», у якім невядомыя аўтары паведамляюць пра багацьце ў доме Мальцавых. Алена сама не прысутнічала пры зачытваньні гэтага ліста, ведае пра яго ад іншых.

«Гэта ўсё трызьненьне, і таму я ня веру, што яго сапраўды напісалі працаўнікі заводу. Вы ж бачыце, што тут нічога няма, усё вельмі сьціпла. Жылая плошча дома — 40 мэтраў, хіба гэта шмат? Тут усё зроблена сваімі рукамі — уключна з паклейкай шпалераў — і яшчэ да таго, як Уладзімер пачаў працаваць на «Барысаўдрэве». А з таго часу, як ён трапіў на «Барысаўдрэў», нічога ўжо не было тут зроблена. І нічога асабліва не набылі. Найперш, у яго часу не было: спачатку выконваў абавязкі галоўнага інжынэра, недзе каля году, а потым — гендырэктарам пабыў менш за 2 гады. Але — усё, з таго часу мы яго больш ня бачылі. Ён нават з турмы зараз у лістах пісаў, што хацеў пасьля мадэрнізацыі перайсьці на нейкую менш турботную пасаду, каб зь сям’ёй хоць бачыцца. Нават не выключаў, што пойдзе простым працаўніком. Вось трактарысты ў іх на лесе добра зарабляюць, дык пра гэта казаў. Ці простым апэратарам. А што? Вельмі стаміўся быць дырэктарам, ані мяне ня бачыў, ані дзяцей. І праблемы са здароўем у яго пачаліся — хрыбетная грыжа ў яго. Ён жа хадзіў на працу хворы. Хуткую выклікалі, бо ўжо не дапамагалі звычайныя ўколы. Неяк прыехала хуткая, укалолі яму трамадол, і толькі пасьля гэтага ён мог падняцца. Падняўся і адразу пайшоў на працу, ані хвіліны не адпачыў. Ну, вось такі ён.

Участак, на якім стаіць дом Мальцавых, знаходзіцца на схіле
Участак, на якім стаіць дом Мальцавых, знаходзіцца на схіле

Карэспандэнт: На судзе былы дырэктар канцэрну «Беллеспаперапрам» Уладзімер Шульга распавёў, як ён параіўся наконт таго, каго прызначыць дырэктарам на «Барысаўдрэў», і сышліся на кандыдатуры вашага мужа. Шульга выклікаў Мальцава да сябе і прапанаваў яму пасаду, прычым той асабліва не адмаўляўся. «Угаворваць яго не давялося», — сказаў Шульга. То бок з вамі муж ня раіўся адносна таго, пагаджацца яму ці не. А калі б параіўся, вы б адгаворвалі?

— Не, відаць, усё ж не. Бо я бачыла, што ён ужо жыве гэтым заводам, яго праблемамі. Нават цяпер я на спатканьнях пыталася ў яго, прасіла патлумачыць мне, бо людзі пытаюцца, чаго ён пагадзіўся на гэтую пасаду? Там жа гадамі такое адбывалася! Усё дайшло да ручкі, зразумела было, што там будзе. Ён адказваў, што ён не абыякавы чалавек. Казаў, што нават ганарыцца тым, што яму даверылі гэтую мадэрнізацыю «Барысаўдрэва», бо яна вельмі патрэбная краіне. Дарэчы, застаецца пры сваёй думцы і цяпер, бо такі неабыякавы чалавек.

Ці сапраўды — не шкадуе? На адным з пасяджэньняў суду, на якім Алены не было, на свае вочы бачыў, як Мальцаў плакаў. Ва ўсякім разе, мне гэтак падалося: перад паседжаньнем Мальцаў некалькі разоў прайшоўся па клетцы, потым прысеў, апусьціў галаву, так што відаць была толькі патыліца, і раптам я ўбачыў, як плечы Мальцава затрэсьліся. Магчыма, экс-дырэктара трэсла ад кашлю, але вочы, калі падняў галаву, былі чырвоныя. Праз хвіліну зайшоў судзьдзя, пачаўся працэс, і Мальцаў зноў зрабіўся такі, як заўсёды — энэргічны, гатовы бараніцца зь лічбамі і цытатамі з дакумэнтаў.

Барысаўдрэў. Катлы
Барысаўдрэў. Катлы

Карэспандэнт: Мне на судзе падалося, што пунктам невяртаньня ў гэтай гісторыі быў выбар вашым мужам гэтых масьленых турэцкіх катлоў замест звычайных паравых. Ад таго ўсё пайшло ў адным кірунку, магчыма, ня гэтак, як камусьці хацелася, як хтосьці разьлічваў. Я пра пэўныя схемы. І вось гэтак скончылася. Ці ня так?

— Тое, што ён аддаваў перавагу гэтым катлам, гэта мне вядома, але ён не асабіста гэтак вырашыў. Ён сам і ня мог гэтага адзін вырашыць паводле паўнамоцтваў. Ён раіўся, афіцыйна зьвяртаўся ў розныя ўстановы, і на ўзроўні мясцовай улады, і на ўзроўні канцэрну. І ва ўрад. Так і было прынятае гэтае рашэньне. Так, ён езьдзіў у Расею, дзе былі пабудаваныя такія катлы. Ёсьць нават фатаздымак, як ён прыкладае руку да катла, спраўджвае ізаляцыю. Дарэчы, даволі доўга прымалася рашэньне, якія выбраць катлы, разьлікі праводзіліся. Але ў выніку пераканаўся, што лепшыя — гэтыя. Памятаю, як ён сам казаў, што за тэрмамасьленымі катламі будучыня, а паравыя — гэта мінулае стагодзьдзе. Але само рашэньне пра гэтыя катлы ён прымаў не аднаасобна. Дарэчы, гэта і добра, бо ўсё ж кіроўнага досьведу ў яго не было шмат і ён усьведамляў, што гэта добра, калі рашэньне будзе агульным. То бок сваю думку ён выказваў, але апошняе рашэньне было не за ім.

«Але не хачу больш пра справу, давайце зноў пра дом. Галоўнае, што я хачу падкрэсьліць, што дом будаваўся да таго, як муж апынуўся на нейкіх кіроўных пасадах. Жылі мы тады бедна, ды мы і цяпер не шыкуем. Ён сам спраектаваў гэты дом, сам зруб рубіў, зь сябрам. Тут стаяў нейкі стары дом, які разбурылі. Участак быў увогуле зарослы лесам, бо ён на схіле, гарод вялікі тут не завядзеш, і, відаць, зямлю закінулі ці ўвогуле не апрацоўвалі. Усю радню зьбіралі, калі зруб ставілі — талака была. Потым мы пераехалі сюды з інтэрнату, тут былі проста голыя сьцены. Гэта быў недзе 2005 год. Недзе годам раней бралі крэдыт на заканчэньне будоўлі, дагэтуль выплачваем. На сантэхніку, усё такое — зьявілася магчымасьць узяць грошы ў банку. Яшчэ плацім крэдыт за аўтамабіль „Опэль“ 2012 году».

На ўчастку недабудаваны сарай і маленькая лазьня, якую Мальцаў пабудаваў сам
На ўчастку недабудаваны сарай і маленькая лазьня, якую Мальцаў пабудаваў сам

Падлога ў доме дашчаная. Дошкі шырокія, фарбаваныя. «Гэта Ўладзімер сам клаў, браў напракат шліфавальную машынку і шліфаваў». Сапраўды, выйшла дыхтоўна і экалягічна. Крыху замалыя выглядаюць вокны. Алена гэта прызнае, тлумачыць, што на вокнах проста зэканомілі.

7-ы месяц на начной тумбачцы Алена – ўспакаіцельныя лекі
7-ы месяц на начной тумбачцы Алена – ўспакаіцельныя лекі

На тумбачцы ў Алены бутэлечкі з настоямі траў — сардэчніку ды глогу. «Супакойлівае — бо не магу бяз гэтага заснуць».

На другім паверсе тры пакоі, але зусім невялічкія, ды ванная. Спальня Ўладзімера і Алены — гэта толькі падвойны ложак ды тумбачкі побач, іншая мэбля сюды проста ня зьмесьціцца. Невялікі пакойчык насупраць можна было б назваць кабінэтам, бо там стаіць канапа і кампутарны стол, за якім малодшы Мальцаў гуляе ў кампутарныя гульні. Але Алена пярэчыць — муж тут амаль ніколі не працаваў, бо вяртаўся з працы вельмі позна. Побач яшчэ малая спальня на адзін ложак — раней тут спала дачка Мальцавых, 13-гадовая Тацяна. Цяпер яна на першым паверсе — у гасьцёўні. Там, акрамя гасьцёўні, яшчэ невялікая кухня, прыбіральня, прыхожая ды гаспадарчы пакой, дзе на сьцяне вісіць газавы кацёл, а ў кутку схаваўся ацяпляльны кацёл, у якім можна паліць дровамі. Цяпер за імі прыглядае Алена — ужо 7 месяцаў яна ў доме за гаспадара, на ёй ня толькі кухня-пральня, але і машыны, прылады, агарод, сьмецьце. Кажа, што калі забяруць апісаны газавы кацёл, дык будзе ацяпляць дом дровамі, як раней, калі толькі былі засяліліся. Досьвед яна мае, вось толькі дровы...

Дачка Таня
Дачка Таня

Як чалавека, які пабудаваў лецішча, асабіста мяне ўразіла лесьвіца на другі паверх. Лесьвіца ня толькі моцная — ніводная прыступка не рыпіць ды парэнчы не хістаюцца — але і прыгожая. Прычым удала падабраныя шпалеры ў калідорчыку ўзмацняюць прыемнае ўражаньне. Зьдзіўленьне выклікала толькі адна дэталь — выступ над лесьвіцай. Выявілася, гэтак звонку выглядае ніша ў спальні гаспадароў. «Уладзімер зрабіў нішу пад тэлевізар, каб можна было глядзець наўпрост з ложка. Тады ж не было плоскіх экранаў», — тлумачыць гаспадыня і ставіць кропку ў аглядзе дома знутры: «Нават столь як была — лісты ДВП — гэтак і засталася. Бо дом адпачатку будаваўся паводле сьціплага сямейнага бюджэту, і гэтак усё і засталося».

Адзіная сямейная рэліквія – падарунак мужа на 5 год вясельля
Адзіная сямейная рэліквія – падарунак мужа на 5 год вясельля

Пераходзім да сямейнай гісторыі. Прашу паказаць якую сямейную рэліквію: можа, што засталося ад бацькоў, нейкая каштоўнасьць, якую варта будзе перадаць і дзецям? Алена тлумачыць, што яе муж зь вёскі, з-пад Воршы. Ён з простай сялянскай сям’і, ягоны бацька ўсё жыцьцё рабіў на зямлі — трактарыстам, брат дагэтуль робіць мэханізатарам. Сама яна нарадзілася ў Таджыкістане, лічыцца па пашпарце рускай, але яе бабуля па маці вывезеная калісьці зь Беларусі, з-пад Менску. Алена з гонарам кажа, што сама меней на чвэрць яна таксама беларуска, як муж. Ну і якая тут можа быць сямейная рэліквія? Урэшце гаспадыня вымае з шафы кранальную статуэтку — дзяўчынка і хлопчык, якія цягнуцца адно да аднаго, каб пацалавацца. «Вось муж падараваў на пяцігодзьдзе вясельля», — кажа Алена і распавядае гісторыю свайго каханьня.

«Атрымалася гэтак. Прыйшла я на практыку ў тэхнікум, тады гэта быў дзяржаўны барысаўскі тэхнікум машынабудаўнікоў. А я вучылася на 4 курсе БНТУ, прыйшла ў тэхнікум на практыку. І на пэдсавеце ўбачыла яго: маладога, прыгожага, вельмі актыўнага. Мне гэта вельмі спадабалася. Ён тады працаваў загадчыкам лябараторыі. І я адразу неяк зразумела, што ён будзе маім мужам. Прыйшла дадому і маме распавяла. Гэтак і сказала, што сёньня бачыла свайго будучага мужа. А ён? Ён мяне, як потым казаў, тады нават не заўважыў. А праз год я вярнулася ў гэты ж тэхнікум, працаваць. Уласна кажучы, па яго вярнулася. Памятаю, мы апынуліся разам у прыёмнай камісіі, і мне яго рэкамэндуюць сяброўкі. Што зьвярні на яго ўвагу, ня п’е, ня курыць, вельмі адказны. А я кажу, што даўно ўжо на яго зьвярнула ўвагу. І зноў ён мяне зачапіў. Там было нейкае сьвята, усе сьвяткавалі разам, а пасьля гэтага ён мяне нават не пайшоў праводзіць. Я была такая зорка, прызвычаілася да ўвагі, а ён мяне не праводзіў! Ну, і ўсё. Праз 4 месяцы мы пабраліся шлюбам. А потым ён распавёў, што насамрэч таксама зьвярнуў на мяне ўвагу, але не паказваў выгляду, гэтак мяне прывабліваў».

Сямейны альбом
Сямейны альбом

Карэспандэнт: «Не шкадуеце пра такі выбар?»

«Не, абсалютна. Вельмі ганаруся сваім мужам, ані грама не сумняваюся ў ягонай невінаватасьці. Ён выдатны муж і добры бацька дзецям. Калі б трэба было, я б зрабіла такі выбар зноў».

Мальцаў пра турму: «І тут людзі жывуць, але за вялікім плотам іх ня бачна»

Падчас экскурсіі Алена сама зноў і зноў вяртаецца да сакавіка, які падзяліў яе жыцьцё на дзьве няроўныя часткі.

«Гэта жахліва. Жахліва, бо раптоўна, бо незразумела, за што. Калі чалавек недзе для сябе нешта робіць, гэта адно. А тут жа зусім усё незразумела. І людзі ўсе пытаюцца: за што? Прычым ён жа ўсё рабіў паводле закону, вельмі ўсё добра вывучаў, як паводле закону зрабіць, бо вельмі ўніклівы, усё папярэдне вывучыць. Вось тое самае і ў доме. Сантэхніку ўсю сам зрабіў, усё вывучыў і зрабіў. Электрыку таксама ўсю сам правёў. А калі прымалі дом, дык усё праверылі і ні да чога не прычапіліся. То бок ён ніколі не прымаў нейкага тэхнічнага рашэньня, пакуль ня быў цалкам перакананы».

Карэспандэнт: А як суседзі паставіліся да арышту вашага мужа?

«Яны былі шакаваныя. Яны ж бачылі, што ён увесь час на працы, што езьдзіць на працу на сваім аўтамабілі, не выкарыстоўвае службовы аўтамабіль. Мне калі некуды трэба пад’ехаць увечары ці ў абедны перапынак, дык я ніколі не магла яму патэлефанаваць, каб ён мяне ў свой абед некуды падвёз. Ці куды ўвечары. Бо ён быў заўсёды заняты, прычым на нашым прыватным аўтамабілі. А хто ў яго кіроўца, я нават ня ведаю. Можа, ён куды мужа і вазіў, але безь мяне, таму я пра гэта нічога і ня ведаю».

Карэспандэнт: Можа, вашаму мужу не хапіла нейкіх якасьцяў, каб пазьбегнуць арышту? Ці нейкія ягоныя якасьці прывялі да гэтага?

«Як тут сказаць... Можа, ён не зусім сучасны. У тым сэнсе, што ён прызвычаіўся, што ўсё павінна быць паводле закону. А каб спраўляцца на пасадзе кіраўніка, трэба ведаць яшчэ нейкія падводныя камяні, нейкія тонкасьці. А ён быў ад гэтага далёкі. Вось яго паставілі, далі даручэньне, і ён імкнуўся гэта зрабіць, а што будзе, не асабліва думаў пра гэта. Ведаеце, калі людзі дасьведчаныя, дык яны сябе абкладуць паперамі, каб да іх не падкапаліся. А ён імкнуўся зрабіць як мага хутчэй».

Карэспандэнт: «На судзе ад сьведкі прагучала, што ў параўнаньні зь іншымі кіраўнікамі, якія бралі ўдзел у „штабах“, ваш муж быў апрануты горш. Вас гэта не засмуціла?»

— Тут мне таксама няма чаго хаваць. Так, але я ня раз яму наўпрост казала: чаго ты гэтак апранаесься? Ты ж гендырэктар. Але ён на гэта казаў, што на той будоўлі знаходзіцца з раніцы да ночы. І сапраўды ён, як казаў сьведка Скакун, «жыў на будоўлі». А ў чым можна быць апранутым на будоўлі? Да таго ж выцягнуць яго ў краму па новую адзежу было проста нерэальна. А на будоўлі абутак вельмі хутка зношваўся, таму ня дзіва, што ён гэтак прыходзіў на тыя штабы. Гэта ня значыць, што ў яго не было нармальнага абутку, гарнітура. Чаго ўжо гэтак прыбядняцца? Заробак атрымліваў гендырэктара. Але мы куплялі, што яму было трэба, у звычайнай нашай краме, ніякіх замежных. Таму і выглядаў ён, відаць, ня так модна, як намесьнікі міністраў. Бывала, што прыходзіў — чаравікі ўсе ў гліне з будоўлі. Ужо бліжэй да канца мадэрнізацыі крыху стала лепш, ня так забруджваў абутак.

Няўжо Ўладзімер Мальцаў, якому толькі 42 гады, не задумваўся, каб перайсьці ў прыватны бізнэс? Зь ягоным досьведам, адукацыяй і ўзростам ён мог бы хутка стаць мясцовым алігархам. Але Алена кажа, што такога намеру ў мужа не заўважала.

«Неяк у яго ўсё ішло па дзяржаўнай лініі. Спачатку ён скончыў вучэльню, потым тэхнікум, потым БНТУ — машынабудаўнічы факультэт. Я памятаю, як ён пісаў дыплёмны праект. У яго тэма была — каробка хуткасьцяў. Праект складаўся зь некалькіх аркушаў фармату А0. Гэта як два сталы. А тады не было магчымасьці праз інтэрнэт спампаваць чарцяжы. Ён усё чарціў сваімі рукамі, на кульмане. А калі з тэхнікуму ён пайшоў працаваць на „Гідраўзмацняльнік“, то быў там канструктарам другой катэгорыі, потым першай. І адтуль яму прапанавалі на „Гумовую тэхніку“ галоўным інжынэрам. То бок ён увесь час працаваў на дзяржаўных прадпрыемствах і пра бізнэс ніколі не задумваўся. Можа, цяпер задумаецца?

— Дарэчы, а ён прадбачыў арышт?

— Не, вядома. Адназначна не. Ніколі пра гэта не гаварылі.

— Але ж ужо ішло сьледзтва.

— Дык яму не было ў чым сябе папракнуць. Хабару ніколі ня браў, па службовай лініі, нават што яму было прызначана, не карыстаўся. Як тым службовым аўтамабілем ці чым іншым. З раніцы да вечара працаваў і нават думкі не было, што гэтак скончыцца. Мы ўвогуле ў той дзень зьбіраліся ехаць у тэатар. У Менск. У мяне на працы быў экзамэн, а мы зьбіраліся ехаць з працаўнікамі заводу, на заводзкім аўтобусе. З раніцы яго выклікалі ў Менск, і там мы павінны былі сустрэцца і пайсьці ў тэатар. І раней гэтак выбіраліся. Звычайна з заводам. У опэрны некалькі разоў. На „Юнону і Авось“, „Арфэя і Эўрыдыку“. Муж тэатар любіць. Вось і гэтым разам вырашылі зьезьдзіць. Зьезьдзілі... Мяне забралі з працы. Дакладней, калі ішла з працы, спыніўся аўтамабіль, мяне пасадзілі і павезьлі на ператрус. Было жахліва, я не перабольшваю».

Пра сам ператрус у доме Алена распавядаць не захацела. Затое сказала, што ў лепшы бок скарэктавала сваю думку пра турэмшчыкаў з «Валадаркі». Маўляў, людзі як людзі. І працытавала словы мужа, што «...і ў турме людзі жывуць, але за вялікім плотам іх ня бачна».

Алена Мальцава — прыгожая жанчына, сустрэўшы якую на вуліцы, ніколі не падумаеш, што ёй цяпер даводзіцца вытрымліваць столькі цяжкасьцяў. Самы пранізьлівы адказ ад яе я пачуў якраз на пытаньне пра яе прыгажосьць: як удаецца гэтак выглядаць пры такіх выпрабаваньнях?

Алена Мальцава пра яе прыгажосьць: як удаецца гэтак выглядаць пры такіх выпрабаваньнях?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00

Працэс над Уладзімерам Мальцавым пачаўся ў канцы верасьня і яшчэ ня скончыўся. Кожны дзень працы адваката, які абараняе Мальцава, каштуе сям’і Мальцавых каля 2 мільёнаў рублёў. Алена Мальцава кажа, што хоча абараніць свайго мужа, але грошай на адваката ўжо няма, і просіць дапамагчы. Тут пазначаны рахунак, на які можна накіраваць грашовую дапамогу для абароны Ўладзімера Мальцава.

маёмасьць пад арыштам
маёмасьць пад арыштам

арыштаваны стары аўтамабіль
арыштаваны стары аўтамабіль

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG