Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнік «русского мира» правакаваў Барыса Хамайду на бойку


Барыс Хамайда, архіўнае фота

Барыс Хамайда, архіўнае фота

Найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр і распаўсюднік незалежнай прэсы распавёў пра выпадак, які адбыўся зь ім сёньня ў цэнтры Віцебску.

Як заўжды, Барыс Хамайда стаяў пад сваім бел-чырвона-белым парасонам каля так званага «сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна. Але ўвагу невядомага хулігана прыцягнуў не парасон і нават ня бел-чырвона-белая стужка, прышпіленая побач з газэтамі і часопісамі. Паводле спадара Хамайды, хлопец гадоў пад 25 дужа агрэсіўна паставіўся да вышыванкі, якая аздабляе «працоўнае месца» распаўсюдніка. Гэтая вышыванка — падарунак Барысу Хамайду ад віцебскай актывісткі Антаніны Піванос: на белай палатніне яна вышыла чырвонымі літарамі малітву «Ойча наш».

Хуліган запатрабаваў, каб апазыцыянэр зьняў вышыванку, бо яму не падабаецца тэкст на беларускай мове, а потым хацеў яе сарваць. Калі ж спадар Хамайда яго прысарамаціў, то пачаў пагражаць: «Ты стары дзед, а варта было б табе даць як сьлед», і нешта яшчэ ў такім духу.

Хлопец пакуражыўся і сышоў. Барыс Хамайда адзначае, што нічога падобнага зь ім не здаралася ўжо года паўтара. На ягоную думку, такая неапраўдана агрэсіўная рэакцыя мінака выклікана расейскай прапагандай па тэлебачаньні. А яшчэ й тым, не выключае апазыцыянэр, што ў Віцебску апошнім часам актыўна распаўсюджваюцца небеларускія сымбалі — расейскія і савецкія сьцяжкі, майкі з выявамі Ўладзімера Пуціна і гэтак далей.

XS
SM
MD
LG