Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская «бандэраўка» — 68-гадовая Антаніна Піванос


Антаніна Піванос
Антаніна Піванос
Антаніна Піванос нарадзілася ва Ўкраіне, у Шапятоўцы Хмяльніцкай вобласьці. У гэтым горадзе нарадзілася і Валянціна Мацьвіенка, старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі, які ўхваліў увядзеньне расейскіх войскаў у Крым. Антаніна Піванос напісала зварот да зямлячкі з прапановай сустрэцца на малой радзіме. А па Віцебску, у якім жыве ўжо 50 гадоў, яна цяпер ходзіць, павязаўшы жоўтую і блакітную стужкі.

На Антаніну Піванос зьвяртае ўвагу практычна кожны віцебскі мінак. Невысокага росту спадарыня ў сталым веку, ідзе з кіёчкам, а на рукаве — блакітная і жоўтая стужкі.

Незвычайны аксэсуар выклікае цікаўнасьць. Часам мінакі пытаюцца ў спадарыні Антаніны: «А што гэта ў вас? У нас не Ўкраіна тут! Навошта гэта?»

«Затое я ўкраінка. І таксама магу ставіць пытаньне пра аўтаномію, бо нас тут нямала, украінцаў», — сьмяецца спадарыня Піванос.

Але рэакцыя гараджанаў бывае розная. Антаніна Піванос апавядае, што найперш увагу на стужкі зьвяртаюць малыя дзеці — маўляў, глядзі, мама, які ў бабулі прыгожы банцік.

А пэнсіянэры амаль заўжды кідаюцца ў спрэчкі:

«Яны адразу крычаць: „Там бандэраўцы! Яны ж фашысты! Яны ж нацысты!“ Тады я кажу, што бандэраўцы — не нацысты, а нацыяналісты. І ўжо ж не фашысты. Вось, кажу, перад вамі бандэраўка! Я бандэраўка, і хочаце — рабіце са мной што заўгодна! Можаце нават пабіць! Але ўжо калі насамрэч пачнецца рукапрыкладзтва, значыць, сказаць ім больш няма чаго. Біць — адзінае, што ім застаецца!»
Вулічная дыскусія
Вулічная дыскусія

Да боек яшчэ не даходзіла, апавядае спадарыня Антаніна. Хоць агрэсіўных прыхільнікаў уціску ўкраінскіх пратэстоўцаў сустракаецца шмат, асабліва сярод старэйшага пакаленьня. А вось людзі сярэдняга веку могуць распачаць дыскусію пра тое, што ўбачылі ў тэлевізары. Спадар гадоў за 50 спрачаецца, ці перайшло ўкраінскае войска на бок новага ўкраінскага ўраду:

«Войска, здаецца, перайшло. Я бачыў фатаздымкі, дзе вайскоўцы стаяць на каленях, бо раскайваюцца... А што там цяпер у Крыме, я ня ведаю! Расея ж хацела ўвесьці 15 тысяч салдат...»

«А ўвяла ўжо 30 тысяч. І тэхніка там. Аэрапорты ж блякаваныя расейцамі. І ўчора ўжо перадавалі, што 30 тысяч там!» — дзеліцца зьвесткамі спадарыня Піванос.
З Барысам Хамайдам і вышыванкай, якую Антаніна Піванос яму падарыла
З Барысам Хамайдам і вышыванкай, якую Антаніна Піванос яму падарыла

Яна глядзіць тэлебачаньне — каналы, якія трансьлююць у Віцебску. У асноўным гэта ўкраінскі «Інтэр» і расейскі «РБК», «Эўраньюс». А таксама тэлефануе на радзіму, сваякам і сябрам:

«Я так і шчоўкаю каналы: то туды, то сюды! Так і хапаю кавалачкамі. А так жа дорага туды патэлефанаваць! Гэта каравул! У мінулым месяцы заплаціла 260 тысяч за перамовы, колькі будзе зараз — пасьля 13-га даведаемся... А як жа не патэлефанаваць? Яны ж пытаюцца, як мы тут ставімся да таго, што там у іх. Маральна хаця б падтрымаць! А самі яны кажуць: «Украіну абабралі, абрабавалі, а цяпер яшчэ й дзеляць! Каму гэта трэба?»

Антаніна Піванос ня хоча быць толькі назіральніцай збоку за падзеямі на Радзіме. Віцебская пэнсіянэрка напісала ліст да Валянціны Мацьвіенкі, старшыні Савету Фэдэрацыі Расеі, які ўхваліў увядзеньне расейскіх войскаў у Крым:
Ліст да Валянціны Мацьвіенкі
Ліст да Валянціны Мацьвіенкі

«Дэпутату Мацьвіенка, Масква, Дзярждума. Пішу ёй пра тое, што мы з аднаго гораду. Расказваю, дзе я нарадзілася, у якую школу хадзіла. Пытаюся, а дзе нарадзілася і вучылася яна. Пішу, што разумею, які яна заняты чалавек, і што яна, мусіць, даўно не была ў Шапятоўцы. Запрашаю туды паехаць разам. Кажу, што зьбіраюся туды на Радаўніцу, на магілы бацькоў. Звычайна я ежджу зь перасадкамі, бо эканомлю. Але гэтым разам я гатовая зьмяніць маршрут, каб заехаць у Маскву па яе. Цяпер чакаю адказу».

Спадарыня Антаніна лічыць, што зямлячцы з Савету Фэдэрацыі Расеі будзе карысна наведаць родны горад. Каб пачуць меркаваньні шараговых грамадзянаў і наконт вышэйшай улады краіны, і наконт пазыцыі Расеі, якая ўмешваецца ў справы іншай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG