Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выбіраюць і беларускую незалежнасьць, і правы чалавека ў Беларусі


Якія пэрспэктывы ў беларуска-амэрыканскіх адносінаў?

Дракахруст: «Без нармалізацыі адносінаў са Злучанымі Штатамі мы ня будзем мець паўнавартаснай зьнешняй палітыкі. Мы ня ўтойваем, што вельмі хацелі б нармалізацыі стасункаў з ЗША на ўзаемавыгадных умовах», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Скотам Роландам. Сустрэча была наладжаная ў сувязі з завяршэньнем службы спадара Роланда ў Менску.

Лукашэнка адзначыў паляпшэньне стасункаў, аднак выказаў меркаваньне, што «мяч» на амэрыканскім баку. «Пры добрай волі кіраўніцтва Злучаных Штатаў мы вельмі многае можам зрабіць у бліжэйшай будучыні», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён таксама дадаў, што ніякія абавязкі перад трэцімі краінамі не супярэчаць паляпшэньню адносінаў з ЗША. «Нават расейцы нам заўсёды кажуць, што мець нармальныя адносіны з Заходняй Эўропай і ЗША — гэта абсалютна прымальна і трэба», — заявіў Лукашэнка.

Масква, якая ўгаворвае Менск паляпшаць адносіны з ЗША — моцнае, напэўна, відовішча. Тлумачэньні, што Крэмль дазваляе Беларусі мець добрыя стасункі з ЗША, гучаць у вуснах кіраўніка Беларусі крыху самапрыніжальна, але зьмест пасланьня відавочны — Беларусь мае намер і магчымасьць прынамсі нармалізаваць адносіны.

У адказ амэрыканскі дыплямат сфармуляваў прыярытэт амэрыканскай палітыкі адносна Беларусі: «Вашынгтон хацеў, каб я вам перадаў: мы гатовыя і далей супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Галоўнае, каб тэрытарыяльны сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі былі на самым высокім і моцным узроўні», — заявіў Скот Роланд.

Безумоўна, двухбаковыя адносіны маюць шмат аспэктаў, вельмі важнае становішча з правамі чалавека, парушэньне якіх і было прычынай канфліктаў. Але прыярытэт быў вызначаны даволі выразна.

Часовы павераны ў справах ЗША таксама даў інтэрвію БТ, у якім даў зразумець, што практычныя пытаньні нармалізацыі стасункаў, прынамсі, пытаньне вяртаньня паслоў будуць вырашацца пасьля выбараў у Беларусі і ў ЗША. Пасьля верасьнёўскіх выбараў у Беларусі ЗША таксама разгледзяць і лёс санкцыяў.

Гутарка Лукашэнкі і Роланда высьвеціла дзьве мэты амэрыканскай палітыкі адносна Беларусі: клопат пра беларускую незалежнасьць і клопат пра правы чалавека ў Беларусі. Са свайго боку, і афіцыйны Менск прадэманстраваў зацікаўленасьць у нармалізацыі адносінаў, дзеля чаго можа зрабіць (ці імітаваць) нейкія крокі насустрач. Хада выбарчай кампаніі сьведчыць хутчэй пра намер імітаваць.

Грамадзкі фон для паляпшэньня адносінаў даволі спрыяльны.

рагназаваць вынікі гэтых узаемных дыпляматычных манэўраў даволі складана. Відавочна, што да выбараў у ЗША ніякіх прарываў у двухбаковых адносінах чакаць не даводзіцца. Невялічкае пашырэньне штату пасольства ЗША ў Менску і адпаведна Беларусі ў Вашынгтоне — хутчэй жэсты, чым новая палітыка.

Напрыканцы, я б адзначыў цікавыя адрозьненьні ў стаўленьні да ЗША беларусаў і расейцаў. Беларусь знаходзіцца ў полі расейскай прапаганды. Аднак у самой Расеі паводле травеньскага апытаньне Левада-цэнтру станоўча ставяцца да ЗША усяго 19%, а 70% — адмоўна. Тым часам у Беларусі паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД станоўча да Амэрыкі ставяцца 56% апытаных, адмоўна — 35%.

Беларусь — аўтарытарная краіна. Народ наконт правядзеньня зьнешняй палітыкі, як і ўнутранай, не пытаюць. Але грамадзкі фон для паляпшэньня адносінаў даволі спрыяльны.

Глод: Пасьля таго, як я пачытаў матэрыялы пра размову Аляксандра Лукашэнкі і Скота Роланда, узьнікла пытаньне: а чаму гэтыя людзі так старанна пераконвалі адзін аднаго ў гатовасьці нармалізаваць стасункі паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі? Здаецца, усё ж зразумела. Вось, Лукашэнка заяўляе, што без нармалізацыі дачыненьняў з ЗША мы ня будзем мець паўнавартаснай зьнешняй палітыкі. Ніякай навіны ў гэтым няма, да Амэрыкі Лукашэнка заўжды ставіўся з павагай. Магчыма, яна не зусім шчырая — але гэта павага, якая звычайна існуе ў слабейшых да самага моцнага.

Альбо Роланд заяўляе, што Вашынгтон гатовы і далей супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Пра гэта і раней амэрыканцы казалі неаднаразова.

Таму, я думаю, трэба зьвярнуць увагу на ключавыя сказы кіраўніка Беларусі і кіраўніка дыпмісіі ЗША. Для мяне галоўнае з вуснаў Лукашэнкі наступнае: «Мы ня ўтойваем, што вельмі хацелі б нармалізацыі стасункаў з ЗША на ўзаемавыгадных умовах».

Зьвярніце ўвагу на галоўнае — ня проста нармалізаваць стасункі, а толькі «на ўзаемавыгадных умовах». Што ў разуменьні Лукашэнкі ўзаемавыгадныя ўмовы? Найперш, адмяніць санкцыі. Па-другое, а, можа, нават і па-першае, дапамагчы з атрыманьнем крэдыту ад МВФ, дзе голас Вашынгтону шмат што вырашае. Але каб адмяніць санкцыі, патрэбныя кардынальныя зьмены ў палітыцы Беларусі. Гэта парушэньні правоў чалавека, адсутнасьць дэмакратыі і г. д. Вялікага прагрэсу з боку беларускіх уладаў тут няма. Значыць, няма і чыста фармальных падставаў адмяняць санкцыі.

Прызнаньне Вашынгтону можна будзе заслужыць празь зьмяншэньне залежнасьці ад Крамля.

Але ў Вашынгтоне, як і ў Брусэлі, кажуць, што рашэньні па Беларусі будуць прымаць толькі пасьля парлямэнцкіх выбараў. Думаю, і лёс крэдыту ад МВФ вырашыцца ў тым самым часе.

Ключавыя словы з вуснаў Роланда, я думаю, наступныя: «Галоўнае, каб тэрытарыяльны сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі былі на самым высокім і моцным роўні». То бок амэрыканскі дыплямат даў зразумець суразмоўцу — прызнаньне Вашынгтону можна будзе заслужыць празь зьмяншэньне залежнасьці ад Крамля і ўзважанага стаўленьня да ўкраінскай праблемы. Думаю, што вынікі галасаваньня на сэсіі ПА АБСЭ ў Тбілісі, якія мы ўжо абмяркоўвалі, паказваюць, што Менск і тут стаў больш абачлівым.

А што тычыцца праблем з дэмакратыяй і правамі чалавека, то, падобна, з пункту гледжаньня ЗША, становішча ў Беларусі цяпер больш цярпімае. Здаецца, чаканьні Вашынгтону ад афіцыйнага Менску трансфармаваліся ў пастаянна дзейныя папярэднія ўмовы далейшага разьвіцьця дачыненьняў.

Карбалевіч: Кіраўнік дзяржавы даволі рэдка прымае замежных паслоў у зьвязку зь іх ад’ездам з краіны. Гэтым разам ён асабіста сустрэўся нават не з паслом, а толькі з часовым павераным. Паводле дыпляматычнай практыкі, замежнага прадстаўніка з такім статусам не заўсёды прымае нават міністар замежных спраў. А тут уважыў сам прэзыдэнт. І гэты палітычны жэст сьведчыць пра тое, што афіцыйны Менск моцна зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з ЗША.

За даўгі час кіраваньня Лукашэнкі дачыненьні Беларусі з ЗША прайшлі вялікую эвалюцыю.

Трэба адзначыць, што за даўгі час кіраваньня Лукашэнкі дачыненьні Беларусі з ЗША прайшлі вялікую эвалюцыю. Наагул у выступах кіраўніка Беларусі сюжэты, у якіх фігуруюць ЗША, сустракаліся часта. Прычым, стаўленьне да Злучаных Штатаў даволі супярэчлівае.

З аднаго боку, А. Лукашэнка радуецца, як дзіця, любому жэсту ад амэрыканскага кіраўніцтва, які можна разглядаць, як прыязны. У 1999 годзе ў кулюарах Стамбульскага саміту АБСЭ Лукашэнку атрымалася паціснуць руку прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану. Афіцыйныя СМІ Беларусі раздзьмулі тады з гэтай падзеі цэлую прапагандысцкую кампанію, абвясьцілі яе важным дыпляматычным прарывам.

Дарэчы з прэзыдэнтам Клінтанам у Лукашэнкі адбыліся дзьве кулюарныя сустрэчы: адна — на саміце АБСЭ ў Стамбуле, другая — на саміце ААН у Нью-Ёрку. І гэта дало падставу беларускаму кіраўніку запісаць яго ў свае сябры. Мінулым годам фотаздымак, дзе Лукашэнка з Колем зьняўся побач з Баракам Абамам і ягонай жонкай, «Советская Белоруссия» прэзэнтавала як важную палітычную падзею.

Зь іншага боку, беларускі лідэр адводзіў ЗША ролю галоўнага міжнароднага злыдня, вызначыў як крыніцу ўсіх бедаў сучаснага сьвету. Антыамэрыканізм у беларускай прапагандзе проста зашкальваў.

Што цяпер? Невыпадкова Лукашэнка падчас сустрэчы з Роландам акцэнтаваў увагу на незалежнасьці Беларусі. Ён лічыць, што для ЗША гэта важна, і таму з-за геапалітычных прычынаў Вашынгтон пачне нармалізаваць адносіны зь Беларусьсю. А спадар Роланд у інтэрвію сайту Naviny.by акцэнтаваў увагу на праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека. Напрыклад, для ЗША важна, як пройдуць у Беларусі парлямэнцкія выбары. Прычым, галоўнае, ня тое, ці прапусьцяць улады прадстаўнікоў апазыцыі ў парлямэнт, а тое, ці будзе дэмакратычнай сама працэдура. І ў гэтым пэўнае адрозьненьне ад некаторых эўрапейскіх палітыкаў і дыпляматаў.

І безумоўна важным для двухбаковых адносінаў будзе тое, хто стане новым прэзыдэнтам ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG