Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: вялікі пісьменьнік малой літаратуры


Ян Максімюк і Ўладзімер Арлоў, Уроцлаў 2007
Ян Максімюк і Ўладзімер Арлоў, Уроцлаў 2007

Ян Максімюк піша пра пяць кніг Уладзімера Арлова.

Упершыню, як мне здаецца, я пачуў прозьвішча Ўладзімера Арлова ў 1989 годзе, калі першы раз наведаўся ў Беларусь. Тагачасны дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міхась Дубянецкі падараваў мне кніжку пад назвай «Дзень, калі ўпала страла». Гэта была другая кніжка Ўладзімера Арлова (першай, «Добры дзень, мая шыпшына», я ні разу не трымаў у руках). Гэта добры пісьменьнік? — запытаўся я ў спадара Дубянецкага. Гэта наш наступнік Караткевіча — адказаў мне дырэктар «Мастацкай літаратуры». Я не вялікі аматар прозы Ўладзімера Караткевіча, а таму такая рэкамэндацыя ня надта мяне ўзрушыла.

Кніжку «Дзень, калі ўпала страла» я дачытваў потым як мінімум гадоў 10. А вось некаторыя іншыя рэчы, пра якія хачу тут коратка распавесьці, я глытаў адразу пасьля таго, як яны траплялі мне ў рукі. Ды ня толькі я.

1. «Мой радавод да пятага калена» (Менск, 1993).

Кніжка выйшла ў тую неверагодную эпоху, у якой здавалася, што для Беларусі было магчымым калі не дакладна ўсё, то амаль усё. Знакамітае эсэ «Незалежнасьць — гэта...» з 1990 году, якое адкрывае гэтую кніжку, успрымалася тады як літаратурны маніфэст абсалютна рэальнага палітычнага курсу, узятага новай беларускай дзяржавай, нават калі той рух і адбываўся з густым рыпам савецкай бюракратычнай махіны ды вострым скрыгатам зубоў камуністычнай намэнклятуры.

«Мой радавод» складаюць у большасьці «замалёўкі з натуры», якія пісаліся аўтарам паралельна з хадою сучаснасьці і публікаваліся ў пэрыядычных выданьнях. «Сьцягі над горадам. Гераічны абразок часоў незалежнасьці», «У нас у Серабранцы», «Гамсахурдзія — наш чалавек», «За бугром, за рэчкай» — малыя пэрліны беларускай літаратурнай эсэістыкі. Як на мой густ, ніхто да сёньняшняга дня не напісаў нічога лепшага пра той вірлівы і перапоўнены няспраўджанымі спадзяваньнямі час. А быў жа гэта, прыгадаю, час вельмі істотны ды насычаны для беларускай літаратуры. Сярод іншага, у пачатку 1990-х зьявіліся сьціплыя памерам, але магутны сваім эстэтычным зарадам кніжачкі паэзіі Ігара Бабкова і Тацяны Сапач. Тады таксама пачаў пісаць сваіх «Дамавікоў» Адам Глобус. Можна было ўздыхнуць з палёгкай і пачаць паволі забываць беларускую савецкую літаратуру. Адно што Бабкоў, Сапач і Глобус пісалі выключна пра моцна асабістае, а не пра публічнае. А вось Арлоў пісаў пра асабістае ў моцна публічным. Гэта ён, так бы мовіць, узяў на сябе ролю «народнага пісьменьніка», які ўлоўлівае пульс часу і апісвае, як гэты пульс адчуваецца ягонымі венамі.
А вось Арлоў пісаў пра асабістае ў моцна публічным.

Дык вось у кніжцы «Мой радавод да пятага калена» Арлоў, як лічу, намацаў сваё другое асноўнае заданьне ў літаратуры — пошук і ўсхваленьне чалавечнасьці (пост)савецкага беларуса, які апынуўся сярод руінаў сучаснасьці і спрабуе разабрацца, куды яму падацца далей. Першае асноўнае заданьне ён сабе паставіў у кніжцы «Дзень, калі ўпала страла». Яго можна сфармуляваць як пошук і ўсхваленьне беларусаў сярод руінаў наогул не сваёй гісторыі.

Уладзімер Арлоў. Рэквіем для бэнзапілы
Уладзімер Арлоў. Рэквіем для бэнзапілы
2. «Requiem dla piły motorowej» (Białystok, 2000).

Кніжка з такім загалоўкам выйшла ў 1998 годзе ў Менску, але я тут хачу згадаць беластоцкае перакладное выданьне прозы Ўладзімера Арлова, якое зьявілася два гады пазьней. На «Requiem dla piły motorowej» склаліся тэксты, выбраныя ў асноўным са зборнікаў «Мой радавод да пятага калена» і «Рэквіем для бэнзапілы». Беластоцкім беларусам пад канец 1990-х удалося пратаптаць сьцежку да касы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ды раздабыць крыху грошай на невялікую выдавецкую сэрыю перакладаў з сучаснай беларускай літаратуры. Перакладная кніжка Арлова зьявілася пасьля анталёгіі найноўшай беларускай паэзіі і «Дамавікамэрону» Адама Глобуса. 1990-я — час, калі беларускай літаратуры зь Менску ўдалося выклікаць сапраўды жывое зацікаўленьне ў Беластоку, прынамсі сярод майго пакаленьня гарадзкіх інтэлігентаў, якім чамусьці захацелася быць беларусамі ў горадзе. Сустракаючыся пад канец тыдня ў пабе за півам, мы гаварылі пра Глобусавых «дамавікоў», нехта цытаваў самыя смачныя кавалкі зь вершаў Юры Гуменюка і Ігара Сідарука, нехта іншы прыгадваў забаўныя эпізоды з апавяданьняў і эсэ Ўладзімера Арлова. Гэта быў той непаўторны момант, калі беларуская літаратура пайшла ў наш народ з волі самога народу, а ня з волі Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», якое, прыкладам, час ад часу высылала свайго прадстаўніка на сустрэчу зь ліцэістамі ў Гайнаўцы або Бельску. І ўсе мы, зразумела, хацелі перакладаць беларусаў на польскую мову, каб і палякі цешыліся разам з намі.

Невялікую памерам кніжку Арлова перакладалі ажно шэсьць чалавек: Алег Латышонак, Міраслава Лукша, Галіна Максімюк, Чэслаў Сэнюх, Аляксандар Вярбіцкі і я. А для перакладу выбраных «дамавікоў» Глобуса мне без праблемаў удалося скалаціць перакладчыцкую каманду ажно з чатырнаццаці чалавек! Ну, ня так ужо важна, што над больш чым паловай з атрыманых перакладаў мне потым прыйшлося моцна пагарбець, каб давесьці тэксты да больш-менш чытэльнага выгляду. Важная было тое, што беларуская літаратура давала нам, чытачам, вялікую радасьць. І мы хацелі падзяліцца гэтай радасьцю зь іншымі.

Акрамя самых знакамітых тэкстаў з «Майго радаводу», у беластоцкую «Бэнзапілу» ўвайшлі ўсе «Полацкія апавяданьні» зь менскай «Бэнзапілы» ды «Сібірская аповесьць» — незвычайна калярытны аповед з студэнцкіх часоў пісьменьніка. Ня ведаю, як успрымаліся гэтыя рэчы ў Менску, але для нас у Беластоку гэта было, як адкрыцьцё невядомага нам кантынэнту. Арлоў пісаў пра савецкае мінулае зь мяшанкай настальгіі, іроніі і гумару, часам грубаватага, ды ўсё ж жывога чалавечага гумару, якога так не хапала ва ўсіх папярэдніх крывава-сур’ёзных расповедах пра жыцьцё пад саветамі, ці то пра Васіля з Ганнай і Яўхімам на востраве сярод балота, ці то пра Сотнікава з Рыбаком пад шыбеніцай.

Уладзімер Арлоў. Адкусі галаву вароне
Уладзімер Арлоў. Адкусі галаву вароне
3. «Адкусі галаву вароне», (Менск, 2003).

Кніжка «Адкусі галаву вароне», мабыць, ня самая рэпрэзэнтатыўная для пісьменьніцкага таленту Уладзімера Арлова. Але я яе тут згадваю дзеля аднае немалаважнае прычыны.

Яна — адна зь нешматлікіх беларускіх кніжак, якая зьяўляецца пасьпяховым антыдотам супраць гнятлівай кляўстрафобіі, якая раней ці пазьней няўхільна агартае вернага чытача (прыкладам, такога як я) беларускай літаратуры, насьмерць зацыкленай на сваіх родных узьмежках, узьлесках і балацявінках.

Арлоў жа — апантаны вандроўнік па сьвеце, якому рупіць ня толькі паезьдзіць па розных карфагенах, баўгарыях і каталёніях ды папіць там віна або чаго яны там яшчэ наліваюць, але і распавесьці, што ён пра ўсё тое думае.

Нават калі ягоныя думкі пра тыя замежныя палестыны ня надта арыгінальныя і сьвежыя, то чытач усё роўна ўдзячны яму за тую палёгку, якую адчувае пасьля чытаньня — так сказаць, дзякуй Богу, што гэтым разам было не пра наш родны Глуск і ВКЛ :)

Уладзімер Арлоў. Каханак яе вялікасьці
Уладзімер Арлоў. Каханак яе вялікасьці
4. «Kochanek jej wysokości» (Wrocław, 2006).

Другая кніжка Ўладзімера Арлова ў Польшчы выйшла пад шыльдай Калегіі Усходняй Эўропы ва Ўроцлаве — асьветна-выдавецкага фонду, які паставіў сабе за мэту збліжэньне Польшчы зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы. У свой час у гэтым фондзе існавала адмысловая праграма выданьня беларускай літаратуры, у ажыцьцяўленьне якой і я быў заматаўся на некалькі гадоў. Кніжка «Kochanek jej wysokości» складаецца напалову зь перагледжаных перакладаў апавяданьняў, якія ўвайшлі ў беластоцкае польскамоўнае выданьне Арлова, а напалову зь іншых тэкстаў, перакладзеных мною і маёй жонкай адмыслова дзеля гэтага выданьня. Два тэксты для гэтага выданьня пераклаў таксама мой тагачасны калега з Радыё Свабода Кастусь Бандарук.

У кніжцы знайшліся пераклады трох гістарычных апавяданьняў Арлова: «Міласьць князя Гераніма» (Я. Максімюк), «Каханак яе вялікасьці» (Г. Максімюк), «Пяць мужчын у лесьнічоўцы» (К. Бандарук). Помню, што перакладаючы «Міласьць князя Гераніма», я ўпершыню змог ацаніць талент пісьменьніка ў гістарычнай прозе. Увогуле, само гэтае апавяданьне — вельмі моцная гісторыя, з выдатным сюжэтам, завязкай і эпілёгам. Выпадае толькі шкадаваць, што Ўладзімер Арлоў ніколі не спакусіўся напісаць гістарычны раман. Калі б ён напісаў такі раман на ўзроўні «Міласьці князя Гераніма», я думаю, мы б ня сталі выкарыстоўваць тэрмін «наступнік Караткевіча» ў адносінах да Арлова, а шукалі б «наступнікаў Арлову» ў беларускай літаратуры. «Міласьць князя Гераніма» напісаная яскрава стылізаванай (архаізаванай) мовай — пісьменьнік пастараўся даць сваю вэрсію «рэканструяванай» беларускай народнай мовы ХVIII стагодзьдзя, ад якой, калі па шчырасьці, амаль не засталося ніякіх вартых нашай увагі сьлядоў у прыгожым пісьменстве тае эпохі. Беручыся за пераклад гэтай рэчы, я прачытаў напралёт амаль 450-старонкавы «Słownik wyrazów zapomnianych czyli słownictwo naszych lektur», каб пранікнуцца духам старасьвецкай пальшчызны і тхнуць гэты дух у выдатную гісторыю Арлова. Ня буду скромнічаць і казаць, што ня ведаю, ці ўдалося мне гэта зрабіць. Удалося.

Пасьля таго, як выйшла гэтая кніжка ва Ўроцлаве, за «Міласьць князя Гераніма» схапілася Польскае радыё і зрабіла з гэтага тэксту радыёп’есу. Як я разумею, радыёп’еса раз-пораз узнаўляецца ў эфіры, балазе у яе пастаноўцы ўзялі ўдзел выдатныя польскія акторы, зь Янушам Закшэньскім на чале.
Ён — пісьменьнік настолькі таленавіты і ўнівэрсальны, што нават пераклады ягоных гістарычных апавяданьняў можна публікаваць без гістарычных камэнтараў і спасылак.

Справа з гэтай нашай «раскруткай» Арлова ў Польшчы паказвае выразна некаторыя рэчы, зьвязаныя з прасоўваньнем беларускай літаратуры за мяжою. Па-першае, за мяжою беларуская літаратура ўсё яшчэ бачыцца як нешта мала істотнае і мала цікавае. Няма шанцаў, каб у бліжэйшым часе на яе зьвярнулі ўвагу вялікія, прафэсійныя выдавецтвы, якія ў змозе прыстойна заплаціць і аўтару, і перакладчыку, і зрабіць маштабную прамоцыю кніжкі сярод чытачоў. Хоць гэтая сытуацыя паволі зьмяняецца ў лепшы бок, то чакаць часу, калі нашу малую літаратуру заўважаць выдавецкія гіганты, давядзецца яшчэ доўга. Але й то заўважаць толькі тады, калі такія энтузіясты і прыхільнікі беларускай літаратуры, як, прыкладам, Калегія Ўсходняй Эўропы, захочуць і далей дапамагаць беларусам. Па-другое, прасоўваць трэба «прабіўных» пісьменьнікаў, адным зь якіх несумненна зьяўляецца Ўладзімер Арлоў. Ён — пісьменьнік настолькі таленавіты і ўнівэрсальны, што нават пераклады ягоных гістарычных апавяданьняў можна публікаваць без гістарычных камэнтараў і спасылак. Чытач сам разьбярэцца, што да чаго, нават калі ён і ніколі ня чуў пра Вялікае Княства.

Уладзімер Арлоў. Паром прязь Ля-Манш
Уладзімер Арлоў. Паром прязь Ля-Манш
5. «Паром празь Ля-Манш» (Менск, 2006).

«Паром празь Ля-Манш», перакладзены на польскую мову Адамам Паморскім, прынёс Уладзімеру Арлову прэмію «Эўрапейскі паэт свабоды», якую ў 2010 годзе ўстанавіў горад Гданьск. Няшмат міжнародных прэмій атрымліваюць беларускія пісьменьнікі, а таму гэтую прэмію ў Беларусі ўспрынялі ў першую чаргу як прэмію для «шматпакутнай» беларускай літаратуры і беларускай мовы, якая стараецца неяк выжыць ва ўмовах амаль татальнага расейскамоўя. Як па мне, дык прэмію прысудзілі перш за ўсё першакляснаму беларускаму паэту, якому выпала жыць і пісаць сярод людзей, якія наогул паэзіяй лічаць толькі тое, што рыфмаванае і рытмізаванае. Ды няхай... На заканчэньне мне хочацца працытаваць поўнасьцю верш паэта, які вызваліўся з аковаў рыфмы і рытму, каб сказаць нам нешта пра тое, дзеля чаго варта жыць (калі ня нам усім, дык прынамсі яму):


Абдымаючы цябе

Абдымаючы цябе,
я думаю
пра ненапісаны раман,
густыя зарасьнікі чарнавікоў,
таленавітыя ножкі
знаёмай карэктаркі,
якая пазнала сябе
ў адной з гераіняў...

Абдымаючы цябе,
я згадваю
лілеі
на возеры Люхава пад Полацкам,
свае адлюстраваньні
ў парыскіх лужынах,
кавярню з адзіным сталом
у каталёнскай вёсцы,
дзе Сальвадор Далі праездам
пазбавіў нявіннасьці
юную пастушку...

Абдымаючы цябе,
я смакую
густое каліфарнійскае віно,
палахлівую пэрлінку
твайго ўлоньня,
Міжземнае мора
ў Барсэлёне й пад Фамагустаю,
дзе Атэла душыў Дэздэмону...

Абдымаючы цябе,
я заўсёды ўяўляю
іншых жанчын —
тое, як буду
абдымаць іх,
і ўсё астатняе,
што малюе
мая цыганская
фантазія...

Але — вось дзіва! —
абдымаючы іншых жанчын,
я ніколі
не ўспамінаю
Сальвадора Далі,
ня думаю пра
карэктуры і карэктарак,
не смакую
пяшчотных ракавінак
і не ўяўляю
іншых жанчын.

Абдымаючы іншых жанчын,
я думаю толькі пра тое,
каб хутчэй усё скончылася —
каб зноў абняць
цябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG