Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Уладзімер Арлоў не апраўдаў маіх спадзяваньняў


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка
Калі ў 1986 годзе выйшла першая кніга прозы Ўладзімера Арлова «Добры дзень, мая шыпшына», у мяне адлягло на душы.

Два гады пасьля сьмерці Ўладзімера Караткевіча, на магіле якога мы тады часам зьбіраліся, у душы захоўвалася пачуцьцё нейкай сірочасьці — адышоў чалавек, які навучыў любіць Беларусь цэлае маё пакаленьне. І тут раптам зьяўляецца кніга Арлова, і мне робіцца ясна, што зьявіўся Караткевічаў пераемнік — ужо ў першых творах той жа стыль, тая ж сіла пачуцьцяў, той жа настрой, тая ж тэматыка. Я стаў чакаць новых мастацкіх твораў, большых, аб’ёмнейшых — аповесьцяў, раманаў, дылёгіяў і трылёгіяў, якія б далей адкрывалі для нас сьвет беларускай даўніны і давалі б новых герояў, такіх, як Загорскі...

Але ўсё аказалася інакш. Час быў ня той. Эпоха вымагала іншага, і душа Арлова адгукнулася на гэты выклік: ён стаў ня толькі пісьменьнікам, але і асьветнікам.

На маю думку, гэта выключная ахвяра пісьменьніка сваёй Бацькаўшчыне — адмовіцца быць «чыстым мастаком», адмовіцца ад ціхай асалоды сядзець за пісьмовым сталом, нараджаць сваіх герояў, выбудоўваць іх лёсы, характары і цешыцца пасьля з выдадзеных кніг. На адмову ад гэтага, на жаль, здольныя толькі адзінкі — гэта людзі з выключным пачуцьцём адказнасьці. Адказнасьці перад краінай, гісторыяй і сваімі людзьмі. Большасьць творцаў, звычайна, адказныя толькі за сябе — толькі сваім лёсам у літаратуры яны заклапочаныя, толькі пра сваю ролю ў ёй дбаюць, толькі пра ганарары і прэміі рупяцца і г.д.

Магчыма, так і трэба. Яшчэ ў 1909 годзе ў Расеі, часткай якой была тады Беларусь, выйшаў славуты зборнік «Вехи», дзе тагачасныя найлепшыя інтэлектуалы расейскага Срэбранага веку разважалі пра лёс краіны і народу. Дык вось адзін з аўтараў таго зборніка, крытык і філёзаф Міхаіл Гершэнзон, у сваім тэксьце выказаў думку, што кожны расейскі інтэлігент безнадзейна хворы і пакалечаны адказнасьцю за ўсё грамадзтва, за краіну і народ, што сярод інтэлігенцыі лічыцца непрыстойным дбаць толькі пра сябе, быць эгаістам, і гэта пры тым, што самі інтэлігенты спрэс нэўрастэнікі, якія ня могуць добра ўладкаваць свой асабісты лёс. Расейскія інтэлектуалы перажывалі тады час разгубленасьці, пэўнага самаедзтва, што і выявілася ў тэксьце Гершэнзона. У Беларусі цяпер у інтэлектуальным асяродзьдзі сытуацыя падобная, хоць прычыны (калі параўноўваць з расейскай сто гадоў таму) розныя. Тым ня менш, такія думкі, як у Гершэнзона, пачуць можна і ад сёньняшніх беларускіх інтэлектуалаў.

І ўсё ж мне больш даспадобы прыклад стваральнай адказнасьці Ўладзімера Арлова. Ён адчуў выклік часу і адгукнуўся на яго. Таму мы бачылі яго на першых нацыянальна-дэмакратычных мітынгах, таму ён увайшоў у склад першага сойму БНФ, таму яго выкідалі з працы, і менавіта таму ён узяўся пісаць свае асьветніцкія кнігі, якія вывелі яго ў першы шэраг нацыянальных дзеячоў, зрабілі валадаром думак тысяч беларусаў. Цяпер ужо ён вучыць новыя пакаленьні любіць сваю краіну.

І як ён гэта робіць! Ніякага ўдзелу ў спрэчках і марных дыскусіях з нацыянальнымі адступнікамі. Ніякай палемікі з «рэвізіяністамі» нацыянальнай ідэі і прыхільнікамі «гістарычнай праўды», што заклікаюць адмовіцца ад ВКЛ і ліцьвінства, выступаюць за дзьвюхмоўе, стараюцца пасварыць нацыянальную эліту, раскалоць яе на групкі і «тусоўкі» і г.д. На спрэчкі Арлоў ня траіць энэргіі і часу. Ён проста стварае, піша кнігі. І гэта — яго адказ тым, каго я пералічыў вышэй. А тым часам, зьмест Арлоўскіх кнігаў здольны прымусіць тых людзей схапіцца за сэрца.

Такія кнігі Арлова, як «Таямніцы полацкай гісторыі», «Імёны Свабоды», «Пакуль ляціць страла» і, вядома ж, два тамы ягонай «Краіны Беларусі» — гэта ня проста кнігі і ня проста творы, і гэта ня толькі вынік энцыкляпэдычнай адукаванасьці аўтара, яго тытанічнай працы і яго творчых высілкаў. Гэта — падзьвіжніцтва. І гэта, паўтаруся, ахвяра роднай краіне. Магчыма, беларускі народ і яго нацыянальная самасьвядомасьць застануцца толькі таму, што ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя жылі такія людзі, як Уладзімер Арлоў. Людзі, якія дбаюць ня толькі пра сябе...

І мастак у Арлове нікуды ня зьнік. Дастаткова згадаць яго выбітныя гістарычныя аповесьці, яго бліскучую падарожную прозу, якая ў кожным слове іскрыцца іроніяй і талентам, або яго шыкоўныя вершы, унутраныя музыка і рытм якіх зацягваюць вас і зацягваюць у глыбіні аўтарскага пачуцьця і думкі, не даюць спыніцца, і хочацца гушкацца і гушкацца на хвалях белых, на першы погляд, нерыфмаваных ягоных строфаў... Ды, зрэшты, ня мной сказана: кожны сапраўды мастацкі тэкст — гэта паэзія, прозы не існуе. А Арлоў — мастак...

Я вельмі шчасьлівы, што асабіста знаёмы з Уладзем, што маю гонар, часам, паціснуць ягоную руку або абняць, быць у яго ў гасьцях або прымаць яго ў сябе. Нам ніколі не бывае сумна і заўсёды ёсьць аб чым пагаварыць, у нас адны і тыя ж тэмы, думкі, мары і алюзіі. Гэта — рэдкая ўдача і рэдкая прывілея.

Спадзяюся, што з-пад пяра Майстра выйдзе яшчэ ня меней кніг, чым выйшла дагэтуль, а можа і болей. І веру, што ў адзін зь яго наступных юбілеяў мы зь ім у кампаніі сяброў яшчэ вып’ем па келіху яго ўлюбёнага «чырвоненькага», а вакол нас будзе Беларусь, дзеля якой мы працуем і пра якую столькі гадоў марым...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG