Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Постаць Яўгена Прымакова цікавая як прыклад эвалюцыі палітыка, якому выпаў лёс жыць у эпоху грандыёзных сацыяльна-палітычных і геапалітычных пераўтварэньняў і катаклізмаў. Мянялася эпоха, мяняўся і ён. Але, у адрозьненьне ад шмат якіх іншых прадстаўнікоў кіроўнай намэнклятуры, якія прамільгнулі незаўважанымі для гісторыі, у Прымакова заўсёды была свая пазыцыя, нейкі стрыжань. Зразумела, ён «хістаўся разам з генэральнай лініяй», але неяк не прымітыўна, заўсёды захоўваючы сябе як асобу. Што і дазволіла яму шмат гадоў заставацца ня проста чыноўнікам, палітыкам, а аўтарытэтным дзяржаўным дзеячам.

Сын рэпрэсаванага, Яўген Прымакоў атрымаў добрую адукацыю, быў усходазнаўцам, арабістам, у якасьці журналіста шмат паезьдзіў па Блізкім Усходзе, вёў асабістае знаёмства з кіраўнікамі арабскіх краін, напрыклад, з Садамам Хусэйнам. Праўда, мэдыі пісалі, што ён меў яшчэ адну прафэсію, зьвязаную з працай у выведцы. Але сам Прымакоў не любіў камэнтаваць гэтыя чуткі.

Масавай публіцы ён стаў вядомы падчас савецка-амэрыканскіх тэлемастоў, публічных дыскусіяў паміж прадстаўнікамі СССР і ЗША, якія зьявіліся на пачатку гарбачоўскай перабудовы. Гэта якраз на такім тэлемосьце сьвядомая савецкая жанчына прамовіла знакамітую фразу, што «ў Савецкім Саюзе сэксу няма». Дык вось, Прымакоў выявіўся адзіным удзельнікам з савецкага боку, які мог уцямна дыскутаваць з амэрыканцамі, зразумела, адстойваючы сацыялістычны лад.

У сваіх мэмуарах «Годы в большой политике» Прымакоў, узгадваючы савецкія часы, называе сябе «дысыдэнтам у сыстэме». Невыпадкова ён апынуўся ў камандзе Гарбачова, калі той пачаў сваю перабудову ў СССР. Прымакоў займаў важныя дзяржаўныя пасады. Будучы пасьлядоўным дзяржаўнікам, ён да канца змагаўся за захаваньне Савецкага Саюзу. Але не падтрымаў ГКЧП, разумеючы, што гэта авантура. Быў у складзе дэлегацыі, якая езьдзіла вызваляць арыштаванага ў Фаросе Гарбачова.

Міхаіл Гарбачоў і Яўген Прымакоў, 1989 год

Міхаіл Гарбачоў і Яўген Прымакоў, 1989 год

Пасьля распаду СССР Прымакоў перайшоў у каманду Барыса Ельцына, кіраваў Службай замежнай выведкі. У 1996 годзе ўзначаліў МЗС Расеі. І гэта стала паваротным момантам у вонкавай пазыцыі РФ. На пачатку 1990-х гадоў, калі міністрам замежных спраў Расеі быў Андрэй Козыраў, у аснове зьнешняй палітыкі Масквы быў саюз з Захадам. З прыходам Прымакова Расея стала прэзэнтаваць сябе як партнэр і адначасова супернік ЗША і ЭЗ. Кульмінацыяй такой палітыкі стаў знакаміты разварот самалёта над Атлянтыкай у 1999 годзе. Прымакоў ляцеў у Вашынгтон і на паўдарозе даведаўся, што ЗША пачынаюць ваенную апэрацыю ў Югаславіі.

Яўген Прымакоў і Слабадан Мілошавіч, 1999 год

Яўген Прымакоў і Слабадан Мілошавіч, 1999 год

Вяршыняй палітычнай і дзяржаўнай кар’еры Яўгена Прымакова стаў кароткі пэрыяд, калі ён заняў пасаду кіраўніка расейскага ўраду. Пасьля дэфолту ў жніўні 1998 году Расея апынулася ў вострым эканамічным і палітычным крызісе. Каляпсу фінансавай сыстэмы спадарожнічаў фактычны распад дзяржаўных інстытутаў. У адстаўку сышлі ўрад, кіраўніцтва Цэнтрабанку. Камуністы, якія дамінавалі ў Дзярждуме, пачалі працэдуру імпічмэнту Ельцына. Спатрэбілася фігура, якая магла стабілізаваць сытуацыю. На той момант Прымакоў выявіўся, магчыма, адзіным чалавекам у Расеі, які карыстаўся такім даверам, каб узначаліць урад. Нават такі «цяжкавагавік», як Віктар Чарнамырдзін, не здабыў падтрымкі Дзярждумы.

Барыс Ельцын і Яўген Прымакоў

Барыс Ельцын і Яўген Прымакоў

Узначаліўшы ўрад, Прымакоў прыклаў вялікія высілкі, каб навесьці ў краіне элемэнтарны парадак. Гэта быў пэрыяд так званай «сямібанкіршчыны», калі рэй вялі алігархі. Новы кіраўнік ураду ўсталяваў асабісты кантроль над фінансавымі плынямі, расходамі бюджэту. Усёмагутнага Барыса Беразоўскага, які адчыняў нагамі дзьверы ва ўсе вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы, Прымакоў забараніў ахове пускаць нават на парог будынка ўраду.

І проста на вачах Яўген Максімавіч стаў набіраць аўтарытэт, палітычную вагу. Нечакана моцна вырас ягоны рэйтынг. На тле хворага, нямоглага Барыса Ельцына ён стаў самым папулярным палітыкам у Расеі. Гэта тым больш дзіўна, што Прымакоў ня меў асаблівай харызмы, ня быў выбітным прамоўцам, не выглядаў надта тэлегенічным. Немалады, ня надта прыгожы, поўны, ён быў трохі флегматычны, гаварыў павольна, хоць і важка. Фэномэн ягонай папулярнасьці палягаў у тым, што ён здолеў увайсьці ў вобраз мудраца, увасобіць надзейнасьць, стабільнасьць на тле хаосу. І калі б прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся ў Расеі ў 2000 годзе, прайшлі на год раней, то ў Прымакова не было б рэальных канкурэнтаў на вышэйшую пасаду ў Расеі. І тады, магчыма, гісторыя пайшла б па-іншаму.

Але якраз рост палітычнай вагі Прымакова і ўстрывожыў Ельцына. Ужо ў траўні 1999 году, прабыўшы на пасадзе кіраўніка ўраду толькі восем месяцаў, ён быў адпраўлены прэзыдэнтам у адстаўку. Прымакоў лічыўся «чужым сярод сваіх» у камандзе Ельцына. Бо быў занадта самастойны. Вядома, што, перадаўшы ўладу Пуціну, Ельцын абставіў гэты працэс шэрагам умоваў, якія, дарэчы, Ўладзімер Уладзімеравіч падчас сваёй першай кадэнцыі строга выконваў. З Прымаковым такі фінт быў немагчымы.

Нават пасьля адстаўкі нейкі час рэйтынг Прымакова трымаўся. Але потым зьявіўся Пуцін, пачаліся выбухі дамоў у Маскве, другая чачэнская вайна. Усё, што адбылося далей, добра вядома.

Уладзімер Пуцін віншуе Яўгена Прымакова з 85-годзьдзем

Уладзімер Пуцін віншуе Яўгена Прымакова з 85-годзьдзем

На гэтым палітычная кар’ера Прымакова была закончаная. Камандзе Пуціна ён быў не патрэбны. У шэрагу чэкістаў-сераднякоў Яўген Максімавіч выглядаў занадта вялікім. Эпоха буйных дзеячаў скончылася.

Прымакоў быў шчырым прыхільнікам беларуска-расейскай інтэграцыі, меў цёплыя асабістыя адносіны з Лукашэнкам. Менавіта дзякуючы ягонаму асабістаму ўмяшаньню стаў магчымы скандальны візыт кіраўніка Беларусі на Алімпійскія гульні ў японскі Нагана.

Яўген Прымакоў быў дзяржаўнікам у старамодным для сёньняшніх расейскіх рэаліяў сэнсе слова. Ён разумеў дзяржаўныя інтарэсы трохі па-іншаму, чым сёньняшнія крамлёўскія. Для яго дзяржаўныя інтарэсы не супадалі з карпаратыўнымі інтарэсамі чальцоў каапэратыву «Возера».

Выкажу гіпотэзу, што калі б Прымакоў быў прэзыдэнтам РФ або замест Лаўрова ўзначальваў бы расейскі МЗС, то праект «Крым наш» быў бы немагчымы. Не таму, што ён ня быў імпэрыялістам. Якраз быў. А таму, што Прымакоў ня быў авантурыстам, меў здольнасьць пралічыць усе нэгатыўныя наступствы для Расеі ад такой апэрацыі. І ўмеў адрозьніваць далёкасяжныя мэты і інтарэсы сваёй краіны ад скарацечных. Гэта, уласна, і ёсьць адметнасьць дзяржаўнага дзеяча, яго адрозьненьне ад палітыка.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG