Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт як адпачне, ды як возьмецца за працу» — апытаньне ў Магілёве


Аляксандар Лукашэнка ў Сочы, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка ў Сочы, архіўнае фота

«Ці заслужыў Лукашэнка адпачынак у Сочы?» Адказваюць жыхары Магілёва.

Наўпроставы лінк

Спадар: «Канечне, не заслужыў. Куды яму адпачываць? Ён і так адпачывае. Цяпер такая сытуацыя ў краіне. Трэба нешта вырашаць, а не адпачываць».

Спадар: «Пытаньне правакацыйнае ў вас. Але кожны чалавек заслугоўвае права на адпачынак. Так, краіна ня ў лепшым становішчы, але мы, прынамсі, працуем. А потым, акрамя Лукашэнкі ёсьць цэлы кабінэт ураду, які можа працаваць і безь яго. Ня трэба краіне спадзявацца на аднаго чалавека».

Малады спадар: «Магу сказаць за сябе — я заслужыў. Але мне чацьвёрты год нікуды не ўдаецца выехаць. Крызіс таксама ўплывае на ад’езд. А што да Аляксандра Рыгоравіча, то яму жадаю набрацца сіл і выцягнуць нашу краіну з таго эканамічнага стану, у якім яна цяпер».

Спадар: «Я не магу сказаць, заслужыў ён адпачынак ці не. Я ж не прысутнічаў, калі ён працаваў. Калі я вось з чалавекам працую побач, дык ведаю, што ён зрабіў і што не зрабіў. Ацэньваць працу палітыка дужа цяжка. Дужа шмат залежыць ад сытуацыі і атачэньня, у якім ён знаходзіцца».

Малады спадар: «Не заслужыў, вядома ж. Чаму ён лятае туды, а я не магу?»

Спадар сталага веку: «Я мяркую, што заслужаны адпачынак. Цяпер цяжкага дужа няма. Трэба толькі працаваць усім. А калі ніхто ня хоча, то і нічога ня будзе».

Спадар: «У кожнага чалавека дужа шмат працы, і кожны мае рабіць яе якасна. Мо ў яго насамрэч дужа шмат працы? На сёньняшні дзень у нас мір — вось што самае галоўнае».

Спадарыня: «Заслужыў адпачынак. Ён столькі высілкаў прыкладае дзеля стабілізацыі абстаноўкі ва Ўкраіне. Запрашае іх на перамовы. А потым ён за Ўкраіну ў СНД старшыняваў. Думаю, што можа крыху і адпачыць».

Малады спадар: «Ня ў дадзенай сытуацыі, якая цяпер у краіне. Не зусім гэтая сытуацыя стабільная. Я лічу, што ў дадзены момант і трэба было».

Спадар: «А можа, у яго плянавы адпачынак на зіму быў. Усе ж лідэры маюць права адпачываць. Але пытаньні тут не адназначныя. Цяжка казаць. Калі ня круцісься ў вярхах, дык ня ведаеш, наколькі яны стамляюцца».

Спадар: «Напэўна, заслужыў, калі паехаў. Калі ён працаваў, то мае права і адпачыць».

Спадар: «Праца напружаная ў прэзыдэнта. Складаная, адказная. Таму, я думаю, заслужыў».

Спадар: «Бачыце, палічыў неабходным — і паляцеў адпачываць. Сам сабе гаспадар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG