Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча стаць назіральніцай у Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора — з другой спробы


Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валеры Варанецкі
Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валеры Варанецкі

На пасяджэньне пастаяннага камітэту Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора, якое пройдзе 23 студзеня ў Брусэлі, накіраваўся старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валеры Варанецкі.

Беларусь ініцыявала далучэньне да Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора яшчэ ў 2009 годзе. Аднак тая спроба посьпеху не прынесла, бо Нацыянальны сход Беларусі там не прызналі легітымным парлямэнтам.

Вясной 2015 году зь Менску прыйшла новая заяўка. Пастаянны камітэт канфэрэнцыі атрымаў ліст ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановай аб атрыманьні статусу назіральніка, «каб беларускі бок меў магчымасьць прысутнічаць на пасяджэньнях».

У красавіку 2016 году тагачасны старшыня канфэрэнцыі, прадстаўнік Латвіі Яніс Вуцанс, прыяжджаў у Менск. Тады ён заявіў, што «рашэньне аб наданьні Беларусі статусу назіральніка ў Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора можа быць прынятае ў жніўні падчас генэральнай асамблеі арганізацыі». Рашэньне аб наданьні статусу назіральніка ў арганізацыі прымаецца на падставе кансэнсусу. Спадар Вуцанс адзначыў, што актуальнымі для Беларусі і краінаў Балтыйскага рэгіёну зьяўляецца супраца ў такіх сфэрах, як ахова навакольнага асяродзьдзя, экалёгія, адукацыя.

Аднак дагэтуль беларускі парлямэнт застаецца па-за гэтай арганізацыяй.

Парлямэнцкая канфэрэнцыя краінаў Балтыйскага мора заснаваная ў 1991 годзе ў Хэльсынкі. Статус пастаяннага ўдзельніка ў ёй маюць Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія, а таксама 5 міжпарлямэнцкіх арганізацыяў (Балтыйская асамблея, Эўрапейскі парлямэнт, Парлямэнцкія асамблеі Рады Эўропы і АБСЭ, Паўночная рада).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG