Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта проста зроблена для піяру», — Жаліба пра прэзыдэнцкі ўказ і новыя жыроўкі


У адным з разьлікова-даведачных цэнтраў ЖРЭА Фрунзенскага раёну Менску распавялі, як будуць зьмяншацца тарыфы ў сувязі з прэзыдэнцкім указам ад 23 сакавіка аб аплаце жыльлёва-камунальных паслугаў.

«Тэхнічнае абслугоўваньне па эканамічна абгрунтаваных затратах будзе 1150 рублёў (было 2100).

Прыбіраньне не павінна перавышаць 5300 на чалавека (было паводле калькуляцыі ЖЭСа, зыходзячы з плошчы кватэры).

Вада-каналізацыя будзе таньнейшая. Будзе цяпер 4653 (было з 27 студзеня 8914).

Зьменіцца налічэньне па электраэнэргіі руху ліфта, па электраэнэргіі месцаў агульнага карыстаньня, бо ў студзені разьлічвалі ад плошчы кватэры, а зь лютага — ад колькасьці чалавек.

На асьвятленьне месцаў агульнага карыстаньня таксама вызначаны ліміт 3900 на чалавека.

А электрарух ліфта будзе каштаваць 2600, каб не перавышаць кошту электраасьвятленьня.

За ўваходныя (кодавыя) дзьверы ўводзіцца адзіны тарыф для ўсіх пастаўшчыкоў паслугі — 9100 рублёў».

Як жа ў выніку зьменяцца жыроўкі, якія атрымаюць людзі? У ЖРЭА патлумачылі, што гэта будзе ва ўсіх па-рознаму.

«Тут чыста індывідуальна. Напрыклад, аднапакаёвая кватэра 33 мэтры. Але ў ёй прапісана 8 чалавек. І калі ў студзені разьлічвалася ад мэтражу кватэры, то ў іх было меншае налічэньне, чым у астатніх кватэрах.

А вось, напрыклад, звычайная трохпакаёвая кватэра, дзе жывуць 4 чалавекі. Па новай жыроўцы за люты трэба заплаціць каля 386 тысяч рублёў. Пералічана за студзень каля 52 тысяч рублёў. Гэта вернуць. А было за студзень 558 тысяч рублёў. Вернуць за прыбіраньне падʼезда. ліфт, тэхабслугоўваньне ліфта, за дзьверы (было 12 тысяч, цяпер 9100 рублёў), за асьвятленьне месцаў агульнага карыстаньня і электрарух ліфта. То бок было 558 тысяч, цяпер будзе 386 тысяч. Але трэба адзначыць, што ў гэтым выпадку, па гэтым доме былі ня вельмі вялікія налічэньні ў студзені. Ёсьць дамы ў Менску, дзе былі налічэньні значна большыя. Я за трохпакаёвую ў Маскоўскім раёне заплаціла за студзень 750 тысяч рублёў. Таму чакаю пераразьліку».

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Камэнтуючы карэспандэнту Свабоды прэзыдэнцкі ўказ, эканаміст Барыс Жаліба адзначыў, што жыроўкі патаньнеюць нязначна:«Гэта дробязі. Асноўны цяжар нашых жыровак — гэта плата за ацяпленьне. І асобная плата за электрычнасьць. Вось гэтыя два асноўныя артыкулы засталіся бязь зьменаў. Таму новыя жыроўкі будуць прыкладна тысяч на 50, можа на крыху больш, лягчэйшыя. Таму тое, што ён перагледзеў, — гэта дробязі. Перагледжаны дробныя артыкулы. Гэта проста зроблена для піяру: вось вам пералічылі ў бок зьмяншэньня, нібыта прэзыдэнт у нас добры, а чыноўнікі ЖКГ кепскія. Маўляў, ён нам лягчэй зрабіў. Гэта ўсё ерунда. Мы атрымаем за люты амаль тое, што атрымалі ў студзені. Пабачым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG