Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэс-служба МУС нічога ня ведае пра забарану фатаграфаваць адміністрацыйныя будынкі


Два дні Радыё Свабода спрабуе дабіцца ад МУС тлумачэньняў наконт указаньня пра забарону фатаграфаваць адміністрацыйныя будынкі. Дакумэнт пачаў дзейнічаць 25 лютага, а ў прэс-службе МУС нічога пра яго ня ведаюць.

Ужо некалькі журналістаў за апошнія дні траплялі ў міліцыю, калі фатаграфавалі адміністрацыйныя будынкі. Міліцыянты тлумачаць затрыманьне журналістаў указаньнем Міністэрства ўнутраных спраў, якое быццам бы падпісаў намесьнік міністра, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Мікалай Мельчанка 25 лютага.

Прымяняць указаньне пачалі ўжо на наступны дзень. 26 лютага быў затрыманы супрацоўнік «„Комсомольской правды“ в Белорусии» Дзьмітры Ласько, які зьбіраўся сфатаграфаваць новую падсьветку будынку прэзыдыюму Акадэміі навук. Чатыры гадзіны журналіст правёў у Першамайскім РУУСе.

У размове з журналістам «Комсомольской правды» намесьнік начальніка Першамайскага РУУС Юры Баранаў спаслаўся на «ўнутранае ўказаньне» намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Мельчанкі. Спадар Баранаў распавёў, што ў дакумэнце пералічаныя рознага кшталту будынкі дзяржаўных органаў. Сярод іх назваў і чыгуначны вакзал.

Два дні Радыё Свабода спрабавала знайсьці дакумэнт у Міністэрстве ўнутраных спраў, тэлефанавала ў прэс-службу. На трэці дзень намесьнік кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі, начальнік аддзелу па ўзаемадзеяньні з электроннымі СМІ МУС Беларусі Георгі Яўчар адказаў:

«У мяне няма інфармацыі па дадзеным пытаньні».

Карэспандэнтка: «Але быццам бы яшчэ 25 лютага спадар Мельчанка, намесьнік міністра, падпісаў нейкі дакумэнт. Вы можаце даведацца, у чым яго сутнасьць? Бо журналістам гэта трэба ведаць, гэта ж тычыцца нашай працы».

«Калі ў нас будзе інфармацыя, яна будзе разьмешчаная на афіцыйным сайце».

Карэспандэнтка: «Але ўжо былі некалькі інцыдэнтаў, затрымлівалі карэспандэнта „„Комсомольской правды“ в Белоруссии“, і мы проста хочам ведаць, што можна, а што нельга».

«Я ж кажу: у мяне пакуль няма ніякай інфармацыі па зададзеным вамі пытаньні».

Фатограф і відэаапэратар БелаПАН Васіль Сямашка таксама спрабаваў высьветліць, што гэта за дакумэнт, што можна і што нельга здымаць. 4 сакавіка адзначаўся Дзень міліцыі, і Васіль спрабаваў зьняць, як міліцыянты ўскладаюць кветкі. Не дазволілі — маўляў, БелаПАН не акрэдытаваны пры МУС. Але пагутарыць зь некаторымі міліцыянтамі яму ўдалося:

Адзін зь міліцыянтаў сказаў: „Апошнім часам пачасьціліся здымкі адміністрацыйных будынкаў замежнымі грамадзянамі“. Я пытаюся: „Ну што з таго?“ Ён кажа: „Вы ж ня хочаце, каб у нас было, як ва Ўкраіне“

Васіль Сямашка: «Учора, калі міліцыянты кветкі ўскладалі, пагаварыў з адным начальнікам, ён сказаў, што, маўляў, калі вы журналіст, то вы можаце здымаць будынкі ў Менску, у астатніх дакумэнты правяраць будзем. Сказаў таксама, што нельга здымаць адміністрацыйныя будынкі кшталту КДБ, пракуратуры. Калі я запярэчыў, што будынак КДБ — гэта помнік архітэктуры, ён запытаўся: „Дзе гэта напісана?“ — ён пра гэта ня ведае. А яшчэ адзін зь міліцыянтаў сказаў: „Апошнім часам пачасьціліся здымкі адміністрацыйных будынкаў замежнымі грамадзянамі“. Я пытаюся: „Ну што з таго?“ Ён кажа: „Вы ж ня хочаце, каб у нас было, як ва Ўкраіне“».

Дарэчы, фотакарэспандэнты і відэаапэратары часьцей за іншых рэпартэраў трапляюць пад пільную ўвагу міліцыянтаў. Былі выпадкі, калі міліцыянты разьбівалі камэры, сьціралі здымкі з картак, затрымлівалі фатакораў. Узгадвае фотакарэспандэнт парталу tut.by Вадзім Заміроўскі:

«Вядома, у кожнага фатографа, фотакарэспандэнта, які здымае на вуліцы, пэрыядычна бываюць такія сытуацыі, калі даводзіцца непрыемна спрачацца зь міліцыяй, даваць тлумачэньні.

Калі яшчэ будаваўся Палац незалежнасьці на праспэкце Пераможцаў, я сфатаграфаваў будоўлю, і мяне забралі ў пастарунак, пратрымалі нейкі час, а потым адпусьцілі».

Карэспандэнт БелаПАН Васіль Сямашка распавёў, як зьняў плот будаўнічай пляцоўкі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, куды любы можа трапіць:

«Гэта звычайны плот, стандартная сетка, без праблем сфатаграфаваў, а потым мяне не пусьцілі на тэрыторыю, бо плот аказаўся „сакрэтным аб’ектам“. Другім разам з прадпрымальнікамі пайшоў да адміністрацыі прэзыдэнта, сфатаграфаваў іх на фоне будынку. Тут жа да мяне падбегла ахова, загадала тэрмінова здымак выдаліць. На пытаньне, чаму нельга тут здымаць, мне адказалі: „Вы маглі зьняць схему варты каля рэзыдэнцыі“. Я пажартаваў: „А што, дрэнна на здымках Google Maps відаць?“»

Выглядае, што міліцыянты і самі ня ведаюць дакладна, што можна і што нельга здымаць, і забараняюць здымаць усё.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася да намесьніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі з афіцыйным запытам — прадставіць копію «ўказаньня» пра фатаграфаваньне адміністрацыйных будынкаў.

Каго ўжо затрымалі паводле таямнічага ўказаньня

Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавала маніторынг забаронаў журналістам здымаць адкрытыя для масавага наведваньня месцы.

26 лютага быў затрыманы супрацоўнік «„Комсомольской правды“ в Белорусии» Дзьмітры Ласько, які зьбіраўся сфатаграфаваць новую падсьветку будынку прэзыдыюму Акадэміі навук. Чатыры гадзіны ён правёў у Першамайскім РУУСе.

1 сакавіка ахоўнікі амбасады Расеі ў Беларусі забаранілі журналістам здымаць будынак, да якога беларусы несьлі кветкі і сьвечкі на знак памяці аб забітым расейскім палітыку Барысу Нямцову.

2 сакавіка ў Глыбокім мясцовага журналіста Зьмітра Лупача не пусьцілі ў райвыканкам з фотаапаратам.

4 сакавіка ў будынку Заводзкага суду быў затрыманы фотакарэспандэнт Уладзь Грыдзін, які зрабіў некалькі здымкаў перад пачаткам паседжаньня. Журналіста пратрымалі паўтары гадзіны ў Заводзкім РУУС, здымкі выдалілі.

XS
SM
MD
LG