Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пчолы добрыя, бо беларускія», — берасьцеец зрабіў беларускамоўны сайт пра пчол

Пятро Попчанка зь Берасьця тры гады займаецца пчалярствам. Ён стварыў пра пчол беларускамоўны сайт і плянуе распачаць відэаблог, дзе будзе дзяліцца сваім досьведам

Пятро Попчанка зь Берасьця тры гады займаецца пчалярствам. Ён стварыў пра пчол беларускамоўны сайт і плянуе распачаць відэаблог, дзе будзе дзяліцца сваім досьведам

Пятро Попчанка мае невялікую пасеку зь дзясяткам вульлёў на сваім надзеле на ўскраіне Берасьця. Гаспадар ласкава пагадзіўся паказаць журналістам Свабоды, як здабываюць мёд.

«Ня бойцеся, мае пчолы добрыя»

Бачачы, як хвалююцца карэспандэнты перад блізкім знаёмствам з пчоламі, Пятро зладзіў заспакаяльны «інструктаж па тэхніцы бясьпекі». Галоўнае, кажа пчаляр, — не рабіць рэзкіх рухаў, не махаць рукамі, не падыходзіць блізка сьпераду вульлёў.

«Ня бойцеся, мае пчолы добрыя», — сказаў Пятро і даў журналістам нацерціся травой мэлісай: ейны пах, паводле пчаляра, супакойвае пчол

«Ня бойцеся, мае пчолы добрыя», — сказаў Пятро і даў журналістам нацерціся травой мэлісай: ейны пах, паводле пчаляра, супакойвае пчол

Бываюць розныя пароды пчол — адны лагаднейшыя, іншыя дзікаватыя. Гібрыдныя пчолы Пятра ангельскай пароды «Бакфаст» адносяцца якраз да лагодных. Яны спакойна ставяцца да гаспадароў пасекі, якія забіраюць мёд.

Пятро кажа, што часта ён вымае рамкі зь мёдам нават без адмысловай вопраткі, і пчолы яго джаляць вельмі рэдка. Але сёньня ён адмысловае адзеньне ўсё ж апрануў, каб паказаць журналістам спэцыфіку працы пчаляра.

Перад выманьнем рамак Пятро абкурвае вульлі дымам. На пытаньне, ці гэта робіцца дзеля таго, каб пчолы «прыдурманіліся», пчаляр кажа, што гэта ня так:

«Проста ў пчол спрацоўвае інстынкт — адчуваючы дым, яны думаюць, што пачаўся лясны пажар, і пачынаюць паядаць мёд. Пакуль яны гэтым занятыя, пчаляр і забірае рамкі».

Сапраўды, абкурыўшы вулей, Пятро пачынае вымаць аблепленыя пчоламі рамкі з сотамі. Большасьць інсэктаў пчаляр проста страсае з рамкі ў вулей, а астатніх асьцярожна зьмятае шчоткай.

Больш трывожнымі пчолы робяцца ў часе выманьня апошніх рамак. Але на пчаляра не нападаюць. Не пацярпелі і журналісты, якія стаялі за два мэтры

Больш трывожнымі пчолы робяцца ў часе выманьня апошніх рамак. Але на пчаляра не нападаюць. Не пацярпелі і журналісты, якія стаялі за два мэтры

«Я ж казаў, што мае пчолы добрыя», — з усьмешкай кажа пчаляр, несучы рамкі з сотамі ў хату.

Як праз 40-гадовую медагонку мёд трапляе з сотаў у слоікі

У хаце пачынаецца наступны этап — Пятро расьпячатвае соты зь мёдам, здымаючы забрус.

«Забрус таксама можна есьці, але я аддаю яго пчолам, яны яго перапрацуюць», — кажа Пятро.

Зьняўшы забрус з усіх рамак, Пятро нясе іх у іншы пакой, дзе стаіць адмысловая бочка-медагонка. У Пятра яна рарытэтная — аж 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Перайшла ў спадчыну ад іншага старога пчаляра. Прынцып працы медагонкі ў тым, што пчаляр круціць ручку, у бочцы тады хутка круцяцца рамкі зь мёдам, мёд разьлятаецца па сьценках бочкі. Потым мёд сьцякае на дол, і, адкрыўшы кранік, яго можна зьліваць

Пятро Попчанка кажа, што сучасныя медагонкі працуюць ад электрычнасьці, і ручку там круціць ня трэба. Але пакуль ён у такой прыладзе патрэбы ня мае, бо ягоная пасека невялікая

Пятро Попчанка кажа, што сучасныя медагонкі працуюць ад электрычнасьці, і ручку там круціць ня трэба. Але пакуль ён у такой прыладзе патрэбы ня мае, бо ягоная пасека невялікая

Пасьля медагонкі мёд працэджваецца праз марлю і сіта і трапляе ў слоікі зь фірмовай налепкай Пятра Попчанкі «Добрыя пчолы»

Пасьля медагонкі мёд працэджваецца праз марлю і сіта і трапляе ў слоікі зь фірмовай налепкай Пятра Попчанкі «Добрыя пчолы»

Затым пчаляр ладзіць дэгустацыю. Кажа, што любіць спажываць мёд з кантрастнымі прадуктамі — салёнымі або кіслымі. Пятро кажа, што па-беларуску будзе есьці мёд з гуркамі. Смачна, кажа, з салёным сырам. І ўжо зусім зьдзівіў пасечнік журналістаў расповедам, што з Італіі прыйшла манера есьці мёд з салёным салам

Чаму Попчанка стварыў першы беларускамоўны сайт пра пчалярства

Пятро — уладальнік беларускамоўнага пчалярскага сайту «Добрыя пчолы». Кажа, стварыў сайт таму, што не хапае пчалярскай інфармацыі па-беларуску:

«Сайта пра пчол на беларускай мове не было ўвогуле. Быў сайт пра бортніцтва, але ён больш такі — традыцыі, гісторыя і ўсё, што зьвязана з пчалярствам на дрэвах. А менавіта пра пчол каб нешта пачытаць на беларускай мове, такой інфармацыі няма. Я вырашыў — а чаму б і не? І пачаў такі невялікі сайт.

Пішу артыкулы, нейкія свае заўвагі. У далейшым плянуецца рабіць відэаблог, дзе буду паказваць, як я працую ў вульлі, што раблю з пчоламі ці мёдам. Тады ўжо нейкі вопыт будзе перадавацца. А пакуль гэта забаўка, каб сабе было весялей і іншым каб паказаць, што ёсьць пчолы і ня трэба іх баяцца, бо яны добрыя».

На пытаньне, ці дапамагае беларуская мова сайта прадаваць мёд і прапагандаваць пчалярства, Пятро адказаў:

«Яна ня шкодзіць. Таму што яшчэ ні разу я не сустракаў такога, каб нехта кпіў: навошта, маўляў, пісаць на беларускай мове. Наадварот, гэта такі спосаб выдзеліцца, каб быць заўважным у рускамоўнай інтэрнэтаўскай прасторы. Усё ж такі нейкі рэсурс на беларускай мове ў Беларусі выклікае цікаўнасьць».

«Добрыя пчолы» — брэнд мёду Пятра Попчанкі

«Добрыя пчолы» — брэнд мёду Пятра Попчанкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG