Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква чыніць у Беларусі масавы вандалізм, — Харэўскі


Сяргей Харэўскі. Здымак Дзяніса Раманюка

Сяргей Харэўскі. Здымак Дзяніса Раманюка

Прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы перарабілі барочны іканастас 1730-х гадоў Усьпенскага сабора ў Жыровічах, замяніўшы аўтэнтычныя барокавыя абразы на сучасныя, выкананыя ў нібыта старажытнарускім стылі.

Як паведамляе сайт «Гарадзенская вясна», сем абразоў перададзеныя ў Беларускі нацыянальны мастацкі музэй. Дзе драўляная разьба і астатнія абразы, пакуль невядома.

Паводле словаў мастака, іканапісца Ўладзімера Кавальчука, такія замены старых абразоў адбываюцца ў Жыровічах яшчэ з 1990-х гадоў:

«Я размаўляў з уладыкам Гурыем і прасіў яго ўсе іконы пасьля рэстаўрацыі вяртаць у Жыровічы, дзе можна было б стварыць вялікі музэй іконаў. Але просьба і прапанова мае не былі пачутыя. Таму цяпер старыя абразы мяняюць на новыя, якія малюе інакіня Анфіса. Так што ў Жыровічы паціху вяртаецца так званы «рускі стыль», — кажа Ўладзімер Кавальчук.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі кажа, што выпадкаў, калі барочныя элемэнты сабораў мяняюць на зробленыя сучаснымі праваслаўнымі майстрамі, у Беларусі здараецца па некалькі дзясяткаў штогод:

«Увогуле гэтая тэндэнцыя трывае апошнія 200 гадоў. Яшчэ Кацярына Другая адпраўляла ў Полацак і Віцебск архітэктараў, якія працавалі, напрыклад, над Багаяўленскім саборам, ламаючы барочныя фасады на асабісты ўказ імпэратрыцы. Лічылася, што такія фасады надаюць саборам каталіцкі выгляд. Гэта цывілізацыйная вайна — сьведамая, плянавая, мэтадычная работа. Тое, што руская праваслаўная царква вырабляе ў Беларусі, — гэта масавы вандалізм. Яркі прыклад яго ў Менску — зьнішчэньне Малога гасьцінага двара».

Іканастас Усьпенскага сабора ў Жыровічах да і пасьля пераробкі

Іканастас Усьпенскага сабора ў Жыровічах да і пасьля пераробкі

Сяргей Харэўскі перакананы, што такія «рэстаўрацыі» магчымыя з-за нявызначанага статусу Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі і нежаданьня дзяржаўных органаў умешвацца ў яе справы:

«Статус Рускай праваслаўнай царквы не зусім зразумелы, а кіруе ёй грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Адпаведна, усё, што робіцца Рускай праваслаўнай царквой, мае дзіўны прававы статус. У той жа час Міністэрства культуры не наважваецца ўмешвацца ў такія справы. Адбываецца поўнае ігнараваньне думкі грамадзкіх арганізацыяў і адмыслоўцаў. Прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы ня просяць ніякіх дазволаў, а пра такія „рэстаўрацыі“ мы дазнаемся пост-фактум. І ўсё гэта — працяг той цемрашальскай палітыкі, якую стагодзьдзямі праводзіла Расейская імпэрыя на беларускіх землях».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG