Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правал па ўсіх франтах: апублікаваныя эканамічныя паказьнікі за першы квартал


Афіцыйная беларуская статыстыка зафіксавала ў першым квартале 2015 году падзеньне валавога ўнутранага прадукту, спад вытворчасьці і рост інфляцыі.

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі падсумаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця за першыя тры месяцы году. Прагнозныя паказьнікі, зацьверджаныя Аляксандрам Лукашэнкам 1 сьнежня мінулага году, і фактычныя лічбы не супадаюць амаль ні па якім парамэтры.

Згодна са зьвесткамі статыстычнага ведамства, пры прагнозе росту валавога ўнутранага прадукту ў параўнаньні зь першым кварталам мінулага году ў 100,7% за першыя тры месяцы 2015-га зафіксаванае падзеньне больш як на 2 працэнты.

Экспарт тавараў і паслуг без уліку нафты і нафтапрадуктаў упаў амаль на 25 працэнтаў — да ўзроўню 76,4% у параўнаньні зь першым кварталам 2014-га.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва таксама ўпалі — на 3 працэнты ў параўнаньні зь мінулым годам.

Статыстыка сьведчыць, што прадпрыемствы надалей працуюць на склад. Гатовай прадукцыі цяпер назапашана амаль 84% да сярэднямесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці — пры тым, што крытычным лічыцца ўзровень 70 працэнтаў.

Як лічыць экспэрт у машынабудаўнічай галіне, прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў, такім чынам падтрымліваецца ілюзія занятасьці насельніцтва:

Аляксандар Бухвостаў

Аляксандар Бухвостаў

«Чаму яны гэта выпускаюць, ведаючы, што ўсё пойдзе на склад? Таму што трэба заняць людзей, вось і ўсё. Калі ўлады ня будуць забясьпечваць работнікаў працай, узьнікне сацыяльнае незадавальненьне. Запаўняюць пляцоўкі, камплектуюць цалкам ці часткова — гэта ўжо пытаньне другаснае. Галоўнае, калі людзі выходзяць на працу, іх гэтай працай трэба забясьпечыць. Бо калі прадукцыя не рэалізаваная, і людзям сказаць — маўляў, пакуль увесь тавар не прададуць, вы не прыходзьце на завод — што будзе? Будзе, мякка кажучы, дрэнна, узьнікне сацыяльны канфлікт. Таму яны і гоняць вал. Так заўсёды было, яшчэ ад савецкіх часоў. Зразумела, амярцьвяючы такім чынам абаротныя сродкі і г.д. Гэта значны нэгатыў, які ўрэшце прывядзе да таго, што той жа МАЗ рухне. На маё перакананьне, трэба ў гэтай сыстэме нешта мяняць істотна, а не касмэтычна».

Нягледзячы на тэндэнцыю працы на склад, амаль у 4 разы вырас лік рабочых, якія працавалі няпоўны час. Толькі ў лютым такіх было 63 638 чалавек. У вымушаных адпачынках было 37 769 чалавек, а гэта ў 2,3 раза больш, чым у лютым мінулага году.

Адна з прычын гэтага — рэзкае падзеньне экспарту: на 26 працэнтаў.

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

Як зазначае старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб, ва ўмовах плянавай эканомікі і адмовы ад рынкавых пераўтварэньняў разьлічваць на эканамічны рост праблематычна:

«Сапраўды, кола паступова замыкаецца. То бок, калі шмат якія эканамісты ў адзін голас кажуць, што дзяржава ніколі не была і ня будзе эфэктыўным уласьнікам, гэта не абстрактныя разважаньні, а канстатацыя факту. Цяпер, калі браць пад увагу ўсю гэтую сытуацыю з затаваранасьцю складоў, дык мы проста бачым своеасаблівую ілюстрацыю на пальцах, адну з праяваў ужо згаданага тэзісу. Рэцэпты выйсьця з гэтага тупіку ёсьць, яны вядомыя, груба кажучы, сотні гадоў. Найперш, эканоміка прадпрыемства павінна быць гнуткай, яна павінна хутка рэагаваць на розныя эканамічныя стымулы: на паляпшэньне каньюнктуры — павелічэньнем выпуску, на пагаршэньне каньюнктуры — адпаведна, зьніжэньнем выпуску і г.д. Дзяржаўная эканоміка на гэтыя эканамічныя стымулы не рэагуе абсалютна ніяк, таму вынік заўсёды будзе дрэнны».

Пры гэтым статыстыка зафіксавала інфляцыю ў памеры 16,7%.

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка заявіў з гэтай нагоды Свабодзе:

«Пытаньняў багата. На жаль, адказаў на іх няма. Так, шмат якія краіны перажываюць эканамічныя цяжкасьці — тая ж Украіна, працягвае ліхаманіць Грэцыю. Але разам з тым у Грэцыі ці Гішпаніі няма такіх праблемаў, як у нас. Найперш гэта тычыцца росту цэнаў — індэкс спажывецкіх цэнаў у нас вышэйшы, чым дзе яшчэ. Так скажу: па гэтым паказьніку мы ўпэўнена абагналі ўсе краіны Эўропы, калі не лічыць Данецкай і Луганскай абласьцей. Ну дык там вайна, разруха. А як мы дакаціліся да такіх „рэкордаў“? Для прыкладу згадаем 2011 год: тады, пачынаючы ад траўня месяца, мы па БТ чулі: вось Грэцыя, інфляцыя, дэвальвацыя, Польшча таксама дзесьці ўсплывала. Але за 2011-ты ў Грэцыі інфляцыя была ўсяго толькі 2,85%, а ў Беларусі — 108,5%. Ну дык пра што гаварыць? Даводзіцца канстатаваць: мы сёньня сацыяльна не абароненыя, беларускі народ ня мае ніякіх сацыяльных гарантыяў».

XS
SM
MD
LG