Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць Дзядка


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Шэраг праваабарончых арганізацыяў у сумеснай заяве патрабуюць неадкладна спыніць крымінальны перасьлед палітвязьня Мікалая Дзядка і вызваліць яго.

Заяву падпісалі Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека і яе сяброўскія і партнэрскія арганізацыі — грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі Хэльсынскі камітэт» і Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Праваабаронцы выказалі глыбокую заклапочанасьць сур’ёзнымі пагрозамі для жыцьця і здароўя Мікалая Дзядка. Яны падкрэсьлілі, што ўся адказнасьць за бясьпеку і абарону палітвязьня ляжыць на адміністрацыі турмы № 4 г. Магілёва і кіраўніцтве Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

«Мы таксама выказваем пратэст супраць новага крымінальнага перасьледу Мікалая Дзядка, які лічым выключна палітычна матываванай справай, і патрабуем яго неадкладнага спыненьня, а таксама неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Мікалая Дзядка і іншых палітзьняволеных у Беларусі», — адзначаецца ў заяве.

Мікалая Дзядка ўзялі пад варту 3 верасьня 2010 году. 27 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску пакараў яго зьняволеньнем на 4,5 года ў калёніі строгага рэжыму за злоснае хуліганства. 5 сьнежня 2012 году пастановай суду ўмовы адбыцьця пакараньня былі замененыя на больш жорсткія, і Мікалая перавялі з калёніі № 17 Шклова ў турму № 4 Магілёва.

Мікалая Дзядка пакаралі за ўдзел у мірнай дэманстрацыі каля Міністэрства абароны супраць сумесных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў. Сьледзтва і суд па справе суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі прынцыпаў справядлівага судовага разбору. Гэта дазволіла кваліфікаваць крымінальную справу як палітычна матываваную, а Мікалая Дзядка як палітзьняволенага.

За кратамі Дзядок ня раз атрымліваў дысцыплінарныя спагнаньні. Яго зьмяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканьне камэрнага тыпу, пазбаўлялі спатканьняў і перадачаў. Ціск на Мікалая не спыніўся нават пасьля пераводу ў турму № 4. У выніку здароўе Мікалая Дзядка пагоршылася.

Тэрмін зьняволеньня Дзядка павінен быў скончыцца 3 сакавіка 2015 году. Але адносна палітвязьня распачалі новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы. Падставай для справы сталі матэрыялы ранейшых дысцыплінарных спагнаньняў.

13 студзеня 2015 году скончыўся тэрмін папярэдняга сьледзтва, і матэрыялы новай справы паступілі ў пракуратуру для далейшай перадачы ў суд. Мікалаю Дзядку пагражае яшчэ адзін год пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG