Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы параілі ўраду, як палепшыць сытуацыю з правамі чалавека


Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак і Алег Агееў

Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак і Алег Агееў

11 грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў распрацавалі рэкамэндацыі для ўраду да чарговага агляду Беларусі ў галіне правоў чалавека, які правядзе ААН у траўні

Адмяніць сьмяротную кару, расьсьледаваць палітычныя зьнікненьні, увесьці крымінальную адказнасьць за катаваньні, спыніць практыку адвольных затрыманьняў грамадзкіх актывістаў, зьмяніць сыстэму працоўных кантрактаў ды ліквідаваць усе формы прымусовай працы.

Гэта толькі некаторыя з 48 рэкамэндацыяў па вырашэньні вострых праблемаў у галіне правоў чалавека, якія сумесна сфармулявалі 11 беларускіх грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў. Рэкамэндацыі адрасаваныя найперш ураду краіны. У траўні ў ААН яго чакае працэдура ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду. 15 красавіка ў офісе «Вясны» праваабаронцы прэзэнтавалі сьпіс рэкамэндацыяў і далі камэнтары да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У параўнаньні зь мінулым аглядам, які Беларусь праходзіла ў 2010 годзе, сытуацыя ня стала прынцыпова лепшай, а па некаторых праблемах і пагоршылася, мяркуе Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, які браў удзел у падрыхтоўцы рэкамэндацыяў. Паводле яго, з 93 рэкамэндацыяў, якія ААН прапанавала Беларусі па выніках першага ўнівэрсальнага агляду, Беларусь пагадзілася толькі з 57-мю, але і тыя да канца ня выканала. Як гэтага дамагчыся?

«Вельмі важна, каб падрыхтоўка нацыянальнага агляду, які рыхтуе ўрад, праходзіла пры ўдзеле грамадзянскай супольнасьці. І каб працэдура выпрацоўкі захадаў па выкананьні рэкамэндацыяў — таксама. Такое супрацоўніцтва збольшага зьявілася, але калі параўноўваць першы ўнівэрсальны агляд зь цяперашнім, дык тут ёсьць зьмены і да лепшага, і да горшага».

Сярод іншага Алег Гулак адзначыў, што ўрад адмаўляецца запрашаць да супрацы незарэгістраваныя праваабарончыя арганізацыі, спасылаючыся на іх няпэўны статус, але пры гэтым нічога ня робіць, каб зьняць фактычную забарону на рэгістрацыю.

4 траўня ў ААН Беларусь будзе праходзіць працэдуру ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду — трымаць своеасаблівы экзамэн на адпаведнасьць законаў і практыкі ў галіне правоў чалавека патрабаваньням ААН. Такі агляд раз на 4,5 года праходзяць усе 192 сябры ААН. Раней урад Беларусі адправіў у ААН нацыянальны агляд сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, а таксама пагадзіўся выканаць большасьць рэкамэндацыяў, якія былі дасланыя структурамі ААН дзеля выпраўленьня сытуацыі. Пасьля гэтага, увесну 2014 году, праваабаронцы Беларусі даслалі свой агляд, у якім заявілі, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі збольшага ня стала лепшай. Цяперашнія рэкамэндацыі — яшчэ адна спроба сумесна выправіць становішча.

Намесьнік старшыні незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Валянцін Стэфановіч заўважае, што ўнівэрсальны пэрыядычны агляд ААН — адзін зь нешматлікіх міжнародных мэханізмаў, да якога прыслухоўваецца беларускі ўрад, і таму трэба яго выкарыстоўваць як мага актыўней. Валянцін Стэфановіч нагадаў, што пасьля агляду 2010 году ад Беларусі ўдалося дамагчыся невялікіх пазытыўных зьменаў хаця б у тым, якім атрымаўся апошні нацыянальны агляд, падрыхтаваны ўрадам.

«У нацыянальным аглядзе зьявіліся невялікія зьмены да лепшага. Прыкладам, зьявілася статыстыка, якой раней не было і да якой мы дагэтуль ня маем доступу. Гэтая статыстыка кажа сама за сябе. Прыкладам, у галіне абароны правоў вязьняў у месцах зьняволеньня. За 3 гады пададзена нібыта ўсяго 15 скаргаў, прычым ніводная не была задаволеная», — паведаміў Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца нагадаў, што сам нацыянальны агляд, падрыхтаваны ўрадам Беларусі, знаходзіцца ў адкрытым доступе — яго можна прачытаць на сайце Міністэрства замежных спраў.

Працэдура ўнівэрсальнага агляду для Беларусі адбудзецца 4 траўня ў Жэнэве. Паводле Валянціна Стэфановіча зь «Вясны», да Беларусі сярод краінаў — сябраў ААН ёсьць вялікая цікаўнасьць. Яны чакаюць, што на аглядзе будуць прысутнічаць дэлегацыі некалькіх дзясяткаў краін сьвету, прадстаўнікі якіх змогуць задаваць пытаньні і з дапамогай рэкамэндацыяў беларускіх праваабаронцаў аргумэнтавана спрачацца з прадстаўнікамі ўраду Беларусі.

У падрыхтоўцы рэкамэндацыяў брала ўдзел і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Прадстаўнік БАЖ, былы адвакат Алег Агееў паведаміў, што незалежныя журналісты чакаюць спрашчэньня працэдуры рэгістрацыі мэдыяў, спыненьня перасьледаў за супрацоўніцтва з замежнымі мэдыямі без акрэдытацыі, а галоўнае — рэфармаваньня закону аб СМІ такім чынам, каб ён адпавядаў міжнародным стандартам.

«Паколькі ўжо цягам некалькіх гадоў падрыхтаваныя Беларускай асацыяцыяй журналістаў рэкамэндацыі па зьменах у закон аб мэдыях дзяржаўныя органы адмаўляюцца разглядаць, мы спадзяёмся на тое, што пры выкарыстаньні гэткай пляцоўкі, як унівэрсальны пэрыядычны агляд ААН, рэакцыя, магчыма, зьменіцца».

XS
SM
MD
LG