Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы і юрысты будуць пераглядаць сьпіс палітвязьняў


Belarus - Meeting of Committee on political prisoners with the representatives of the OSCE, Minsk, 16Aug2016

Belarus - Meeting of Committee on political prisoners with the representatives of the OSCE, Minsk, 16Aug2016

У сераду 16 лістапада а 18.00 у сядзібе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) пачнецца форум «Свабоду палітвязьням!»

Тэмы агульнай сустрэчы грамадзкіх і палітычных лідэраў, праваабаронцаў, юрыстаў — суды над Уладзімерам Кондрусем і Алесем Юркойцем, якія пачынаюцца на гэтым тыдні, міліцэйскае беззаконьне, лёс сямʼі Жаўновых і дапамога іншым беларускім вязьням.

На першым форуме «Свабода палітзьняволеным», які адбыўся 16 жніўня, адбылося адкрытае галасаваньне, згодна зь якім удзельнікі форуму зацьвердзілі сьпіс асобаў, якіх, на думку часткі грамадзкай супольнасьці, варта прызнаць палітычнымі зьняволенымі.

Сьпіс складаецца з 16 чалавек: Эдуард Пальчыс, Зьміцер Паліенка, Аляксей Жаўноў, Алеся Садоўская, Андрэй Бандарэнка, Уладзімер Кондрусь, Міхаіл Жамчужны, Ірына Моцная, Кірыл Сілівончык, Аляксандар Лапіцкі, Аляксандар Юркойць, Тарас Аватараў, Зьміцер Цехановіч, Ільля Валавік, Вадзім Бойка і Філіп Іваноў.

З таго часу Эдуард Пальчыс і Зьміцер Паліенка выйшлі на волю.

Мадэратар форуму Павал Севярынец кажа, што 16 лістапада ўдзельнікі перагледзяць жнівеньскі сьпіс.

«Пальчыс і Паліенка вызваленыя з турмы, але яны знаходзяцца на „хатняй хіміі“. Ёсьць тыя, хто пад пагрозай. А таксама ёсьць некалькі новых прозьвішчаў. Напрыклад, Мікалай Статкевіч прапаноўвае занесьці ў сьпіс палітвязьняў гарадзенскага антыфашыста Максіма Ягнешку», — сказаў Павал Севярынец.

Група юрыстаў, якая будзе браць удзел у форуме, прапануе свае крытэры вызначэньня палітвязьняў.

«Таксама на форуме мы скажам пра выпадкі міліцэйскага беззаконьня, якія ўжо немагчыма трываць. Будзем абмяркоўваць праект звароту да кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і нашы патрабаваньні ў гэтай справе. Таксама мы абмяркуем, як дзейнічаць падчас суду над Уладзімерам Кондрусем», — дадаў Севярынец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG