Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку пагражаюць лёсам Нямцова


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

У Ірляндыі занепакоеныя бясьпекай гомельскага праваабаронцы і яго сям’і, а ў Беларусі — ня надта.

Гомельская міліцыя і пракуратура ня могуць знайсьці, хто пагражае гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку праз інтэрнэт.

Тым часам Міжнародны фонд абароны саміх праваабаронцаў — Front Line Defenders, заснаваны ў 2001 годзе ў ірляндзкім Дубліне, — занепакоіўся бясьпекай і недатыкальнасьцю гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі і ягоных дзяцей. На сайце гэтай міжнароднай арганізацыі зьмешчана гісторыя Судаленкі.

24 лютага 2015 году праваабаронца падаў заяву начальніку УУС Гомельскага аблвыканкаму з просьбай правесьці расьсьледаваньне ў зьвязку з артыкулам «Зорачкі для праваабаронцы», апублікаваным на сайце сумнеўнага паходжаньня. Судаленку ў артыкуле называюць «абаронцам забойцаў» — ён нібыта зарабляе грошы падачай «стратэгічных скаргаў» у Камітэт ААН па правах чалавека. Артыкул, падпісаны імем «Арцём Васільеў», заканчваецца пагрозай, што аднаму з сыноў Леаніда Судаленкі можа быць нанесена 101 нажавое раненьне.

Пагрозы й абразы пасыпаліся пасьля таго, як Судаленка стаў аказваць прававую і юрыдычную дапамогу Вользе Груновай, маці расстралянага Аляксандра Грунова, які ўчыніў жорсткае забойства гомельскай студэнткі. Маці хоча ведаць, дзе пахаваны сын, і дамагаецца зьмены ў заканадаўстве — каб целы расстраляных праз вырак суду можна было забіраць і хаваць там, дзе жадаюць сваякі.

На ўсе звароты Судаленкі ў праваахоўныя органы ён атрымаў адказы, што знайсьці вінаватых яны ня могуць.

У заяве на імя начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму Леанід Судаленка папрасіў вызначыць IP-адрас, зь якога ажыцьцяўляецца адміністраваньне сайта, і распачаць крымінальную справу паводле артыкула 186 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («пагроза забойствам»).

У гэтым праваабаронцу адмовілі. Судаленка зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру Гомеля і Генэральную пракуратуру. Бо 1 сакавіка праваабаронцу зноў пагражалі забойствам, даслаўшы электронны ліст. У ім зьмешчана спасылка на відэа пра забойства расейскага палітыка Барыса Нямцова, застрэленага ў Маскве 27 лютага 2015 году. Яна суправаджалася пытаньнем: «Ці падабаецца табе відэа?» Электронны ліст быў дасланы з адрасу, зарэгістраванага на імя пяцігадовага сына праваабаронцы.

На ўсе звароты Судаленкі ў праваахоўныя органы ён атрымаў адказы, што знайсьці вінаватых яны ня могуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG