Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца выйграў справу ў пракуратуры


Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

У дзеяньнях магілёўскага праваабаронцы Валадара Цурпанава Ленінскі аддзел міліцыі абласнога цэнтру ня ўгледзеў складу правапарушэньня і спыніў супраць яго адміністрацыйную справу. Пракуратура вінаваціла актывіста ў ілжывым выкліку міліцыі.

Нагодай для канфліктнай сытуацыя, якая прывяла да складаньня пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня, як вынікае з матэрыялаў справы, стала патрабаваньне праваабаронцы, каб памочнік пракурора гораду Віталій Маркаў прыняў ягоную заяву ў службовым кабінэце, а не ў фае будынку ўстановы.

Гэткім чынам, заяўляе Цурпанаў, можна было не парушаць правілаў ветлівасьці, выказаць павагу да годнасьці асобы і гонару чалавека, а таксама выканаць працэдуру пра абарону канфідэнцыйных зьвестак.

Супрацоўнік пракуратуры ж настойваў, каб наведнік прадʼявіў дакумэнты. У адказ Цурпанаў запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў. Пасьля таго, як яму яе ня выдалі, праваабаронца выклікаў міліцыю. Пакуль яе чакаў, кнігу прынесьлі. Міліцыянт заявіў, што ў дзеяньнях супрацоўніка пракуратуры ня бачыць правапарушэньня.

Пазьней Валадар Цурпанаў даведаўся, што супраць яго Ленінскі аддзел міліцыі распачаў адміністрацыйную справу па факце дарэмнага выкліку міліцыі.

У гэтым жа раённым аддзеле на працягу двух тыдняў і разглядалі справу супраць праваабаронцы. Ён дамогся, на працэсе ўдзельнічаў перакладчык з расейскай мовы на беларускую. Камэнтуючы рашэньне намесьніка начальніка аддзелу падпалкоўніка Юрыя Калацілкіна актывіст заўважыў, што для яго яно нечаканы. Хада працэсу, казаў ён, сьведчыла, што рашэньне будзе абвінаваўчым.

«І ўсё ж заставалася спадзяваньне, што сыстэма дасьць задні ход, — выказваецца актывіст. — Мяркую, што міліцэйскае начальства адстаяла сябе ў канфлікце, які ініцыявала пракуратура Магілёва. Што да самога працэсу, то складвалася ўражаньне, што рашэньне ўжо гатовае даўно, і яно не на маю карысьць».

У рашэньні падпалкоўніка Калацілкіна зазначана, што Цурпанаў не рабіў «умысьля ілжывага паведамленьня, якое пацягнула прыняцьце захадаў рэагаваньня міліцыяй, хуткай дапамогай, падразьдзяленьнямі па надзвычайных сытуацыях, або іншымі спэцыялізаванымі службамі».

Разгляд справы супраць Цурпанава ў будынку раённага аддзелу міліцыі праходзіў адкрыта.

Валадар Цурпанаў фігурант яшчэ адной адміністрацыйнай справы. Нагодай для яе сталася патрабаваньне ад актывіста ахоўніцай у пракуратуры дакумэнтаў і высьвятленьне мэты наведваньня ўстановы. Праваабаронца настойвае, што такія патрабаваньні незаконныя. Пра тое ён зрабіў запіс у кнізе скаргаў і прапановаў, але праваабаронцу ўсё роўна зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі. Актывіст больш за суткі правёў у няволі. Судзьдзя Ленінскага суду Вольга Бекешава адправіла матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць праваабаронцы на дапрацоўку. Сваёй віны ён не прызнае.

XS
SM
MD
LG