Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзіны рэсурс ГП — прызнаньне статусу Караткевіч заходнімі партнэрамі»


Тацяна Караткевіч, прэсавая канфэрэнцыя па выніках выбараў. Менск, 12 кастрычніка 2015 году
Тацяна Караткевіч, прэсавая канфэрэнцыя па выніках выбараў. Менск, 12 кастрычніка 2015 году

Як апошні скандал вакол подпісаў Тацяны Караткевіч можа адбіцца на ўнутраным і міжнародным іміджы кампаніі «Гавары праўду»? Якія наступствы ён будзе мець для раскладкі сілаў у апазыцыі і для выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць публіцыст Вадзім Казначэеў і палітоляг Юры Чавусаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Якое ў вас уражаньне ад скандалу? Ці лічыце вы, што Яраслаў Берніковіч агучыў праўдзівую інфармацыю? У апазыцыйным асяродзьдзі размова (нават упэўненасьць), што Караткевіч не сабрала подпісы, гучала адразу пасьля заканчэньня кампаніі. Тады, нагадаю, іншыя палітычныя сілы адразу пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі прапаноўвалі наладзіць грамадзкую праверку збору подпісаў, але гэтая ідэя тады не рэалізавалася — магчыма, якраз з-за нежаданьня каманды Караткевіч.

Чавусаў: Спадар Берніковіч першы ў беларускай гісторыі стаў тым, што па-ангельску называецца whistleblower («сьвістун», выкрывальнік) — чалавек, які знутры нейкай структуры паведамляе зьвесткі пра парушэньні ёю заканадаўства ці нейкіх нормаў. І цяпер ад СМІ мы чакаем пошуку тых, хто канкрэтна рабіў тое, пра што паведаміў Берніковіч. Паказальна, што тыя камэнтары, якія ўжо прагучалі ад кіраўнікоў «Гавары праўду», вельмі непераканаўчыя, яны, па сутнасьці, нічога не тлумачаць у гэтай сытуацыі — якім чынам адбылося павелічэньне колькасьці здадзеных подпісаў, хто іх зьбіраў, хто здаваў. Паказальна, што камэнтары ідуць ад Тацяны Караткевіч, а не ад начальніка яе штабу Андрэя Дзьмітрыева.

Цыганкоў: Пакуль Тацяна Караткевіч адказвае ў стылі «гэта ўсё палітычныя правакацыі». Ці ўдасца ГП прыглушыць гэты скандал такімі адказамі?

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Чавусаў: Яны могуць прыдумаць варыянт, як мэдыйна абараняцца. Але па сутнасьці выглядае, што ім няма чаго сказаць. Калі б было — яны б даўно гэта сказалі. Тое, што гэты скандал кідае вялікі цень на саму ГП — гэта відавочна.

Іміджавыя страты ў «Гавары праўду» былі і раней, мы бачылі, як яе былыя кіраўнікі — Някляеў, Фядута — казалі пасьля сыходу адтуль вельмі непрыгожыя словы пра кампанію. У ГП будуць іміджавыя праблемы, але гэта кідае цень і на ўсю апазыцыю.

Тыя палітычныя партыі, якія цяпер троху зларадна гавораць у стылі «а мы ж казалі», павінны разумець, што на наступных прэзыдэнцкіх выбарах трэба будзе або ствараць грамадзкую камісію для праверкі подпісаў, каб быў грамадзкі давер да апазыцыйных кандыдатаў, або дамагацца ад улады, каб выбарчыя тэрытарыяльныя камісіі фармаваліся дэмакратычна і з удзелам апазыцыі. Бо корань зла — у той сыстэме, калі выбарчыя камісіі фармуюцца толькі з прадстаўнікоў улады і прапускаюць толькі тых кандыдатаў, якія ім выгодныя.

Вадзім Казначэеў
Вадзім Казначэеў

Казначэеў: ГП, па вялікім рахунку, і не хавае, што мае намер убудавацца ў гэтую сыстэму, гэты рэжым. Пры гэтым нават ня ў якасьці вінціка, а ў якасьці дэкаратыўнага завітка на фасадзе. Я лічу гэта шкодным. Некаторыя прадстаўнікі Захаду ўжо ня раз казалі — «галоўнае, каб вы правялі дэмакратычныя выбары, каб апазыцыя была ў парлямэнце». Пра дэмакратычныя выбары, вядома, гаворкі ісьці ня будзе. Усё можа зьмяніцца, але каб выбары праводзіліся заўтра — я не сумняюся, што і Дзьмітрыеў, і Караткевіч занялі б месца ў Палаце.

Натуральна, нічога яны ня зьменяць, але яны і ня будуць уздымаць надта вострыя пытаньні.

Цыганкоў: А як гэты скандал з подпісамі ўплывае на шанцы кіраўнікоў «Гавары праўду» трапіць у парлямэнт на гэтых выбарах?

Казначэеў: Паколькі гэта будзе вырашацца ўсё адно не на выбарах, а ўладай, — то, мяркую, гэта ня моцна паўплывае. Тут хутчэй варта казаць пра імідж ГП на Захадзе — але, зноў жа, мяркую, што істотных зьменаў ня будзе.

Чавусаў: Мы бачым, што за мяжой статус Караткевіч як аднаго дэмакратычнага кандыдата на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах грае сваю ролю. На наступным тыдні Тацяна Караткевіч накіроўваецца ў Брусэль, дзе будзе сустракацца з прадстаўнікамі эўрапейскіх структураў. І застаецца адкрытым пытаньне, як гэты скандал паўплывае на статус гэтага палітыка.

ГП адначасова хоча заняць два месцы — быць прымальным, «рукапаціскальным» і для дэмакратычнай супольнасьці, і для ўладаў.

Я не пагаджуся, што ГП імкнецца заняць тую пазыцыю, якую займае, напрыклад, партыя Гайдукевіча. У гэтым статусе нічога зайздроснага няма. ГП адначасова хоча заняць два месцы — быць прымальным, «рукапаціскальным» і для дэмакратычнай супольнасьці, і для ўладаў. Гэта вельмі складаная задача, і, як мне здаецца, выканаць яе можна будзе толькі тады, калі ўся астатняя дэмакратычная апазыцыя будзе ў вельмі разабраным стане.

Цыганкоў: Ці паўплывае гэты скандал на павелічэньне той прорвы, якая ўжо назіраецца паміж ГП і іншымі апазыцыйнымі сіламі?

Чавусаў: Сапраўды, зьвесткі і заявы Берніковіча ўпалі на падрыхтаваную глебу. «Гавары праўду» не дапусьцілі ў кампанію назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі, кампанію «Права выбару» — вельмі шырокае аб’яднаньне самых розных палітычных сілаў. Нават туды ГП не дапусьцілі. Я падазраю, гэтыя зьвесткі Берніковіча дадуць падставы, каб казаць, чаму ГП не дапускаецца ў «Права выбару», Нараду дэмакратычных сілаў і гэтак далей.

Цяпер адзінае, што робіць ГП моцнай, што зьяўляецца для яе рэсурсам у канкурэнцыі ўнутры апазыцыйнага поля, — прызнаньне статусу Тацяны Караткевіч заходнімі партнэрамі.

Унутры апазыцыі і без таго кампанію «Гавары праўду» не ўспрымаюць ужо пэўны час. Даўно казалі, што подпісы Караткевіч не сабрала, многія пра гэта ведалі — сэнсацыі ў гэтай інфармацыі не было ніякай.

Казначэеў: Унутры апазыцыі і без таго кампанію «Гавары праўду» не ўспрымаюць ужо пэўны час. Даўно казалі, што подпісы Караткевіч не сабрала, многія пра гэта ведалі — сэнсацыі ў гэтай інфармацыі не было ніякай.

А імідж ГП быў сапсаваны менавіта з-за таго, пра што я казаў. Таму што ГП імкнецца заняць нішу праўладнай апазыцыі. І каб яе пры гэтым прымалі і ўнутры апазыцыі. Але тут жаданьні не супадаюць з магчымасьцямі.

Гэта пайшло адразу пасьля таго, як ГП пачала жорстка тарпэдаваць спробы вылучэньня адзінага кандыдата. І дайшло да таго, што Някляеў, які быў намінальным лідэрам і тварам ГП, вымушаны быў бразнуць дзьвярыма. Таму я ня думаю, што ўнутры краіны магчымыя яшчэ нейкія дадатковыя страты для іхняга іміджу. Што ж тычыцца ўплыву на заходніх партнэраў, каб не ўспрымалі ГП як апазыцыю (бо яна не апазыцыя) — то гэта так, дадатковы аргумэнт.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG