Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дні сьвятаў традыцыйна ўзрастае колькасьць затрыманых міліцыяй грамадзянаў. Калі ў гэты час ня ладзяцца розныя грамадзянскія акцыі, то найчасьцей да міліцыянтаў трапляюць тыя, хто ўчыніў правапарушэньні пад узьдзеяньнем алькаголю ды наркотыкаў. Нярэдка ў пастарунках апынаюцца падазраваныя ў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах, як паводле законных абставінаў, так і памылкова або наўмысна беспадстаўна. Часам затрымліваюць проста тых, хто апынуўся ў непатрэбны час у непатрэбным месцы і сказаў нешта такое, што не спадабалася супрацоўнікам праваахоўных органаў...

Ці павінны прадстаўнікі праваахоўных органаў апавяшчаць сем’і затрыманых аб тым, дзе знаходзіцца іх блізкія? Ці мусяць пра гэта паведамляць супрацоўнікі ізалятараў часовага ўтрыманьня, а таксама казаць, якія рэчы трэба прынесьці чалавеку пад вартай. Што трэба рабіць і куды зьвяртацца блізкім асуджаных, калі працяглы час сямейнікі не выходзяць на сувязь? Пра гэта ў нашай сёньняшняй перадачы.

«Ня трэба чакаць суткі з часу зьнікненьня чалавека»

Вярнуўшыся з працы — гэта быў яго першы працоўны дзень — 17-гадовы Андрэй сказаў маці, што на кароткі час пойдзе да сябра Сяргея, які жыў у суседнім доме. Яго маці Натальля ўзгадвае:

Пасьля 12-й ночы Натальля патэлефанавала маці Сяргея. Таго таксама не было дома. Напалоханыя жанчыны пачалі тэлефанаваць ў шпіталі, моргі, міліцыю... Усю ноч яны ня спалі і прымалі лекі для сэрца. Бліжэй да раніцы атрымалі званок з пастарунку суседняга адміністрацыйнага раёну. Хлопцаў затрымалі за расьпіваньне піва на вуліцы ды, як сьцьвярджалі міліцыянты, за лаянку матам. На пытаньне жанчын, чаму ім не паведамілі раней пра затрыманьне, быў адказ: радуйцеся, што ўсё скончылася так добра.

Як кажуць юрысты, працэсуальнае становішча затрыманага залежыць ад таго, у сувязі з чым яго затрымалі. Калі мова ідзе аб падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства, то родным затрыманага абавязаныя паведаміць цягам дванаццаці гадзінаў. Іншы выпадак: калі ўжытая мера стрыманьня —заключэньне пад варту. Родным таксама павінны паведаміць — дзе трымаюць чалавека. Але цягам якога часу — гэта канкрэтна не акрэсьліваецца. А што ў выпадку, як з сынам Натальлі і яго сябрам?

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«У выпадку затрыманьня непаўналетніх іхныя бацькі ці апекуны павінны апавяшчацца неадкладна, — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч, кіраўніца „Рэгіёну 119“, што займаецца правамі зьняволеных. — Калі ўсё так, як расказвае жанчына, то тут ёсьць парушэньні. Што да затрыманьня дарослага чалавека, то ён мае права на адно тэлефанаваньне. Аднак тэлефанаваць даюць не заўсёды. Тым больш, што людзі нашыя не заўсёды ведаюць пра права на званок...»

Красоўская-Касьпяровіч: «Зразумела, чакаць, калі зьявіцца інфармацыя, гэта жахліва. Бо родныя, ня маючы ніякіх зьвестак, не находзяць сабе месца. Таму такая парада — ня трэба чакаць суткі з часу зьнікненьня чалавека... Прайшла гадзіна-другая-трэцяя з моманту чаканьня чалавека, які, скажам, не вярнуўся з крамы, пераканаліся, што няма ў знаёмых, сяброў — пішыце заяву ў РАУС, яны павінны шукаць зьніклага паўсюль.

Таксама далёка ня ўсе затрыманыя, на жаль, ведаюць, што яны маюць права на абарону. Цалкам лягічна патрабаваць адваката, то бок, не размаўляць зь міліцыянтамі безь яго прысутнасьці, тым больш, калі лічыш, што затрыманьне незаконнае. Асабліва гэта тычыцца тых момантаў, калі да цябе выстаўляюць нейкія прэтэнзіі па лініі крымінальнага вышуку. Іншая справа, што ня ведаючы пра свае правы, затрыманыя пасьпяваюць „паразмаўляць“ са сьледчым, гэта і кладзецца ў аснову абвінавачваньня».

«Аднак тут ёсьць другі бок праблемы», — адзначае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», у мінулым адвакат Павал Сапелка. — Пакуль затрыманы не паведаміў сваякам аб затрыманьні, ня будзе ісьці гаворка аб пошуках адваката па дамове, а будзе так званы дзяжурны адвакат. Да таго часу, пакуль сям’я не даведаецца, ня будзе перадачы ніякай, не перададуць цыгарэты, сродкі асабістай гігіены.

— А як часта здараецца, што сваякі могуць быць у няведаньні аб тым, дзе знаходзіцца іх родныя? — пытаемся ў суразмоўца.

Сапелка: «Вядома, такую статыстыку ніхто не вядзе. Але, па маіх асабістых назіраньнях: калі орган, што вядзе крымінальны працэс, сьледчы-дазнавальнік, апэратыўны работнік, што зрабіў затрыманьне, ня хоча, каб аб гэтым даведваліся родныя затрыманага, а празь іх яшчэ нехта, дык ён касьцямі ляжа, але не дапусьціць, каб аб гэтым затрыманьні нехта даведаўся. Скажа: ну вось, закончым пратакол складаць і паведамім. Закончылі пратакол, той жа, напрыклад, сьледчы, выйшаў, затым вярнуўся: маўляў, там нешта дома не адказваюць па тэлефоне, пазьней паспрабую па мабільным дазваніцца. І так, калі ня хоча, то й не паведаміць у бліжэйшы час. Але калі ўсё ў рабочым парадку і ў сьледчага няма нейкіх сваіх уяўленьняў аб тым, мусяць родныя даведацца ці не, то нават, калі добры настрой, могуць даць сьцісла перамовіцца затрыманаму. Хаця залежыць ад таго, якую лінію паводзінаў ён выбраў — прызнаецца ў зьдзяйсьненьні злачынства ці не».

«Мяне шукалі нават у Менску, а я была ледзь ня побач з домам»

Аліна Скрабунова

Аліна Скрабунова

Журналістка Аліна Скрабунова неяк распавяла нашай праграме, як цягам некалькіх сутак яе бацькі шукалі яе ня толькі ў родным Магілёве, але і ў Менску на Акрэсьціна. А ў той час асуджаная на 15 сутак за ўдзел у асьвятленьні вулічнай акцыі дзяўчына сядзела ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня і ня мела аніякай магчымасьці паведаміць дадому пра сваё месцазнаходжаньне. Не паведамілі пра гэта сваякам, як патрабуе закон, і міліцыянты. Бацькі, ня ведаючы, дзе шукаць дачку, перажылі не адну бяссонную ноч.

Скрабунова: «Ад маіх сяброў бацькі ведалі, што мяне затрымалі, аднак яны абсалютна ня ведалі, дзе я. Мой тата езьдзіў у Менск на Акрэсьціна. Выпытваў, ці там мяне трымаюць. А міліцыянты ім нават не пазванілі. Потым бацькі ўсё ж даведаліся, дзе я».

Вядро замест прыбіральні

Мянчук, актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў адсядзеў у Смалявіцкім ізалятары 7 сутак за незаконнае пікетаваньне. Ён далёка не адразу змог паведаміць сваім блізкім, дзе знаходзіцца і што яму патрэбнае пітво ды цёплыя рэчы.

Леанід Кулакоў

Леанід Кулакоў

Кулакоў: «Мяне выклікалі з дому падманным шляхам. Сказалі, што выпадкова іх машына сутыкнулася з маёй. Папрасілі выйсьці на вуліцу, каб разам без прыцягненьня ДАІ вырашыць пытаньне. Я выйшаў лёгка апранутым ў такім выглядзе мяне і „ўзялі“. Доўга вазілі па Менску, потым павезьлі на Курган Славы. Там перасадзілі ў іншую машыну і завезьлі ў Смалявіцкі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ) У камэры, якая знаходзілася ў падвальным памяшканьні, былі дзьве пары двух’ярусных жалезных ложкаў. Не было ні сталоў, ні крэслаў: толькі падлога, сьцены, бэтон. Дзённае сьвятло туды не трапляла. Ля ўваходу стаяла брудная, практычна чорная, плястыкавая бутэлька зь пітной вадой — яе нават у рукі было ўзяць страшна. Каля дзьвярэй стаяла плястмасавае вядро, куды трэба было спраўляць патрэбу. Вядро можна выносіць раз у 12 гадзін і даводзіцца ўвесь час удыхаць гэты смурод. У камэры пры гэтым вельмі холадна (а я быў лёгка апрануты). Зачыніць акно — страшны смурод, цябе проста ванітуе. Прыадчыніць акно — смуроду няма, але становіцца вельмі холадна. Над дзьвярыма вісіць камэра, празь якую ахоўнікі могуць назіраць што робіш, як спраўляеш патрэбу».

Як сьведчыць юрыст Павал Сапелка, «такая практыка, калі выкарыстоўваецца вядро, недапушчальная. І, безумоўна, у такіх выпадках трэба пісаць скаргі і дабівацца калі ўжо не для сябе, то для наступных пакаленьняў затрыманых паляпшэньня бытавых умоваў. Вядома, гэта можна разглядаць з такой пазыцыі: усім цяжка, краіна небагатая, але мне здаецца, што не такая бедная, каб прымушаць у ХХІ веку чалавека хадзіць на вядро, якое прыкрываецца накрыўкай і потым „асьвяжае“ атмасфэру невялікай камэры. Безумоўна, калі такія парушэньні ёсьць, то можна казаць аб элемэнтах жорсткага, бесчалавечнага, прыніжальнага стаўленьня. Калі такое стаўленьне ўжываецца для нейкіх пэўных мэтаў — чалавека адпраўляюць у камэру напаўголага, няма дастатковага ацяпленьня, асьвятленьня і ўся астатняя „любата“ у наяўнасьці, — для таго, каб ён неяк сфармуляваў сваю пазыцыю па справе, у сувязі зь якой ён затрыманы, таму што МУС лічыць, што так можна і дапушчальна, — гэта стаўленьне жорсткае і прыніжальнае. Забароненае і тое, і другое міжнароднымі абавязкамі Беларусі».

«Убачылі парушэньні, выйшлі — і напісалі скаргу»

Нядаўна ў выніку напісаньня Леанідам Кулаковым (яшчэ ў чэрвені) шэрагу скаргаў у розныя інстанцыі пра ўтрыманьне ў смалявіцкім ІЧУ ўлады прызналі «парушэньні патрабаваньняў санітарна-эпідэміялягічнага заканадаўства» ў ізалятары і пагадзіліся з аргумэнтамі актывіста кампаніі «Эўрапейская Беларусь» правесьці рамонт у камэрах.

Кіраўніца «Рэгіёну 119» раіць усім, хто апынуўся ў падобнай сытуацыі, рабіць так як Леанід Кулакоў.

Красоўская-Касьпяровіч: «Я раю так рабіць усім. Убачылі парушэньні — і напісалі. Па пунктах. І на вашу скаргу абавязаныя адрэагаваць. З нашымі валянтэрамі таксама бывае такое. Яны пэрыядычна трапляюць у ізалятар часовага ўтрыманьня ў розных кутках Беларусі. І калі адразу пасьля адседкі яны выходзілі і казалі, што іх правы былі парушаныя, што ўмовы ўтрыманьня былі неадпаведнымі нормам, меры пасьля прымаліся».

«На раёне бывае сваякі і па месяцу ня ведаюць, дзе знаходзіцца чалавек»

Жыхар Ваўкавыску, у мінулым двойчы палітвязень Мікола Аўтуховіч кажа, што можа прывесьці нямала выпадкаў, калі жыхары райцэнтраў цягам некалькіх тыдняў могуць ня ведаць, што іх блізкі затрыманы міліцыянтамі суседняга раёну.

Мікола Аўтуховіч

Мікола Аўтуховіч

Аўтуховіч: «Бывае сваякі і па месяцу ня ведаюць, дзе знаходзіцца чалавек. Усё залежыць ад таго, за што яго бралі і як. Затрыманага могуць трымаць у аддзеле міліцыі. Трымаюць-трымаюць, а потым, калі пачынаецца справа, яго пераводзяць у сьледчы ізалятар. А там ужо ў камэры многа людзей, да іх прыходзіць адвакат. І той, хто ідзе, дае тэлефон, каб адвакат патэлефанаваў родным, што ён знаходзіцца там, каб тыя таксама прынесьлі нейкія рэчы. І я шмат разоў так рабіў...»

«Што да выпадкаў апавяшчэньня сваякоў, калі вязьня пераводзяць з калёніі ў калёнію, — працягвае Мікалай Аўтуховіч, — то часам можаш не пасьпець паведаміць. Але ты можаш напісаць ліст, папрасіць асуджаных, каб адправілі па тваім адрасе: што вывезьлі цябе некуды, што напішаш з новага месца. Але калі адміністрацыя захоча схаваць інфармацыю, то абавязкова так зробіць. Таму паведаміць родным, што яго хутка пераводзяць, вязень можа і не пасьпець. На гэта ніхто не глядзіць. Але я ня ведаю, як гэта павінна быць паводле закону...»

— Значыць зьняволеныя ня маюць уяўленьня — што ім павінна забясьпечыць адміністрацыя калёніі, на што ім можна разьлічваць, якімі правамі карыстацца?

Аўтуховіч: «Правы і абавязкі свае ты можаш прачытаць, там ёсьць стэнды. Раней не дазвалялі трымаць кодэкс, але цяпер чуў, што ў кожным атрадзе ёсьць кодэкс у тых людзей, хто дапамагае пісаць скаргі. У крымінальна-выканаўчым кодэксе ўсё расьпісана. Мне, напрыклад, адвакаты адразу прынесьлі раздрукаваны кодэкс, і я ведаў — што мне трэба ў іх пытацца, што яны павінны мне даць. І нават распаўсюджваў гэтую інфармацыю. Пры патрэбе прасіў, каб яшчэ экзэмпляр прынесьлі».

Што ўсё ж рабіць родным, калі ад асуджанага сямейніка працяглы час няма ніякіх зьвестак? Як даведацца, ці не здарылася зь ім чагосьці? — пытаемся ў Алёны Красоўскай-Касьпяровіч

Красоўская-Касьпяровіч: «Калі няма званкоў ды лістоў, звычайна родныя асуджанага ўжо ў тонусе і ўжо тэлефануюць у калёнію, і пытаюцца: што здарылася. Ім, як правіла, адказваюць, што ўсё ў парадку. І сапраўды, празь некаторы час сям’я атрымлівае або ліст або званок з зоны... Што тычыцца інфармацыі адносна пераводу зьняволенага з адной калёніі ў іншую, то па тэлефоне такія даведкі не даюцца. Ёсьць розныя шляхі атрымаць неабходныя зьвесткі. Можна прыехаць на прыём да начальніка ПК ці накіраваць да яго адваката. Таксама можна зьвярнуцца да начальніка зь пісьмовай просьбай, на якую ён павінен адказаць цягам двух тыдняў. Калі сыходзіць з уласнага досьведу, то асабіста мне б было прасьцей паехаць у дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Там, як правіла, такую інфармацыю даюць».

«У турме нічога нельга ўтаіць»

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка лічыць, што з так званымі звычайнымі зьняволенымі ды іх сем’ямі адміністрацыя турмаў не зацікаўленыя псаваць стасункаў, наадварот, яна імкнецца нават падтрымліваць зь імі сувязь...

«Са звычайнымі зьняволенымі і іхнімі сем’ямі адміністрацыя калёніі часьцяком і як правіла падтрымлівае сувязь. Таму што родныя — гэта тыя людзі, якія дапамогуць, скажам так, зьняволенаму вярнуць шкоду, якая за ім ёсьць у выканаўчым лісьце. Родныя — гэта тыя, хто можа аказаць спонсарскую дапамогу калёніі, якая, як ім могуць патлумачыць, будзе ўлічаная пры вызначэньні ступені выпраўленьня асуджанага».

Асуджаныя, тыя, што працуюць у штабе, пачулі, што пасьля Новага году калёніі пяройдуць на гаспадарчую самаабслугу

Як мяркуе Мікалай Аўтуховіч, падобныя прагматычныя стасункі будуць разьвівацца і надалей, паколькі эканамічная сытуацыя ў краіне ўсё пагаршаецца.

«Ходзяць такія чуткі, што паходзяць ад адміністрацыі. Асуджаныя, тыя, што працуюць у штабе, пачулі, што пасьля Новага году калёніі пяройдуць на гаспадарчую самаабслугу. Гэта азначае, што ня будзе паступленьня грошай, будуць самі зарабляць. І з гэтага жыць. А гэта будзе вельмі дрэнна... Нават і калі было больш-менш стабільна з эканомікай, калі курс даляра стаяў, то заўсёды, колькі я памятаю, а я там з 2006 году быў у калёніях, шмат чаго рабілася за кошт асуджаных. Нават калі ловяць асуджанага зь нейкім парушэньнем, яму прапануюць адразу — ці ідзеш у краму, купляеш пару слоікаў фарбы, ці будзе на табе парушэньне „вісець“. А значыць, могуць ня даць спатканьне з роднымі ці адмяніць дазвол на пасылку. Таму адкупляліся фарбай ці іншымі будматэрыяламі. У некаторых калёніях, наколькі я ведаю, былі „будаўнічыя“ крамы, дзе можна было купіць шпалеры, фарбу, яшчэ штосьці. Усё, што патрэбна для рамонту. Нават такое было».

Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Былы асуджаны анархіст Ігар Аліневіч прыводзіць зэкаўскую прымаўку; «У турме нічога нельга ўтаіць. Рана ці позна ўсё выходзіць навонкі». За час пяцігадовага знаходжаньня палітвязьня за кратамі яго бацькам давялося перажыць шмат хваляваньняў. 28 кастрычніка 2010 беларускае тэлебачаньне на ўсю краіну перадало пра яго выкраданьне ў Маскве. Сям’я цягам сутак шукала сына паўсюль, дзе можна. Нарэшце прыйшло апавяшчэньне зь СІЗА КДБ, што супакоіла сямейнікаў: Ігар, дзякуй Богу, жывы. Бацькі тэрмінова зьвязаліся зь дзяжурным адвакатам. Той напачатку не захацеў гутарыць зь імі, маўляў, гэтая справа «палітычная». Потым, пасьля прапанаваных яму грошай, усё ж пагадзіўся. Дзяжурны абаронца нічога не сказаў, што ў камэрах «амэрыканкі» холадна, што яго падабаронны апрануты вельмі лёгка, што ён мерзьне і што яму патрэбныя цёплыя рэчы. Наадварот схлусіў: у СІЗА цёпла...Першы ліст Ігара да маці са сьпісам неабходных цёплых рэчаў дадому, дарэчы, так і не дайшоў. Першае спатканьне далі толькі ў красавіку, прычым дазволілі сустрэцца толькі з бацькам, без маці. Першы тэлефонны званок быў дазволены ўжо потым, пасьля спатканьня.

«Я трымаю сувязь зь людзьмі, якія сядзяць у лягерах цяпер, — кажа былы асуджаны. — І я атрымліваю сьвежыя навіны адтуль. Каранцінныя атрады ў лягерах перапоўненыя як ніколі. Прыходзяць агромністыя этапы, якіх раней не было. У грамадзтве гэта крыху пазьней дасьць аб сабе знаць. Усё, што цяпер адбываецца, гэта чарговая такая касмэтычная лібэралізацыя, якая выкліча потым, як заўсёды, як было апошнія дваццаць год, новы віток закручваньня гаек».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG