Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст прадпрымальнікаў: пытаньні і адказы


Фота: Наша Ніва

Фота: Наша Ніва

У нядзелю ў Менску адбудзецца трэцяя акцыя пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. Свабода даступна і каротка тлумачыць, што адбываецца.

Што наагул здарылася?


Беларусь з 2015 году ў Эўразійскай эканамічнай прасторы, дзе тавары перасоўваюцца паміж краінамі свабодна. На кожны тавар павінен быць сэртыфікат. Робіцца ён, напрыклад, у Ерэване, а тавар зь ім можна прадаваць хоць у Менску, хоць у Тамбове.

З 1 студзеня наяўнасьць сэртыфікатаў пачалі правяраць, і частка прадпрымальнікаў вырашыла пратэставаць.

Што трэба сэртыфікаваць?


Насамрэч, есьць два розныя паняткі — сэртыфікаваць і пацьвердзіць адпаведнасьць. Сэртыфікацыя абавязковая, пацьверджаньне факультатыўнае, але пры праверцы трэба мець усе дакумэнты. Калі якіх няма — штраф ад 200 да 400 базавых велічынь (42–84 млн рублёў), канфіскацыя тавару і, магчыма, выручкі.

Сьпісы тавараў, якія падлягаюць экспэртызе — вялікія, ад ліхтароў і нажоў да бытавой тэхнікі і прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Менавіта з сэртыфікатамі для адзежы і абутку ўзьніклі праблемы.

І чаму б проста не сэртыфікаваць вопратку і абутак?


Таму што гэта каштуе грошай. Буйны і сярэдні бізнэс можа дазволіць сабе сэртыфікацыю, праблема з дробнымі аптавікамі. І праблемаў некалькі.

• Сэртыфікатаў не даюць пастаўшчыкі з Расеі — менавіта адтуль большасьць тавараў на беларускіх рынках. Пастаўшчыкі з умоўнага гуртовага рынку ў Маскве жывуць у той жа юрыдычнай рэальнасьці, што і беларускія бізнэсоўцы, але нейкім чынам пазьбягаюць праверак і штрафаў. Адпаведна, іхні тавар таньнейшы.

• Сэртыфікаты можна рабіць самастойна і ў Беларусі. Экспэртыза аднаго тыповага выбару каштуе ад 600 тысяч да некалькіх мільёнаў, па часе гэта ад двух тыдняў і больш. Калі ў прадпрымальніка невялікая гандлёвая кропка з 20–30 відамі адзежы, кошт сэртыфікацыі будзе вагацца ад 10 да 20 мільёнаў рублёў, якія трэба заплаціць адразу. Наступныя партыі не сэртыфікуюцца, але пры зьмене пастаўшчыка трэба плаціць яшчэ раз. А зьмена пастаўшчыка на ўмоўным гуртовым рынку ў Маскве — сытуацыя частая.

Чаму нельга знаходзіць адразу сэртыфікаваны тавар?


Можна. Але зноў некалькі праблемаў:

• гэта даражэй

• гэта можна рабіць у самой Беларусі, але тады яшчэ даражэй

• пастаўшчыкі ў Расіі ня маюць сэртыфікатаў або ня хочуць афармляць усю дакумэнтацыю для надта малых партыяў

• адзежа з краінаў ЭЗ таксама павінна праходзіць сэртыфікацыю ў Беларусі. Гэта зусім дорага, і для дробных гандляроў на рынках займацца гэтым ужо няма сэнсу.

• бо ашукваюць: у Расеі прадпрымальнік можа атрымаць накладныя і сэртыфікаты, якія пры праверцы ўжо ў Беларусі акажуцца падробленымі.

Навошта гэта ўладам?


Фармальна гэта патрабаваньні Эўразійскай эканамічнай прасторы. Але расейскія ўлады не вымагаюць ад сваіх прадпрымальнікаў сэртыфікатаў так, як гэта робяць у Беларусі. На думку Алеся Макаева, у гэтым бязьдзеяньні ёсьць значны карупцыйны чыньнік.

Таму беларускія ўлады маглі пайсьці двума шляхамі: патрабаваць роўных умоваў для ўсіх суб’ектаў ад расейскага кіраўніцтва альбо патрабаваць усіх сэртыфікатаў ад беларускага бізнэсу. Абралі апошняе.

Навошта? Як мінімум гэта грошы ў бюджэт ад сэртыфікацыі, павелічэньне падатковых збораў, а магчыма — спроба прымусіць прадпрымальнікаў гандляваць беларускімі таварамі.

А як за мяжой?


У ЭЗ таксама тавары перасоўваюцца свабодна, але адказнасьць за афармленьне сэртыфікатаў кладзецца на буйных пастаўшчыкоў і вытворцаў. І нямецкія ўлады, напрыклад, працуюць па тых жа правілах, што і эстонскія.

Ня трэба думаць, што на рынках у Эўропе ўсе тавары маюць сэртыфікаты. Проста стаўленьне да такіх прадпрымальнікаў і свабоды прадпрымальніцкай дзейнасьці больш лагоднае. Дзяржава ня ставіць на мэце кантраляваць якасьць у такой жа ступені. Гэта павінен рэгуляваць сам рынак. У Беларусі ж гэта на сёньня пазыцыя дзяржавы.

І што, пратэсты нешта дадуць?


Пратэстуюць двума шляхамі — Шумчанка ў працоўнай групе, Макаеў на плошчы ў Менску. Пакуль ніводзін з варыянтаў плёну не дае, а трэці ўжо страцілі: са словаў таго ж Макаева, трэба было падаваць у эканамічны суд Эўразійскай эканамічнай прасторы, гэта магло б хоць фармальна спыніць працэс.

Ранейшыя пратэсты прадпрымальнікаў адбываліся ў 2008-м: перакрывалі рух і мітынгавалі тысячы чалавек. У выніку было заведзена 14 крымінальных спраў, і патрабаваньні выкананыя не былі. У 2016-м лібэралізацыя прымушае ўлады не разганяць, але не прымушае слухаць. Лукашэнка ўжо адгукнуўся на пратэсты — дакладней, загадаў не адгукацца.

Прадпрымальнікаў, якіх закрануў указ 222, больш за дзесяць тысяч. Але на сёньня яны ня маюць адзінай структуры — эканамічна гэта найбольш малаўплывовая група, бо ахвярамі становяцца самыя дробныя гандляры, і толькі кансалідаваная пазыцыя магла б прынесьці плён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG