Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд часткова рэабілітаваў беларускае мяса і малако


Пункт пропуску «Красная Горка» на шашы М-1. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер у Расею «Вялес – Міт» можа пастаўляць ялавічыну і гатовую мясную прадукцыю, а «Бабушкіна крынка» – малочную прадукцыю (за выключэньнем сыроў і сухога малака).

Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца расейскага ведамства Юлія Мэла.

«Улічваючы вынікі аналізу матэрыялаў, атрыманых падчас праведзенай інспекцыі ў Рэспубліцы Беларусь у пэрыяд з 5 па 13 красавіка 2017 года, Рассельгаснагляд дазволіў ажыцьцяўляць пастаўкі прадукцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў», – сказала яна.

У Маскве ў пятніцу прайшлі перамовы па выніках інспэкцыі беларускіх прадпрыемстваў. Расейскі бок прадстаўляў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Яўген Непаклонаў, беларускі – міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц. На сустрэчы былі падведзеныя вынікі інспэкцыі 18 беларускіх прадпрыемстваў. Канчатковую справаздачу Рассельгаснагляд накіруе Беларусі 20 красавіка, адзначыла Мэла.

З 6 лютага Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў зь Менскай вобласці. Па словах міністра сельскай гаспадаркі РФ Аляксандра Ткачова, Беларусь стала «перавалачнай базай», празь якую ў Расею трапляюць санкцыйныя прадукты. З моманту ўвядзення харчовага эмбарга ў 2014 годзе Беларусь скарысталася перавагамі зоны свабоднага гандлю на тэрыторыі ЭўрАзЭС і заняла нішу ў больш за 15% у расейскім імпарце, падкрэсьліваў Ткачоў. У 2012 годзе доля паставак прадукцыі зь Беларусі не перавышала 1%.

Акрамя таго, у Рассельгаснагляду былі прэтэнзіі да малочнай прадукцыі, вырабленай у самой Беларусі. Ўвоз гэтай прадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у Расею таксама быў забаронены.

Беларускі бок лічыць, што забароны Рассельгаснагляду неабгрунтаваныя. Аляксандр Лукашэнка нават заявіў, што даручыў МУС Беларусі завесьці крымінальную справу на кіраўніка Рассельгаснагляду за «ўчыненьне шкоды дзяржаве».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG