Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Skype і Viber не заблякавалі ў Беларусі насуперак указу Лукашэнкі


Указ Лукашэнкі №98 «Аб удасканаленьні парадку перадачы паведамленьняў электрасувязі» набыў сілу 17 верасьня. Па стане на раніцу 18 верасьня папулярныя сродкі IP-тэлефаніі Viber Out і Skype Out, убудаваныя ў мэсэнджэры Skype і Viber, працуюць у Беларусі.

Згодна з указам, тэлефанаваньні на гарадзкія і мабільныя тэлефоны праз IP-тэлефанію, а таксама праграмы, якія дазваляюць іх рабіць, прызнаюцца незаконнымі (PDF).

Але Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце «растлумачыў» указ такім чынам, што дазволіў IP-тэлефанію пасьля рэгістрацыі ў адмысловым рэестры. Адміністрацыя Лукашэнкі не пабачыла ў фактычным скасаваньні забароны нічога незвычайнага.

У выкліках са Skype і Viber на гарадзкія і мабільныя тэлефоны зьмянілася адна дэталь: калі раней абанэнту, які прымае выклік, паказваўся адмысловы нумар тэлефона, якім карысталіся сэрвісы, цяпер паказваецца нумар абанэнта, які робіць выклік. Іншымі словамі, абанэнт, які прымае выклік, бачыць той жа нумар, які бачыў бы, калі б яму тэлефанавалі з мабільнага.

Яшчэ адна зьмена, якую прынёс указ — фатаграфаваньне абанэнтаў. Прынамсі МТС зразумеў адну з нормаў указу так, што ад 17 верасьня пры заключэньні любых пагадненьняў зрабіў абавязковым фатаграфаваньне абанэнта. Іншыя апэратары пакуль не паведамлялі пра ўкараненьне абавязковага фатаграфаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG