Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль Лукашэнка кіруе Беларусьсю, у Індыі памянялася 5 прэзыдэнтаў


Пранаб Мукерджы, архіўнае фота

Пранаб Мукерджы, архіўнае фота

З 2 па 4 чэрвеня Беларусь наведае прэзыдэнт Індыі Пранаб Мукерджы. Ад візыту чакаюць пашырэньня гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін. Але экспэрты лічаць, што вялікіх надзей на Індыю ўскладаць ня варта.

Як заявіў Мукерджы напярэдадні візыту ў інтэрвію Белта, Індыя і Беларусь завяршаюць працу над «дарожнай мапай» двухбаковага ўзаемадзеяньня з асаблівым акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Ухваленьне «дарожнай мапы» чакаецца падчас візыту прэзыдэнта Індыі ў Беларусь. Паводле слоў Мукерджы, у краін ёсьць вялікі патэнцыял у такіх сэктарах, як традыцыйная і малая энэргетыка, новыя і аднаўляльныя крыніцы энэргіі, мэталургія і горназдабыўная прамысловасьць, аўтамабільная і сельскагаспадарчая тэхніка, фармацэўтыка, нафта і газ, сельская гаспадарка і харчовая прамысловасьць.

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў лічыць, што ад візыту прэзыдэнта Індыі ў Беларусь шмат чаго чакаць ня трэба.

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Я мяркую, што асноўны інтарэс у Беларусі — эканамічны. Бо такая вялікая дзяржава, амаль роўная Кітаю, а ў параўнаньні зь ім у нас эканамічныя стасункі зь Індыяй нашмат меншыя (тавараабарот зь Індыяй — каля 400 млн даляраў, з Кітаем — каля 3,2 млрд даляраў. — РС). Праўда, я не зусім ведаю, што мы можам ім прапанаваць, акрамя калійных угнаеньняў, якія і так ім пастаўляюцца. Там, наколькі я ведаю, патрэбна пэўная сельскагаспадарчая тэхніка, але я ня ўпэўнены, што ў такіх маштабах, як спадзяецца наша кіраўніцтва. У палітычным пляне нашы стасункі роўныя, Індыя нас ніколі не дакарае правамі чалавека, таму тут толькі пацьверджаны будуць нейкія агульныя падыходы. Ну, і трэба таксама мець на ўвазе, што прэзыдэнт у іх фармальна хоць і лічыцца кіраўніком выканаўчай улады, але насамрэч кіруе прэм’ер-міністар, таму я ня ўпэўнены, што нават вялікія эканамічныя пагадненьні будуць падпісаныя. А так гэта ўсё даволі стандартна, гэта ўсё добра, але разьлічваць на Індыю як на нейкую панацэю наўрад ці выпадае», — сказаў Андрэй Фёдараў у інтэрвію Радыё Свабода.

Дзяржаўны лад Індыі прадугледжвае, што асноўная частка выканаўчай улады належыць прэм’ер-міністру, які прызначаецца прэзыдэнтам, як правіла, зь ліку прадстаўнікоў палітычнай партыі або кааліцыі, якая мае большасьць у парлямэнце. Урад, у сваю чаргу, нясе прамую адказнасьць перад парлямэнтам.

Выканаўчая ўлада ў гэтай краіне зьмяняецца рэгулярна: за 21 год, пакуль Лукашэнка кіруе ў Беларусі, на пасадзе прэзыдэнта Індыі пабывала 5, а на пасадзе прэм’ер-міністра — 7 палітыкаў.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што толькі чатыры дні таму скончыўся візыт Лукашэнкі ў Пакістан — краіну, зь якой у Індыі вельмі напружаныя адносіны. Але Андрэй Фёдараў лічыць, што супадзеньне па часе гэтых візытаў — выпадковасьць, а не адмысловая задума.

«Я думаю, што гэта ўсё ж такі выпадковасьць. Наўрад ці можна было так наўмысна заплянаваць сустрэчу на вышэйшым узроўні зь дзьвюма краінамі, якія ня ў лепшых стасунках адна з адной. Проста Беларусі цяпер вельмі патрэбна эканамічнае ўзаемадзеяньне, бо стан эканомікі, як мы ведаем, даволі цяжкі, і таму шукаюць усюды, дзе толькі магчыма. А цяпер гэта проста крыху інтэнсыфікавалася, таму супадзеньне, на мой погляд, выпадковае», — кажа палітоляг.

Дарэчы, у параўнаньні з Пакістанам двухбаковыя адносіны паміж Беларусьсю і Індыяй нашмат больш разьвітыя. Дыпляматычныя адносіны былі ўсталяваныя ў 1992 годзе, а амбасада Беларусі ў Нью-Дэлі была адкрыта ў 1998-м. За 23 гады дыпляматычных стасункаў адбыўся шэраг візытаў беларускага кіраўніцтва ў Індыю на вышэйшым узроўні: у 1993 годзе Індыю наведваў прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч, у 1997-м і 2007-м — прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, у 2002-м — прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі, а ў 2012 годзе — прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч. А вось кіраўнікі выканаўчай улады Індыі дагэтуль у незалежную Беларусь не прыяжджалі. Толькі за савецкім часам, у 1985 годзе, Менск наведаў тагачасны прэм’ер Індыі Раджыў Гандзі.

Дзейнаму прэзыдэнту Індыі Пранабу Мукерджы сёлета споўніцца 80 гадоў. Сваю дзяржаўную кар’еру ён пачаў яшчэ ў 80-х і за гэты час двойчы ўзначальваў Міністэрства фінансаў, па разу — Міністэрства абароны і Міністэрства замежных спраў. У статусе кіраўніка МЗС Індыі Мукерджы ў 2007 годзе сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той прыяжджаў у Індыю.

XS
SM
MD
LG