У Нью-Ёрку 20 лютага памёр пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін. Пра гэта паведамляе Міністэрства замежных спраў Расеі.
Дыплямат памёр за дзень да свайго 65-годзьдзя, піша ведамства. Прычыны яго сьмерці пакуль невядомыя, аднак, як сьцьвярджаюць у расейскім МЗС, дыплямат «пайшоў з жыцьця на працоўным пасту». Незадоўга да сьмерці Чуркіна выданьне New York Post паведаміла, што яго даставілі ў шпіталь з сардэчным прыступам.
Чуркін стаў пастаянным прадстаўніком Расеі пры ААН у 2006 годзе. У 2009 годзе ён быў узнагароджаны Ордэнам Пашаны «за вялікі ўклад у рэалізацыю зьнешнепалітычнага курсу Расеі», у 2012-м — ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені «за вялікія заслугі па абароне і прасоўваньні інтарэсаў Расеі на міжнароднай арэне».
У 1986 годзе на слуханьнях па Чарнобыльскай аварыі ў адным з падкамітэтаў Кангрэсу ЗША, Чуркін, які быў тады другім сакратаром амбасады ў Вашынгтоне, казаў, што сытуацыя пасьля аварыі ў Чарнобылі знаходзіцца «пад кантролем». Ён падзякаваў ЗША за прапанову дапамогі пры ліквідацыі аварыі, але дадаў, што такая дапамога не патрэбная.
У 2006 годзе, калі Злучаныя Штаты прапанавалі вынесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне наконт галадоўкі былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна і аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Віталь Чуркін заявіў, што гэтая праблема ня мае дачыненьня да справаў Рады бясьпекі ААН.