Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы дзеці — не рабы!» — у Полацку адбылася грамадзкая дыскусія супраць прымусовай дзіцячай працы


Дыскусія ў Полацку. Выступае Віктар Стукаў
Дыскусія ў Полацку. Выступае Віктар Стукаў

Полацкае праваабарончае таварыства прапанавала гараджанам абмеркаваць трагічнае здарэньне, калі падчас сельскагаспадарчых працаў у СВК «Усход-агра» загінула 13-гадовая Вікторыя Папчэня, вучаніца 8-й клясы школы № 11 Маладэчна. А таксама дамовіцца, што рабіць, каб такога больш не было.

Паводле журналіста і актывіста Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава, у дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі СПБ, сацыял-дэмакратычнай партыі, настаўнікі і выкладчыкі, пэнсіянэры, бацькі школьнікаў.

Момант дыскусіі
Момант дыскусіі

Апроч фізычнай небясьпекі, паездкі «на бульбу» — заганная практыка, таму што яны парушаюць працоўнае заканадаўства, сказаў кіраўнік Полацкага праваабарончага таварыства Мікалай Шарах:

«Калі дзяцей вязуць „на бульбу“, то рэдка заключаюцца працоўныя дамовы, дзе неад’емнымі складнікамі павінен быць інструктаж па тэхніцы бясьпекі, адказнасьць наймальніка за здароўе работніка, адпаведныя ўмовы працы для падлеткаў і абавязковы заробак. Гэта ўсё, як правіла, ігнаруецца, а працу непаўналетніх на калгасных палетках называюць як заўгодна — захадамі па працоўным выхаваньні, „шэфскай дапамогай“... Ды яшчэ выстаўляюць як дабрачыннасьць: маўляў, дзеці могуць узяць сабе дадому па вядры бульбы!»

Выступае Мікалай Шарах
Выступае Мікалай Шарах

Апошняя фраза і стала пачаткам дыскусіі. Прысутныя казалі, што тое «вядро бульбы» надта цяжкое для дзіцяці, і можа пашкодзіць ягонаму здароўю, што «шэфская дапамога» сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якія на мяжы развалу і банкруцтва, абсалютна неэфэктыўная. І што прыцягваць да працы дзяцей і падлеткаў — гэта ўвогуле нонсэнс, калі ў краіне няма працоўных месцаў для дарослых і на дзяржаўным узроўні абвешчана барацьба з «дармаедзтвам».

Полацкая настаўніца Лера Сом сказала, што паездкі «на бульбу» ня маюць нічога агульнага ні з выхаваўчым, ні з навучальным працэсам. Бо пазьней даводзіцца «наганяць» праграму, скарачаючы час на вывучэньне прапушчаных тэмаў. Таму добра, што апошнім часам гарадзкіх школьнікаў ужо практычна ня возяць «на бульбу». Аднак вучні вясковых школаў — па-ранейшаму закладнікі «барацьбы за ўраджай».

Гаворыць Лера Сом
Гаворыць Лера Сом

Паводле ўдзельнікаў дыскусіі, паездкі «на бульбу», «на лён» ці «на буракі» — гэта спадчына савецкага часу.

Пра выпадак адмовы паехаць «на бульбу», які стаў узорам для іншых, расказаў актывіст Генадзь Вазьміцель:

Генадзь Вазьміцель
Генадзь Вазьміцель

«Мая сястра вучыцца ў мэдычнай вучэльні. Вучыцца платна, і я аформлены ў дакумэнтах як яе прадстаўнік, які пералічвае грошы. Калі там зайшла гаворка пра паездку „ў калгас“, мне даслалі паперку, ці я ня супраць. Канечне, я быў супраць: хіба за гэта, а не за адукацыю я плачу грошы? Я пайшоў да кіраўніцтва вучэльні і запатрабаваў калькуляцыю. Каб грошы за дні без вучобы мне вярнулі, бо плаціць за цяганьне вёдраў на сваіх плячах падлеткі не павінны! Спачатку мне спрабавалі казаць, што „гэта выхаваўчы працэс“, аднак я сказаў, што ў дамове гаворыцца пра аплату выключна адукацыі. Урэшце „на бульбу“ не паехала ні мая сястра, ні іншыя „платнікі“. Магчыма, цяпер не павязуць ужо і „бясплатнікаў“, бо гэта яўнае марнаваньне ўжо не прыватных, а дзяржаўных сродкаў».

«Нашы дзеці — не рабы!»
«Нашы дзеці — не рабы!»

Паводле ўдзельнікаў дыскусіі, такі досьвед варта пашыраць з дапамогай СМІ і сацыяльных сетак, тлумачыць дарослым, што яны могуць адмовіцца ад прымусовай працы сваіх дзяцей. Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Юры Бельскі:

Юры Бельскі
Юры Бельскі

«Установы дзяржаўнай адукацыі наўрад ці пагодзяцца патлумачыць бацькам, што дырэктар школы або ягонае кіраўніцтва — не ўсёмагутныя. Найважней займацца тлумачальнай працай непасрэдна сярод бацькоў, якія баяцца спрачацца з настаўнікамі, каб не папсаваць адносіны, не нашкодзіць дзіцяці. Але яшчэ больш можна нашкодзіць, калі стаць для сына ці дачкі прыкладам згодніцтва і пасіўнасьці! Таму мы вырашылі зьвяртацца да бацькоў праз незалежныя СМІ і старонкі нашых аднадумцаў у сацсетках».

Дакумэнты, які будуць дасланыя полацкім уладам
Дакумэнты, які будуць дасланыя полацкім уладам

Удзельнікі дыскусіі накіруюць звароты да старшыні Полацкага райвыканкаму, каб па школах была распаўсюджана інфармацыя пра недапушчальнасьць прымусовай дзіцячай працы. Праваабаронцы распрацуюць адмысловую памятку для бацькоў, каб тыя ведалі, на якіх законных падставах яны могуць запярэчыць паездкам «на бульбу». Таксама актывісты зьвернуцца да полацкіх дэпутатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG